Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая складанка беларускіх хрысьціянскіх хітоў


Выйшаў у сьвет другі альбом з сэрыі “Беларускі Хрысьціянскі Хіт”. Выдаўцы, сябры аргкамітэту дзеля стварэньня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, лічаць, што менавіта цяпер адчуваецца неабходнасьць у беларускамоўных хрысьціянскіх сьпевах розных канфэсіяў. Альбом карыстаецца попытам і ўжо мае вялікі камэрцыйны посьпех.

Адабраныя песьні для альбому “Беларускі Хрысьціянскі Хіт — 2” спачатку праходзяць ратацыю ў дзесяці хрысьціянскіх фокус-групах — каталіцкай, праваслаўнай, грэка-каталіцкай, баптысцкай ды іншых.

Адбор, зроблены слухачамі, даў падставы для стварэньня сэрыі альбомаў, сярод якіх
  • “Беларускі Калядны Хіт”,
  • “Бардаўскі Хрысьціянскі Хіт”,
  • “Беларускі Хрысьціянскі Рок”,
  • “Беларускі Хіт Пілігрыма”,
  • “Беларускі Літургічны Сьпеў”.

Паводле канцэпцыі другі альбом “Беларускага Хрысьціянскага Хіту”, як і ўсе іншыя пачынаецца з адной з вэрсіяў нацыянальнага гімну “Магутны Божа”, а завяршаецца сьпеўнай малітвай “Ойча наш”.

Першы альбом “Беларускі Хрысьціянскі Хіт” карыстаўся такім попытам, што яго давялося перавыдаваць.
Першы альбом “Беларускі Хрысьціянскі Хіт” карыстаўся такім попытам, што яго давялося перавыдаваць.

Сустаршыня аргкамітэту дзеля стварэньня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец апавёў “Свабодзе”:

“Вельмі шмат шэдэўраў як у музычным так і ў тэкставым пляне былі народжаныя ў ізаляваных царкоўных асяродках і не выходзілі ня тое, што на нацыянальны ўзровень, а проста на шырокую публіку. Нам удалося іх сабраць і ў некалькіх дысках прадставіць усёй Беларусі.

Гэта прарыў у нацыянальным Адраджэньні і нас вельмі цешыць, што гэты прарыў ідзе сярод вернікаў. Вельмі шмат у якіх цэрквах беларускасьць запатрабаваная нават болей, чым сярод моладзі, болей, чым сярод прадпрымальнікаў, болей, чым сярод інтэлігенцыі ў шэрагу выпадкаў“.

У другі альбом увайшлі песьні праслаўленьня, якія выконваюць падчас набажэнстваў. Выканаўцы — барды Алеся Ўнукоўская і Андрэй Мельнікаў, гурты “Тэзаўрус”, “Псальмяры”, “DVA”, “Небасхіл”, Кадаш“.

Кампазытары напісалі музыку на словы Андрэй Мельнікаў і інака Мікалая (Бембеля).

Адна з распаўсюджвальнікаў альбому Валянціна Шычко: “У першым дыску было больш папулярнай музыкі. А тут большая частка такіх сьпеваў, якія сьпяваюць у царкве. Хаця, магчыма, і не царкоўным людзям цікава. Хаця дыск больш зарыентаваны на тых, хто ў царкве, на вернікаў. Я ня чула, каб нехта сказаў, што дыск не спадабаўся. Большасьць дыскаў разыходзіцца сярод каталікоў і пратэстантаў“.

Замовіць дыск можна замовіць, зьвярнуўшыся на электронны адрас bhh@tut.by.

Сябры аргкамітэту БХД паведамілі, што ў сьнежні зьявіцца трэці альбом “Беларускага Хрысьціянскага Хіта” — “Хрыстос нарадзіўся!”. У альбоме будуць сабраныя лепшыя беларускамоўныя хіты на Раство.
XS
SM
MD
LG