Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Званкі на Свабоду: “Права на здароўе дыскрэдытаванае”


Агляд тэлефанаваньняў на ”Свабоду” за 11 сьнежня, чацьвер.

Прадстаўнікі дэмакратычнага руху Беларусі адзначылі Ўсясьветны дзень правоў чалавека вулічнымі акцыямі і імпрэзамі. Міліцыянты затрымалі дзясяткі чалавек. Многія сьцьвярджаюць, што ў міліцыі іх зьбівалі. Камэнтар слухача:

Андрэй, Быхаў: “Б’юць і саджаюць на шпагат таму, што ім Навумаў казаў: у паніжэньні вашых заробкаў вінаватая апазыцыя”.

У Беларусі прайшлі папераджальныя акцыі пратэсту прадпрымальнікаў. Удзельнікі выказалі нязгоду зь дзяржаўнай палітыкай, якая, на іх думку, вядзе да вынішчэньня прадпрымальнікаў. Выказваньне на гэтую тэму:

Былы гаспадар: “Улада як злы геній: паводле яе ўказу і няёмкага падыходу, можа, пасьля новага году прадпрымальнікаў стане ўдвая меней. Ад улады ідзе нейкае глупства, у яе мазгах нейкі прывет. Яна губляе прыбытак у свой бюджэт. Пры такім падыходзе ў наступным годзе ды пры крызісе, які апанаваў сьвет, ад заплянаванага бюджэту можа застацца голы праект. Для краін відавочны дэфэкт. Уладам трэба пачаць свае адносіны да прадпрымальнікаў на карню мяняць”.

Далей слухач задае пытаньне:

Ільля Копыл, Менск: “У сёньняшнім нумары „Свабодных навінаў “ я ня ўбачыў калёнкі — пункт гледжаньня паэта Сяргея Законьнікава. Хацелася б даведацца, чаму?”

Сяргей Законьнікаў
Адказвае Сяргей Законьнікаў:

“Хачу адказаць сваім шчырым сябрам, актыўным чытачам маёй рубрыкі, што некаторы пэрыяд, прыкладна месяц, я буду выключаны з гэтай працы. Прычынай таму ёсьць тое, што мне зараз робяць шэраг апэрацый на вачах. Мне зараз забаронена чытаць і пісаць. Таму я і сам зараз пачуваюся дыскамфортна, але гэты пэрыяд трэба вытрываць. І пасьля гэтая рубрыка будзе жыць далей”.

Працягваем праграму іншымі выказваньнямі:

Cпадар: “Паліцэйскі, знарок ці незнарок, забіў студэнта. Здавалася б, адзінкавы выпадак. Але ўся краіна паўстала. Некалькі дзён забастоўкі, барыкады… Вось што значыць грамадзянская супольнасьць. А якія ў нас запалоханыя людзі! Вось тут я хачу крытыкаваць Лукашэнку. Кожная прамова ў яго пачынаецца так: кайданы, турма і канфіскацыя, і гэтым заканчваецца”.

Чарнобыльскі ліквідатар Васіль Сіліверст, Гомельшчына: “Лічу, што ў Беларусі парушаюцца сацыяльныя і грамадзянскія правы тых людзей, што пацярпелі ад ядзернага выбуху на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Гэта парушэньне права на здароўе, якое замацавана дакумэнтамі ААН. На Гомельшчыне ды Магілёўшчыне зьявіліся экалягічныя бежанцы, зь ліку тых, каго ў той час накіравалі на працу ў Чарнобыльскую зону як прафэсійна не падрыхтаваных ліквідатараў. І зараз тыя грамадзяне, якія маюць адначасова статус ліквідатара і статус экалягічнага бежанца, доўгі час пражываюць на забруджанай радыяцыяй зямлі. Але ні ўрад, ні дэпутаты ППНС не зацікаўленыя ў тым, каб гэтай катэгорыі грамадзян адмянілі дарагія візы для мэдыцынскай рэабілітацыі здароўя за мяжой. Калі гэтага права не існуе, то і права на здароўе дыскрэдытаванае тымі, хто павінен турбавацца пра лёс беларускай нацыі”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску —
266—39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG