Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“З гэтымі пазыкамі не разьлічацца і нашы праўнукі”


У праграме “Званкі на Свабоду” слухачы гавораць пра крэдыты, якія Беларусь атрымала ці толькі просіць ад Расеі і Міжнароднага валютнага фонду. Віншуюць былога кандыдата на прэзыдэнта і былога палітвязьня Аляксандра Казуліна з днём народзінаў.


Беларусь атрымала 1 мільярд даляраў ЗША стабілізацыйнага крэдыту ад Расеі, у 2009-м павінна атрымаць яшчэ столькі ж. Урад краіны працягвае перамовы зь Міжнародным валютным фондам, каб гэтая арганізацыя выдала крэдыт на 2 мільярды даляраў.

На гэтую тэму выказваецца наш сталы слухач:

Аляксандар Лапіцкі: “Прэзыдэнт Беларусі Лукашэнка як эканаміст па адукацыі паказаў, як ён здольны кіраваць эканомікай краіны. Замест таго, каб сысьці з пасады прэзыдэнта, ён заганяе Беларусь у даўгавую яму пазыкамі. Пазычыў мільярд даляраў у Расеі і просіць яшчэ 2 мільярды даляраў у МВФ. З гэтымі пазыкамі не разьлічацца і нашы праўнукі”.

26 лістапада з ініцыятывы шэрагу моладзевых дэмакратычных арганізацыяў у Менску пройдзе круглы стол пад назовам “Камунізм — пад трыбунал”. Памкненьне моладзі падтрымала сэкцыя “Мэмарыял” Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

Спадар: “Вельмі сьмешна выглядае ўдзел у круглым стале “Камунізм пад трыбунал” Франка Вячоркі. Ці ж у свой час сям'я Вячоркаў не карысталася дабротамі камунізму? І дзьве кватэры, якія яны зараз маюць, ці ж гэта не даброты камунізму? І пасады, якія займаў дзядуля Франка, адзін з галоўных камуністаў Беларусі? Дык, значыць, і дзядулю пад трыбунал?”

Адказвае старшыня культурніцкай камісіі Партыі БНФ Франак Вячорка:

“Па-першае, я так і не атрымаў афіцыйнага запрашэньня на круглы стол. Але саму ідэю цалкам падтрымліваю. Камунізм пад трыбунал — гэта тое, чаго чакала Эўропа без малога 18 гадоў. Што да закідаў пра кватэры, хай тая кабета сама паглядзіць, як мы жывем у звычайным спальным раёне Зялёнага Лугу. У нас толькі адна кватэра. Як і ўсе, плацім за камунальныя паслугі. Ходзім у звычайную школу. Плацім падаткі. Ня бедныя і не багатыя — езьдзім на трамваі. Закіды пра выгоды ад камунізму я пакінуў бы ўбаку. Мой дзед — адданы, шчыры беларус, родам зь Берасьцейшчыны. Ён усё жыцьцё адпрацаваў на карысьць Беларусі. Мой дзед і ягоныя паплечнікі былі ў дзяржаўным апараце, вырульвалі эканоміку, што давала людзям нармалёвае жыцьцё. Калі вы памятаеце эканамічны ўздым у часы Машэрава, гэта ўсё ў тым ліку дзякуючы майму дзеду. І ён гэта рабіў, каб беларусам жылося лепей”.

25 лістапада распачалася міжнародная кампанія дзеля прадухіленьня хатняга гвалту. Паводле нацыянальнага апытаньня, праведзенага Цэнтрам сацыялягічных і палітычных дасьледаваньняў БДУ, 80% жанчын ва ўзросьце ад 18 да 60 гадоў зазналі псыхалягічны гвалт. Але ня ўсе нашыя слухачы згодныя з тым, што тэма хатняга гвалту вартая ўвагі:

Спадар: “Адкуль вы бераце такія дзіўныя пытаньні — нейкі гвалт? Тут, наадварот, трэба ад бабы ратавацца, а яны так абставілі, што зноў мужык вінаваты. Трэба яго пасадзіць на тры гады, ды каб ён памёр, і г.д. Зноў мужык вінаваты! Як усё адно на сцэне Янкі Купалы робіце!”

Слухачы “Свабоды” віншуюць былога кандыдата на прэзыдэнта, былога палітвязьня Аляксандра Казуліна з днём народзінаў:

Спадарыня Бартось: “Віншуем Аляксандра Ўладзіслававіча Казуліна з днём нараджэньня! Паважаны і дарагі Аляксандар Уладзіслававіч Казулін, віншуем вас з днём нараджэньня! Жадаем вам радасьці і сілы. Вы як лідэр заслугоўваеце вялікае павагі ад усяго беларускага народу. Хай высокае сонца вядзе нас на працу для замацаваньня незалежнай, свабоднай і квітнеючай Беларусі. Здароўя вам і вашым родным!”

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG