Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэвальвацыя рубля як эканамічны землятрус?


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Эфір 2 студзеня.

З 2 студзеня адбылася дэвальвацыя беларускага рубля на 20,5%. Ці можна гэта лічыць прыкметай банкруцтва эканамічнай палітыкі ўладаў? Як гэта адб’ецца на даверы насельніцтва да кіраўніцтва дзяржавы? Якіх сацыяльна-эканамічных наступстваў дэвальвацыі варта чакаць?

Удзельнікі: былы старшыня праўленьня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч і дырэктар зарэгістраванага ў Літве Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Віталь Сіліцкі.

Чаму адбылася дэвальвацыя?

Валер Карбалевіч: “Тое, пра што доўгі час гаварылі амаль усе незалежныя эканамісты, здарылася ў першы дзень новага году. Найперш — пытаньне з эканамічнай тэорыі. Калі нацыянальная валюта аднамомантна дэвальвуецца на 20%, то гэта што азначае? Гэта прыкмета крызісу, банкруцтва эканамічнай палітыкі ўладаў, разбурэньня міту пра стабільнасьць? Ці гэта нармальная, звычайная зьява, і нічога тут надзвычайнага няма?”

Станіслаў Багданкевіч:
“Дэвальвацыю нацыянальнай валюты ў адміністратыўнай эканоміцы, якая існуе ў Беларусі, нельга назваць крахам. У рынкавай эканоміцы, дзе абменны курс вызначаецца попытам і прапановай, дэвальвацыя адбываецца паступова і пастаянна. У нас яна стала адлюстраваньнем неэфэктыўнай эканамічнай мадэлі, правальнай эканамічнай палітыкі рэжыму Лукашэнкі”.

Віталь Сіліцкі: “Дэвальвацыя адбываецца ў выніку таго, што попыт на замежную валюту перавышае прапанову. Гэта здараецца тады, калі эканоміка і грамадзтва жывуць не па сродках, жывуць лепш, чым зарабляюць. Розьніца аплачвалася імпартам. У выніку ўзьнік дэфіцыт плацёжнага балянсу, дэфіцыт замежнай валюты.

Эканамічная палітыка сапраўды была няправільнай. Але ж спажывала ўсё грамадзтва. Каб вярнуцца да жыцьця па сродках, можна было альбо зрэзаць заробкі, альбо зрэзаць кошт грошай з дапамогай дэвальвацыі”.

Улады падманулі насельніцтва

Карбалевіч: “Магчыма, галоўнае пытаньне, якое ўзьнікае ў зьвязку з гэтай дэвальвацыяй, — гэта пытаньне даверу да ўладаў. Кіраўніцтва Нацбанку на чале са сп. Пракаповічам амаль празь дзень запэўнівалі насельніцтва, што стабільнасьць курсу — гэта галоўнае дасягненьне ўладаў і што такая палітыка будзе працягвацца. Сам Лукашэнка ў нядаўнім інтэрвію дзяржаўным мэдыям пахваліў грамадзян за давер да ўладаў, за тое, што яны не здымаюць грошы са сваіх рублёвых дэпазытаў, і сказаў, што МВФ патрабуе дэвальвацыі толькі на 10%. Атрымліваецца, калі казаць проста, што ўлады ашукалі насельніцтва, скарысталі яго давер, правёўшы падчас навагодніх сьвятаў дэвальвацыю”.

Багданкевіч: “Згодзен з вашымі аргумэнтамі. І я быў уведзены ў зман абяцаньнямі ўладаў. Я лічыў, што калі МВФ і Расея даюць крэдыты, то была магчымасьць праводзіць дэвальвацыю павольна, паступова.

Яшчэ ў навагоднім віншаваньні Лукашэнка казаў пра Беларусь як востраў стабільнасьці, маўляў, у нас расьце валавы прадукт і інш. І вось Нацбанк абвальвае курс на 20,5%. Зразумела, гэта ўдар па іміджы ўлады”.

Сіліцкі:
“Не пагаджуся са сп. Багданкевічам. Адмыслоўцы ведалі пра дэвальвацыю. Валютны курс рубля пераацэньваўся ўжо шмат гадоў і трымаўся толькі дзякуючы нафтавай рэнце. Пасьля таго як абваліліся ўкраінская грыўна, расейскі рубель, прэсінг на беларускі рубель павялічыўся, наша прадукцыя на зьнешніх рынках рабілася неканкурэнтаздольнай. І было ясна, што дэвальвацыя непазьбежная.

Тут ёсьць сацыяльна-палітычная праблема. Тыя, хто ня верыць кіраўніку дзяржавы, прагназавалі дэвальвацыю і прыстасаваліся да яе. Пацярпелі тыя, хто якраз верыць Лукашэнку, глядзіць толькі БТ”.

Ці быў іншы варыянт?

Сіліцкі: “Так, Лукашэнка трошкі падмануў народ, дакладней, тых, каго можна падмануць. Але перад уладамі стаяла складаная дылема. Калі б яны казалі праўду, насельніцтва пачало б набег на банкі з усімі адмоўнымі наступствамі. Напрыклад, падчас нафтагазавай вайны на мяжы 2006—2007 гадоў напужаны народ пачаў забіраць свае банкаўскія ўклады, і была страчана трэць золатавалютных запасаў. Той сцэнар, які цяпер рэалізавалі ўлады, непапулярны, але ня самы горшы.

Ці маглі прыцягнутыя крэдыты вырашыць праблему дэфіцыту валюты? Справа ў тым, што каб прадухіліць дэвальвацыю, трэба было не 3—4 мільярды даляраў, а 8 мільярдаў. А такіх грошай няма. Таму дэвальвацыя была непазьбежная.

Стабільнасьць абменнага курсу была асновай сацыяльнага кантракту паміж грамадзтвам і ўладай. Цяпер стала ясна, што ўлады гэты кантракт ня могуць вытрымаць”.

Багданкевіч: “Безумоўна, дэвальвацыя даўно насьпела, яе трэба было рабіць год таму. Ва ўмовах, калі на 1 сьнежня 2008 году перавышэньне імпарту над экспартам у гандлі таварамі склала 5,4 мільярды даляраў, дэвальвацыя была непазьбежнай.

Але я не падзяляю думкі, што ва ўладаў не было іншага выйсьця, як у адзін момант абваліць курс на 20,5%. Быў варыянт паступовай, расьцягнутай у часе дэвальвацыі, як гэта адбываецца ва Ўкраіне і Расеі. І гэтая дэвальвацыя стабілізуе сытуацыю толькі на першы квартал. Далей усё будзе залежаць ад таго, якая будзе выручка ад экспарту”.

Эканамічныя наступствы дэвальвацыі

Карбалевіч: “Цяпер пра сацыяльна-эканамічныя наступствы дэвальвацыі. Звычайна пры дэвальвацыі экспартэры выйграюць, а імпартэры прайграюць. Ці павысіць яна канкурэнтаздольнасьць беларускай прамысловасьці, ці не? Ці выправіць яна адмоўнае сальда замежнага гандлю? Можа, цяпер Нацбанку спатрэбіцца траціць менш валюты, каб утрымаць валютны курс?”

Багданкевіч: “Імпарт тавараў скароціцца. А экспартэры выйграюць. Праблема ў тым, што ў Беларусі няма фінансавага крызісу. У нас ёсьць крызіс эканамічны. Ён выкліканы звышзатратнай, звышэнэргаёмістай, звышымпартаёмістай эканомікай”.

Сіліцкі: “Калі тэмпы інфляцыі будуць перавышаць тэмпы дэвальвацыі, то рэальны абменны курс рубля можа не панізіцца, а яшчэ і падвысіцца. І гэта можа прывесьці да абвастрэньня праблемы замежнагандлёвага балянсу. Таму пакуль незразумела, ці хопіць гэтых 20,5%, каб выправіць сытуацыю з балянсам.

Пагаджуся са сп. Багданкевічам у тым, што ў нас праблема са структурай эканомікі, а ня толькі зь фінансамі. Цяжка проста так скараціць спажываньне з нашай інфраструктурай. Дзеля вырашэньня праблемы трэба пачынаць цэлы комплекс непапулярных рэформаў. А палітычная воля да гэтага слабая.

Вельмі важна, што дэвальвацыя адбылася пад ціскам МВФ. Гэта была ўмова выдзяленьня крэдыту. Гэта значыць, што мы “здаліся” таму самаму цывілізаванаму сьвету, за якім мы не хацелі ісьці. Каб уцячы ад залежнасьці ад Расеі, мы пайшлі на паклон да таго самага, як казаў калісьці Лукашэнка, “жульля МВФ”, за супрацоўніцтва зь якім беларускі кіраўнік дакараў Расею. Паколькі крэдыт выдзяляецца, то гэта значыць, што беларускія ўлады далі гарантыі правядзеньня рэформаў. Можа, гэта адзіная пазытыўная выснова зь цяперашняга рашэньня”.

Сацыяльныя наступствы дэвальвацыі

Карбалевіч: “А якіх сацыяльных наступстваў варта чакаць? Ці пабягуць людзі ў банкі здымаць беларускія рублі? Ці азначае дэвальвацыя, што аўтаматычна ўсе заробкі зьмяншаюцца на 20%? Ці пачнуць расьці цэны?”

Багданкевіч: “Думаю, людзі масава не пабягуць у банкі здымаць свае ўклады. Бо ў нас няма іншых інструмэнтаў захаваньня грошай, акрамя банкаў.

Але для большасьці нашых грамадзянаў галоўнае — не абменны курс, а цэны ў крамах і на рынках. Калі ва ўсім сьвеце цэны зьніжаюцца, то ў нас яны будуць расьці. Гэта зьвязана з звышзалежнасьцю ад імпарту энэрганосьбітаў і сыравіны, няразьвітасьцю малога і сярэдняга бізнэсу. Заробкі і даходы людзей вызначаюцца ўнутраным рынкам, а не валютным курсам. Вонкавыя цэны будуць уплываць толькі ўскосна. То бок пакуль падзеньня даходаў на 20% не адбудзецца. Але, безумоўна, жыцьцёвы ўзровень будзе пагаршацца.

Дэвальвацыя была патрэбная. Але толькі яна адна не вырашае праблему. Таксама патрэбна лібэралізацыя, дэбюракратызацыя, абмежаваньне грашовай масы і крэдытаваньня”.

Сіліцкі:
“Найбольш пацярпяць тыя, хто жыве выключна за беларускія рублі. Таксама пацярпяць тыя, хто больш купляе імпартных тавараў. (Праўда, усе так ці інакш спажываюць імпартныя тавары ў выглядзе энэргарэсурсаў, хоць і ўскосна). Напрыклад, паездкі за мяжу, купля шэнгенскай візы адразу падаражэюць на 20%.

Беларускія тавары не падаражэюць адразу на 20%, але падаражэньне будзе, бо яны выпрацоўваюцца таксама з выкарыстаньнем імпартнай сыравіны, энэргарэсурсаў.

Ці ўдасца доўга ўтрымліваць новы валютны курс? У мяне вялікі пэсымізм. Ва ўсялякім разе, для гэтага спатрэбіцца браць новыя крэдыты”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG