Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў на Свабоду за 29 верасьня, панядзелак.


У Беларусі адбыліся выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Слухачы “Свабоды” дзеляцца ўражаньнямі пра ступень іх адкрытасьці, справядлівасьці і дэмакратычнасьці.

Віктар: “Вынікі выбараў прагназаваныя. Кандыдатаў улада прызначыла. Перамагло прызначэньне. Яшчэ слабая адукацыя выбаршчыкаў, слабая сьвядомасьць, абыякавасьць да працы парлямэнту. Людзі ня вераць, што “палатка” што-небудзь вырашае. А на дэпутатаў глядзяць як на людзей, якія імкнуцца да кармушкі — карыта для атрыманьня лепшых умоў, таму што трапіўшы ў “палатку”, дэпутаты ўжо не выконваюць абяцаньні, не адстойваюць правы сваіх выбаршчыкаў”.

Спадар: “Я думаю, што будуць вельмі істотныя перамены, але не ад выбараў, а ад цэнаў на газ, якія зараз прыйдуць з Расеі. Здабыча газу ў Расеі істотна скарачаецца. Так што чакаем вельмі вялікіх пераменаў”.

Спадар: “Што ж вы, спадары заходнія назіральнікі, зьбіраецеся прызнаваць? Якія выбары? Хочаце прызнаць зьдзек зь беларускага народу, фальсыфікацыю? Трэба было глядзець на ўсё гэта. Я бачыў на свае вочы. Зьдзек і ганьба — вось што чакае беларускі народ у выпадку прызнаньня гэтых выбараў”.

Спадар: “Чарговы раз вэртыкальшчыкі са сваімі падначаленымі выбары ў беларускі Парлямэнт ператварылі ў пародыю на выбары, якая была адкрытым зьдзекам зь мяне, з апазыцыі, з выбаршчыкаў, з кандыдатаў у дэпутаты, а таксама з грамадзянаў іншых дзяржаваў”.

Спадарыня: “Дазвольце вам расказаць, што я ўчора чула па тэлевізары. Лукашэнка сказаў, што апазыцыя зьнікне. Гэта ён несправядліва сказаў. Прыйдуць маладыя”.

“Я і многія мае знаёмыя на “выбары” не хадзілі”, — паведаміў у СМС-допісе наш слухач з Гомеля, спадар Кухнавец. У працяг тэмы выбараў — наступныя выказваньні:

Спадар: “Ісьці галасаваць на выбарах — гэта наш абавязак. Справа ў іншым. Дэпутатаў абіраць трэба. Толькі іх роля цяпер зусім у іншым, ня тая, якой была да прэзыдэнта”.

Спадар: “Усяму сьвету прадэманстраваныя вынікі самых “дэмакратычных” выбараў у Беларусі. Калі вы, Эўразьвяз і ЗША, прызнаць ня хочаце, павернемся, сыдзем, а Абхазію і Асэтыю мы прызнаем, і наш стратэгічны курс трымаем на Вэнэсуэлу”.

Спадар: “Няма канца радасьці за ўчорашні дзень, калі беларускі народ прагаласаваў добрасумленна за савецку... за цяперашнюю ўладу, за прэзыдэнта”.

Спадарыня: “Выбары прайшлі выдатна! Проста цуд! Прыгожа, спакойна. А вось апазыцыя пачала сапраўдны псыхоз. Званкі не супакойваюцца, кажуць абы што. Такую няпраўду, такую небыліцу. Ім пасьля выбараў трэба зьвярнуцца да псыхолягаў”.

Спадар: “Зьвяртаюся да дэмакратаў. Падумайце, ці варта вам у далейшым траціць свае сілы і здароўе за перамены ў нашым жыцьці, за паляпшэньне нашага жыцьця, калі мы ня вас абіраем у парлямэнт, а тых дэпутатаў з былога парлямэнту, якія разам галасавалі за адмену нашых жа ільгот. І якой падзякі ці падтрымкі вы можаце дачакацца ад таго народу?”

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.



XS
SM
MD
LG