Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БХД: “Палітычная дзейнасьць – адно з пакліканьняў, якое Бог дае чалавеку”


Кастусь Бандарук, Прага Новая перадача сэрыі “Сымбаль веры”. Эфір 17 лістапада.

6 лістапада ў Менску адбылася навукова-практычная канфэрэнцыя, прысьвечаная 80-й гадавіне Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Падчас канфэрэнцыі былі агучаныя зьвесткі пра стан падрыхтоўкі да аднаўленьня гэтага руху, да стварэньня сучаснай партыі хрысьціянскіх дэмакратаў. Пра гэта – сёньняшняя гутарка зь сябрамі аргкамітэту Паўлам Севярынцам, Аляксеем Шэіным і Віталём Рамашэўскім.

Бандарук: “Пачну з пытаньня да старшыні аргкамітэту Паўла Севярынца. На якім этапе знаходзіцца падрыхтоўка да стварэньня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі?”

Севярынец: "Мы тыдзень таму падалі дакумэнты на рэгістрацыю грамадзкага аб''яднаньня. Зараз рыхтуемся да рэгістрацыі партыі.

Ілюзіяў наконт рэгістрацыі ў нас няма, але падаваць трэба, бо гэта і досьвед, гэта і спроба існаваць як бы юрыдычна ў працэсе рэгістрацыі. На дадзены момант ініцыятыўныя групы аргкамітэту па стварэньні БХД ёсьць ужо ў больш чым 50-ці гарадох Беларусі. У асноўным яны грунтуюцца на верніках розных канфэсіяў і на беларускіх патрыётах".

Бандарук: “Хрысьціянская дэмакратыя – плынь у палітыцы і грамадзкай думцы, які сфармавалася ў канцы 19-га стагодзьдзя ў якасьці адказу на атэістычны сацыялізм, скрытыкаваны папам Лявонам 13-м у энцыкліцы “Rerum Novarum”.

Назоў “хрысьціянскія дэмакраты” ўпершыню быў ужыты ксяндзом Антуанам Пацьерам. Каталіцкія герарахі ўсьвядомілі, што яны могуць страціць уплыў на рабочых, калі ім ня будзе прапанаваная альтэрнатыўная палітычная дактрына заміж сацыялізму.

Дактрына хрысьцьянскіх дэмакратаў абапіралася на сацыяльную навуку Царквы і на філязафічны накірунак, званы “пэрсаналізмам”. З пункту погляду хрысьціянскай дэмакратыі, чалавек зьяўляецца неад''емным элемэнтам большых супольнасьцьяў, зь якіх галоўныя – сям''я, мясцовая супольнасьць, народ, рэлігійныя, культурныя і прафэсійныя згуртаваньні. А ў чым адметнасьць Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі?”

Шэін: “Што тычыцца ідэйнай праграмы Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, то для нас найважнейшымі рэчамі зьяўляюцца дзьве: гэта хрысьціянскія прынцыпы і беларускі патрыятызм.

Безумоўна, маральныя хрысьціянскія каштоўнасьці – гэта другі кутні камень. Мы лічым, што маральныя хрысьціянскія каштоўнасьці, якія правераныя стагодзьдзямі, у тым ліку і беларускай гісторыяй, павінны быць ня толькі праведзеныя праз палітыку, але павінны быць унесеныя ў саму палітыку".

Хрысьціянскія дэмакраты высока цэняць працу, прыватную ўласнасьць, салідарнасьць і адказнасьць. Выказваюцца за агульнае дабро, супраціўляюцца клясаваму эгаізму, крытыкуюць спажывецкі лад жыцьця, пагоню за нажывай, якая вядзе да скажэньня і дэградацыі чалавечай годнасьці. Інакш кажучы, палітыка павінна быць больш гуманнай.

Рамашэўскі: "Палітыка павінна грунтавацца на хрысьціянскіх каштоўнасьцях, таксама як і іншае жыцьцё чалавека. Таму, што хрысьціянства – гэта ня толькі рэлігія, гэта жыцьцё. Чалавек ня можа быць хрысьціянінам толькі ў Царкве, і калі выйдзе адтуль, у сям''і, ці ў бізнэсе, чым бы ён ні займаўся, хаця б і палітыкай, ён ня можа быць кімсьці іншым. Прынамсі, ён павінен імкнуцца быць хрысьціянінам паўсюль.

Таму мы лічым, што законы Рэспублікі Беларусь павінны не супярэчыць біблейскім законам, а наадварот, браць адтуль крыніцу натхненьня, не пярэчыць запаведзям Хрыста".

Паводле першапачатковай дактрыны хрысьціянскіх дэмакратаў, падмуркам паводзінаў павінны быць маральныя каштоўнасьці, як абсалютныя, якія не падлягаюць рэлятывізацыі.

Для хрысьціянскіх дэмакратаў істотнай каштоўнасьцю зьяўляецца сам чалавек, створаны на вобраз і падабенства Божае, адораны свабодай, сьвядомасьцю і элемэнтарнымі правамі, зь якіх на першым месцы – права на жыцьцё з моманту пачацьця да натуральнай сьмерці, павага да жыцьця і інстытуту сям''і.

Севярынец: "Увогуле, ідэя хрысьціянскай дэмакратыі – гэта ідэя будаваньня палітыкі на прынцыпах, якія дадзеныя чалавеку Богам: прынцыпах свабоды, адказнасьці, прынцыпах пэрсаналізму, увагі да ўнікальнага чалавека, гэтак сама прынцыпах салідарнасьці і маральнасьці. Маральнасьць у палітыцы – гэта і ёсьць стрыжань ідэі хрысьціянскай дэмакратыі ў сёньняшняй Беларусі, якая была разбураная 70-цю гадамі панаваньня камунізму і 13-цю гадамі рэжыму, які хлусіць, трымаецца на страху, на гвалце, на нянавісьці.

Вельмі патрэбнае маральнае адраджэньне. Без маральнай базы перамены асуджаныя на правал. Таму ў якасьці гэтай маральнай базы мы прапануем прыцягнуць да грамадзкай дзейнасьці і да палітыкі дзясяткі тысяч вернікаў, якія склалі б вось гэтую самую маральную базу, гэтую аснову для пераўтварэньняў.

Нам насамрэч зараз патрэбныя ня правільна геапалітычна арыентаваныя людзі, напрыклад, праэўрапейцы, і нават патрэбныя не прафэсіяналы, а проста сумленныя людзі, бо ўсё чынавенства, уся ўлада, пачынаючы зь месцаў і завяршаючы наверсе, трымаецца якраз такі на хлусьні, на нянавісьці, на гвалце. Але Гасподзь стварыў гэты сьвет на прынцыпах веры, любові, праўды і свабоды".

Большасьць сучасных хрысьціянска-дэмакратычных партый, якія сфармаваліся за апошнія 60-гадоў, кіравалі, кіруюць, альбо адыгрываюць значную ролю на палітычнай сцэне Італіі, Нямеччыны, Аўстрыі, Бэльгіі, Галяндыі і Швайцарыі. Аднак паступова яны адышлі ад сваіх каталіцкіх каранёў, пайшлі на зьбліжэньне з пратэстантызмам і сталіся міжканфэсійнымі. Яны наагул неахвоча падкрэсьліваюць лучнасьць зь якой-небудзь гіерархічнай Царквою, хаця і прызнаюць наяўнасьць духоўнага элемэнту ў жыцьці, імкнуцца як мінімум да ўдасканаленьня грамадзтва. Ці па гэтым шляху ідуць і беларускія хрысьціянскія дэмакраты?

Рамашэўскі: "У Беларусі ёсьць асаблівыя ўмовы, – напрыклад шматканфэсійнасьць. Адметнасьць нашай партыі ў тым, што яна не-канфэсійная. У Нямеччыне, напрыклад ёсьць дзьве партыі, і яны падзеленыя па канфэсійнай прыкмеце. У адной традыцыйна больш пратэстантаў, а ў другой – больш каталікоў. Адзін з нашых прынцыпаў такі, што структура нашай партыі не павінна стварацца па канфэсійнай прыкмеце. У нас забаронена стварэньне структураў паводле веравызнаньня, таму што дзьве хрысьціянскія дэмакратыіі, адна праваслаўная, а другая каталіцкая ці пратэстанцкая, – гэта для Беларусі зло. Мы так лічым, і ў гэтым наша істотная адметнасьць".

У палітыцы і эканоміцы хрысьціянскія дэмакраты аддаюць перавагу дэмакратыі, з акцэнтам на мясцовае самакіраваньне. Гэта вельмі моцна адчуваецца ў Швайцарыі. У галіне эканомікі хрысьціянскія дэмакраты зьяўляюцца аўтарамі канцэпцыі “сацыяльнай, рынкавай эканомікі” з прыватнай уласнасьцю, але і з пэўнай апекай дзяржавы над маламаёмаснымі і найменей абароненымі катэгорыямі грамадзтва.

Гэта вельмі актуальна для Беларусі менавіта цяпер, калі многія беларусы пратэстуюць супраць скасаваньня льготаў. Прынцыпаў салідарнасьці зь беднымі і неабароненымі, у прыватнасьці, прытрымліваюцца нямецкія хрысьціянскія дэмакраты з партыі CDU, аднак ня ўсе хрысьціянскія дэмакраты падзяляюць іх у аднолькавай ступені.

Севярынец: "Ёсьць вялікая розьніца паміж заходнеэўрапейскай, лацінаамэрыканскай і ўсходнеэўрапейскай хрысьціянскай дэмакратыяй. Палягае яна ў тым, што Лацінская Амэрыка мае левую хрысьціянскую дэмакратыю, больш такую сацыялістычную, якая ў асноўным трымаецца на прынцыпе справядлівасьці родам зь Бібліі, і там хрысьціянскія дэмакраты – лева-цэнтрысцкія.

У Заходняй Эўропе гэта хутчэй набор традыцыяў амаль без адносінаў да Бібліі і да хрысьціянства. Там вернікі складаюць не асноўную частку людзей, якія галасуюць за хрысьціянскіх дэмакратаў.

Але вось ва Ўсходняй Эўропе ў апошні час назіраецца моцны хрысьціянскі рэнэсанс, і менавіта біблейскія прынцыпы складаюць аснову палітыкі хрысьціянскіх дэмакратаў. Менавіта вернікі складаюць асноўны корпус тых, хто падтрымлівае хрысьціянскую дэмакратыю".

Герархічныя цэрквы (як мінімум – праваслаўная і каталіцкая) выразна падкрэсьліваюць, што яны па-за палітыкай. Сьвятары ня могуць быць адначасова сьвятарамі і палітыкамі, нават дэпутатамі парлямэнту ці мясцовых саветаў. Непасрэдны ўдзел у палітыцы міжвольна цягне за сабою тыповую міжпартыйную барацьбу, узаемную крытыку, паклёпы, інтрыгі і нават паліваньне брудам. Некаторыя лічаць, што наагул палітыка – брудная справа, і не выпадае яе блытаць зь верай і тым, што зь веры выплывае.

Шэін: "Сапраўды, існуе меркаваньне, што палітыка – брудная справа і займацца ёю як бы ня варта. Але мы перакананыя, што палітычная дзейнасьць – гэта адно з пакліканьняў, якое Бог дае чалавеку, адно са служэньняў людзям. Брудную палітыку, ці эканоміку, культуру робяць брудныя людзі, а чым больш людзей з высокімі маральнымі стандартамі будзе прыходзіць у палітычную, эканамічную, культурную дзейнасьць, тым лепш будзе ўсім.

Я нагадаю, што, напрыклад, у 16-м стагодзьдзі, калі ўзьнікалі першыя беларускія пратэстанцкія цэрквы, то прапаведнікі ў гэтых цэрквах, зборах, называліся міністрамі. Менавіта слова "міністар", калі паглядзець на яго лацінскі сэнс, азначае "слуга", "служыцель". Гэта ўвогуле правільны падыход да палітычнай дзейнасьці. Сапраўды, чым вышэйшага рангу палітык, тым больш ён павінен служыць людзям. Не на словах і не ўпіваючыся ўладай, а сваё жыцьцё прысьвячаць людзям.

У прыпавесьцях Саламона ёсьць такая цытата, што " калі памнажаюцца праведнікі, то весяліцца народ, а калі пануюць ганебныя людзі, то народ плача”. Сапрыўды, чым больш людзей з высокімі маральнымі стандартамі, з хрысьціянскімі каштоўнасьцямі будзе на дзяржаўных пасадах, тым лепш будзе ўсёй краіне".
XS
SM
MD
LG