Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Эфір 1-га студзеня.

Беларусь уступае ў новы 2009 год з пачуцьцём трывогі і насьцярожанасьці. Як сусьветны эканамічны крызіс паўплывае на беларускую эканоміку? Што будзе зь беларускай сацыяльнай мадэльлю? Якіх зьменаў можна чакаць у замежнай палітыцы?

Удзельнікі: былы міністар працы Беларусі Аляксандар Сасноў, ганаровы старшыня Саюзу прадпрымальнікаў Беларусі Аляксандар Патупа і аглядальнік нашага радыё Віталь Цыганкоў.

Як сусьветны эканамічны крызіс паўплывае на беларускую эканоміку?

Валер Карбалевіч:
“Краіна перажывае цяпер няпросты час. Сусьветны эканамічны крызіс пачынае моцна ўплываць на Беларусь. Знакамітая беларуская стабільнасьць дала першую трэшчыну. Экспэрты прагназуюць, што пік крызісу прыпадзе на першае паўгодзьдзе гэтага году. Якіх маштабаў крызісных зьяў варта чакаць? Што будзе адбывацца ў беларускай эканоміцы?”

Аляксандар Сасноў: “Думаю, значнага ўплыву сусьветнага эканамічнага крызісу на Беларусь ня будзе, таму што Расея са сваім імпэрскім імпэтам ня дасьць Беларусі загінуць. Праблемы будуць, але нязначныя. Хоць Расея сама перажыве крызіс, але ў яе шмат грошай, каб падтрымаць Беларусь, бо гэта адзіны саюзьнік”.

Аляксандар Патупа:
“Усе краіны, у тым ліку Беларусь, жылі не па сродках. Вось у Беларусі 70—100% прыросту продажу новых замежных аўтамабіляў у год. Сёньня ў краіне 8 мільёнаў мабільных тэлефонаў. Гэта эўрапейскі ўзровень. Гэта было жыцьцё не па сродках. Эпоха танных грошай скончылася.

Ёсьць прынцыповая розьніца паміж захадамі ўладаў дзеля барацьбы з крызісам у краінах Захаду і ў Беларусі. У ЗША і краінах ЭЗ дзяржава падтрымлівае прыватны сэктар, каб ён стаў рухавіком выхаду з крызісу.

У Беларусі сытуацыя іншая. Гэта сытуацыя барона Мюнхгаўзэна, калі дзяржава выцягвае сама сябе. Бо ў Беларусі асноўная маёмасьць — дзяржаўная. А недзяржаўны сэктар — маленькі.

Думаю, будзе маштабная дэвальвацыя беларускага рубля. Будзе жорсткі рэжым эканоміі, скарачэньне працоўных месцаў, падзеньне заробкаў. Галоўная выснова: краіна павінна жыць па сродках”.

Карбалевіч: “Сп. Сасноў, вы кажаце, што вялікіх праблемаў ня будзе. Але яшчэ не надышоў пік крызісу, а беларускія ўлады ўжо просяць крэдытаў у розных краін і арганізацый. Калі палічыць у суме, то афіцыйны Менск просіць каля 12 мільярдаў даляраў крэдыту. Калі б сытуацыя не была крытычнай, то навошта прасіць такія грошы і ў ЗША, і ў МВФ, і ў Расеі?”

Сасноў:
“Эканамічная сыстэма, якая ўсталявалася ў Беларусі, патрабуе вонкавага падмацунку. Безь яго яна існаваць ня можа. Каб утрымаць свой электарат, патрэбная грашовая падтрымка. Беларусь атрымала льготны тарыф на расейскае паліва. І гэта дасьць магчымасьць рэжыму праіснаваць пэўны час. Думаю, што крах рэжыму адбудзецца не ў 2009 годзе”.

Катастрофы ня будзе

Віталь Цыганкоў: “Ніхто ня можа сказаць, калі закончыцца сусьветны крызіс. Магчыма, усе катастрафічныя і алярмічныя прагнозы не адпавядаюць рэальнасьці. Ня будзем узгадваць “вялікую дэпрэсію”, а ўзгадаем крызісы, якія адбываліся пры нашым жыцьці.

Вось дэфолт у Расеі 1998 году. Здавалася, эканоміка постсавецкіх краін таксама можа абрынуцца. Атрымалася ж, што праз год эканомікі пачалі расьці. Зразумела, паспрыялі вонкавыя чыньнікі, пачала расьці цана на нафту. Як бы там ні было, апошнія гады былі гадамі значнага эканамічнага росту.

Таксама быў азіяцкі крызіс, крызіс у Аргентыне. Тады здавалася, што гэтыя краіны будуць адкінутыя на дзесяцігодзьдзі назад. Але ўсе гэтыя краіны хутка аднавілі свой рост. Беларусь моцна залежыць ад вонкавых чыньнікаў. Ня думаю, што ў 2009 годзе нас чакае крах.

Але трэба рабіць пэўныя захады. Нават афіцыйныя эканамісты, скажам, сп. Лучанок, які працуе ў дзяржаўным Інстытуце эканомікі, сьцьвярджаюць, што трэба спыніць будаўніцтва жыльля за кошт крэдытаў — умоўна кажучы, спыніць будаўніцтва лядовых палацаў”.

Галоўная задача — утрымаць узровень жыцьця людзей

Цыганкоў:
“Галоўная задача ўладаў палягае ў тым, каб крызіс не адбіўся на ўзроўні жыцьця людзей. Лукашэнка паставіў задачу, каб у 2010 годзе сярэдні заробак быў 500 даляраў. Магчыма, з-за гэтага, нягледзячы на эканамічныя рэзоны, улады доўгі час ня важыліся на дэвальвацыю рубля. Бо тады ўсе гэтыя пляны абрынуцца.

Таму беларускія ўлады кінуліся браць крэдыты. Бо наперадзе прэзыдэнцкія выбары. Падаецца, што павышаць жыцьцёвы ўзровень у крызісным годзе ня ўдасца. Таму задача-максымум улады — ня зьнізіць гэты ўзровень.

І галоўная задача — выцягваць грошы з Расеі. Хоць шмат разоў афіцыйныя асобы Расеі казалі, што расейскі грант скончыцца, але ён хоць і зьменшыцца, аднак застанецца”.

Карбалевіч: “Вы кажаце пра спыненьне будаўніцтва жыльля, лядовых палацаў. Але пачынаюць будаваць АЭС, якая будзе каштаваць каля паўтара дзясятка мільярдаў даляраў”.

Сасноў: “Ужо пачалі зацягваць паясы. Спачатку павысілі тарыфную стаўку першага разраду. Потым высьветлілася, што давядзецца павышаць пэнсіі. А пэнсіянэраў у краіне 2,5 мільёна. Улады зразумелі, што бюджэт ня вытрымае такога павышэньня, і пайшлі назад, зьменшылі тарыфную стаўку першага разраду”.

Цыганкоў: “Лукашэнка пагадзіўся, што выдаткі бюджэту павінны быць зьменшаныя на 5 трыльёнаў рублёў (прыблізна 2,5 мільярда даляраў)”.

Эканамічная лібэралізацыя

Карбалевіч: “Улады абвясьцілі курс на эканамічную лібэралізацыю і дэбюракратызацыю. І адначасова шукаюць крэдыты па ўсім сьвеце ад Расеі да ЗША. Які ўплыў гэта зробіць на створаную ў Беларусі сацыяльную мадэль? Рэформы — гэта заўсёды рызыка. Ва ўсіх на памяці прыклад рэформаў Міхаіла Гарбачова і, галоўнае, іх фінал.

Магчыма, што лібэралізацыя далей за словы і ня пойдзе. А вось ці не зацягнецца на Беларусі ў выніку крызісу даўгавая пятля? Увогуле, ці можна чакаць, што пасьля крызісу беларусы апынуцца ў іншай краіне? У якой?”

Патупа: “Лібэралізацыі няма. Гэта толькі нейкі лёзунг. Улады раней шмат казалі пра лібэралізацыю. Можа, самы вядомы прыклад — гэта пэрыяд напрыканцы 2001 году. Але ў адміністрацыйна-каманднай сыстэме гайкі могуць спачатку адкручвацца, потым закручвацца.

Лібэралізацыя патрабуе палітычнага рашэньня. Трэба даць гарантыі прыватнаму бізнэсу. Увогуле патрэбна, каб нарматыўна-прававыя дакумэнты былі абгрунтаваныя. А ў нас 90% такіх дакумэнтаў ніяк не абгрунтаваныя ўвогуле. Як так можна кіраваць краінай? Таму і шмат памылковых рашэньняў. Я ведаю гэта не тэарэтычна. Ніхто больш, чым наш Саюз прадпрымальнікаў, ня меў кантактаў, не праводзіў дыскусій з прадстаўнікамі ўраду.

Што тычыцца расейскіх крэдытаў. Вось другая транша расейскага крэдыту прыпынена, патрэбна асобнае пагадненьне. Бо ў самой Расеі сур’ёзныя эканамічныя праблемы. Апошнія два месяцы эканамічны спад большы, чым у гады вайны.

Гэта тычыцца і атамнага праекту. Каб “Росатом” пачаў будаўніцтва беларускай АЭС, патрэбны крэдыт расейскага ўраду ў памеры 5—6 мільярдаў даляраў. Сёньня пра гэта ня можа быць гаворкі. Таму ўвесь гэты праект падвісае ў паветры”.

Вымушаная лібэралізацыя

Цыганкоў: “Ня варта быць максымалістамі. Нельга чакаць, што аўтамабіль, які нясецца зь вялікай хуткасьцю ў адзін бок, раптам разьвярнуўся ў адваротны бок. Такі паварот будзе павольным.

Так, сапраўднай лібэралізацыі няма. Але думаю, што ва ўладаў ёсьць такое жаданьне. Яно ўзьнікла пад уплывам крызісу. Але гэтая справа для іх новая. Ранейшыя абяцаньні лібэралізацыі былі перадвыбарчымі, таму каньюнктурнымі.

Цяпер крызіс вымушае да лібэралізацыі. Ва ўмовах скарачэньня працоўных месцаў трэба даць людзям эканамічную свабоду, каб яны маглі сябе пракарміць.

Існуе кадравая праблема. Ці здольныя людзі, якія працуюць у эканамічных ведамствах, рабіць рэформы? Лукашэнка не хацеў дасюль выкарыстоўваць незалежных, апазыцыйных адмыслоўцаў. Але менавіта яны лепш ведаюць пра рынкавую эканоміку”.

Патупа: “Усё, што цяпер робяць улады, — гэта пад уплывам патрабаваньняў МВФ: зьніжэньне заробкаў, падвышэньне камунальных плацяжоў і інш.”

Цыганкоў: “Задачу выйсьці ў 30 лепшых краінаў па інвэстыцыйным клімаце была пастаўлена Лукашэнкам яшчэ вясной, калі перамовы з МВФ яшчэ не вяліся”.

Карбалевіч: “Наконт кадраў. Калі цяперашнія кадры ня могуць праводзіць рэформы, то іх жа можна лёгка замяніць. Напрыклад, можна прызначыць таго ж Раманчука міністрам прыватызацыі ці эканамічных рэформаў. Урэшце, можна запрасіць дарадцаў з-за мяжы. Была б палітычная воля”.

Сасноў: “Пад словам “лібэралізацыя” розныя людзі разумеюць розныя рэчы. Пры сапраўднай лібэралізацыі трэба дзяліцца ўладай. А ў Беларусі дзяліцца ўладай ніхто не зьбіраецца. Сёньняшняе кіраўніцтва імкнецца толькі захаваць сваю ўладу. Таму лібэралізацыя калі і будзе, то толькі частковая”.

Зьмены ў замежнай палітыцы

Карбалевіч: “Пэўныя зьмены чакаюцца і ў замежнай палітыцы. Мінулым годам Беларусь пачала дыялёг з ЭЗ, спрабавала дыстанцыявацца ад Расеі і балянсаваць паміж Усходам і Захадам. Але ў выніку тых вялізных крэдытаў, якія Менск ужо ўзяў і зьбіраецца браць у Расеі, у прыватнасьці на будаўніцтва АЭС, залежнасьць ад усходняга суседа ўзрасьце. Дык ці ўдасца балянсаваць? Вось Лукашэнка заявіў, што давядзецца прызнаваць незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Але ці ўдасца ў такім разе працягваць дыялёг з Захадам? У красавіку ЭЗ давядзецца прымаць важнае рашэньне наконт канчатковага скасаваньня візавых санкцыяў адносна найвышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў. Дык чаго можна чакаць у замежнай палітыцы?”

Цыганкоў: “Балянсаваньне паміж Усходам і Захадам — гэта стратэгічная мэта кіраўніцтва Беларусі. Цяпер яно патрэбна Лукашэнку, як ніколі раней.

Таксама вырасла значнасьць Беларусі для палітыкі Захаду. Пра гэта сьведчыць прыпыненьне санкцый ЭЗ адносна беларускіх кіраўнікоў, нягледзячы на традыцыйна праведзеныя выбары ў Палату прадстаўнікоў.

У красавіку ЭЗ павінен прымаць рашэньне наконт канчатковага спыненьня санкцый. Можна на 99% прагназаваць, што гэтыя санкцыі ня будуць працягнутыя. Бо ЭЗ узяў курс на ўцягваньне Беларусі ў эўрапейскія працэсы, незалежна ад таго, што адбываецца ў самой Беларусі.

Адбываецца такая геапалітычная гульня. Беларусь робіць выгляд, што праводзіць дэмакратызацыю. А ЭЗ робіць выгляд, што ў гэта верыць. Відавочна, палітычная сыстэма Беларусі не зьмяняецца”.

Паміж Усходам і Захадам

Сасноў: “Балянсаваньне Беларусі паміж Усходам і Захадам грунтуецца на выгадзе. Крэн у той ці іншы бок залежыць ад таго, ці будзе ад гэтага эканамічная выгада. Такая палітыка дазваляе ўжо другое дзесяцігодзьдзе карміцца за кошт Расеі. Але гэтая палітыка беспэрспэктыўная. Бо так доўга жыць нельга. Трэба разьлічваць на свае рэсурсы, а не чакаць, што нейкі дзядзька з Усходу ці Захаду будзе карміць. Але створаная цяпер у Беларусі эканамічная сыстэма бяз вонкавай падтрымкі ня можа выжыць”.

Патупа: “Палітыка балянсаваньня паміж рознымі цэнтрамі сілы — гэта нармальная палітыка. Так робяць усе краіны. Мы ня маем сяброў, але маем нацыянальныя інтарэсы.

Але праблема ў тым, што ліквідацыя кантрольна-карэкцыйных мэханізмаў унутры краіны ўплывае і на замежную палітыку. Як толькі ўзьнікае пытаньне пра нейкі кантроль за палітыкай беларускіх уладаў, дамовы спыняюцца.

Гэта адбілася на дачыненьнях з Расеяй. Пуцін — гэта прафэсійны кантралёр, як па адукацыі, так і па былым месцы працы. А Лукашэнка — прафэсійны змагар з усімі формамі кантролю. Гэта абсалютная псыхалягічная апазыцыя. Таму ніякі саюз немагчымы.

Яшчэ адна праблема. Узяць уладу — сур’ёзная справа. Утрымаць уладу — яшчэ больш сур’ёзная справа. А на трэцім этапе ўзьнікае праблема перадачы ўлады. І вось пасьля 2006 году мы ўвайшлі ў гэты вельмі цікавы этап. А гэта патрабуе нейкіх іншых адносінаў з Захадам. Але праблема ў тым, што ў ЭЗ ніколі не было аналітычнай мадэлі дачыненьняў зь Беларусьсю. Ня будзе яе і ў 2009 годзе”.

Карбалевіч: “Мне падаецца, што такой праблемы, як перадача ўлады, сёньня проста няма”.

Патупа: “Гэта ня ёсьць праблема Лукашэнкі. Гэта ёсьць праблема ўсёй яго намэнклятурнай групы”.

Апазыцыя ў 2009 годзе

Карбалевіч: “Пэўныя выклікі ўзьнікнуць і перад апазыцыяй. Курс уладаў на лібэралізацыю, дыялёг з Захадам патрабуе зьменаў у тактычных і нават стратэгічных пазыцыях дэмакратычных сілаў. А эканамічны крызіс, непазьбежны рост пратэстных настрояў дае новыя шанцы апазыцыі. Ці ўдасца захаваць яе цяперашнюю? Акрамя таго, 2009 год — апошні год перад прэзыдэнцкімі выбарамі, выбарчая кампанія адбудзецца ў канцы 2010 году. Паўстае праблема, якую стратэгію абраць апазыцыі ў гэтай кампаніі: магчыма, выбар адзінага кандыдата. Якія прагнозы наконт дзейнасьці апазыцыі?”

Сасноў: “Думаю, частка апазыцыі будзе імкнуцца вылучыць адзінага кандыдата са сваіх колаў. Але будуць і іншыя групоўкі, якія паспрабуюць прасоўваць сваіх кандыдатаў”.

Патупа:
“Нашай апазыцыі трэба пачынаць усё спачатку, з нуля. Яна ніколі ня мела сур’ёзнай стратэгіі. Справа зусім ня ў выбары адзінага кандыдата. На выбарах, дзе Цэнтравыбаркам узначальвае Ярмошына, апазыцыя ніколі не пераможа. Трэба было стварыць другую па значнасьці сілу ў краіне, якая магла б уплываць на палітыку. А цяпер апазыцыя па-за палітыкай, бо яна ні на што не ўплывае, яна стала не суб’ектам, а аб’ектам палітыкі. Гэта дысыдэнцтва”.

Карбалевіч: “Ці магчыма ў прынцыпе, каб ва ўмовах жорсткага аўтарытарнага рэжыму апазыцыя магла быць суб’ектам палітыкі?”

Цыганкоў: “Сапраўды, ці вінаватая апазыцыя ў сваім сёньняшнім стане? Можа, такі сёньня аб’ектыўны стан беларускага грамадзтва. 2009 год будзе праходзіць пад знакам крызісу і падрыхтоўкі да выбараў. Верагодны такі сцэнар, што некаторыя партыі і лідэры будуць дзейнічаць паводле прынцыпу: не даганю, дык хоць сагрэюся. І, лічачы, што перамагчы немагчыма, плюнуць на ўсялякія агульныя дамоўленасьці, будуць вырашаць свае задачы.

Нельга сказаць, што крызіс адназначна ёсьць патэнцыял для ўзмацненьня апазыцыі. Не канечне людзі будуць шукаць выхаду з крызісу на вуліцах, у палітычных партыях. Верагодна, яны будуць імкнуцца не зьмяніць сытуацыю, а прыстасавацца да яе”.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG