Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Парсюкевіч: “Думкі пра помсту былі…”


Сяргей Парсюкевіч

Сяргей Парсюкевіч

Восем месяцаў таму, у Дзень міліцыі 4 сакавіка, быў зьняволены былы міліцыянт, адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Беларусі Сяргей Парсюкевіч. Яго абвінавацілі ў гвалтоўных дзеяньнях адносна супрацоўніка міліцыі Аляксандра Дулуба.

23 красавіка суд Маскоўскага раёну Менску асудзіў Парсюкевіча да 2,5 гадоў зьняволеньня. Пасьля суду Сяргей Парсюкевіч быў накіраваны ў Жодзінскі сьледчы ізалятар, адбываў пакараньне ў Шклоўскай, а потым — у Менскай калёніі.

Пасьля мноства патрабаваньняў, перадусім міжнароднай супольнасьці, Сяргей Парсюкевіч быў вызвалены 20 жніўня, разам з палітвязьнямі Андрэем Кімам і Аляксандрам Казуліным.

Як ён ацэньвае прамінулыя падзеі сёньня?

— Сяргей, вы на волі больш за тры месяцы. Напэўна, не адзін раз пракручвалі ў галаве малюнкі пачатку 2008 году. Ці застаяцеся ў перакананьні, што працэс над вамі — цалкам палітычны?


— Палітычны, вядома, прысуд, гэта бясспрэчна. Наколькі я разумею, ва ўладаў была падстава нейкім чынам са мной разабрацца. А ўспрыняў я гэтую справу па-філязофску, як “камандзіроўку” з мэтай паднабрацца досьведу. Вось і ўсё. Адзінае, што зараз адчуваньні, скажам так, крыху прытупіліся. Бо насамрэч была непрыхаваная сваволя, калі справа шылася белымі ніткамі. Я ж у прынцыпе дастаткова дасьведчаны ў гэтых справах, як супрацоўнік міліцыі адназначна ведаю: ня толькі такую, а нават прыблізна такую справу ніводзін суд ня ўзяў бы. А тут раз — і ўсё нармальна, усё добра, усё фабрыкавалася нават у прысутнасьці сьведкаў. На судзе ж былі людзі, якія ўсё цудоўна бачылі і ўспрымалі. Прынамсі, усім было зразумела, што я не вінаваты, а наадварот, зьяўляюся ахвярай інсьпіраванага “злачынства”. Але пры гэтым бац — і рэальны прысуд. Таму адназначна, што гэта была замова: любымі спосабамі пазбавіцца, запужаць. І зноў жа, як навука астатнім: будзеце актыўнасьць выяўляць — вось што і з вамі можа здарыцца. Я лічу, што пужацца гэтага асабліва ня варта. Усюды людзі жывуць, нічога страшнага там не адбываецца.

— Вас “памілавалі” значна раней за прысуджаны тэрмін. З улікам гэтага вы прабачылі сваіх апанэнтаў? Ці была думка адпомсьціць?

— Адназначна, такія рэчы не забываюцца. Адпомсьціў бы… Вядома, думкі ўзьнікалі ўсялякія. Ледзьве не такія, што ўзяць майго “пацярпелага” ды ў лес яго вывезьці і там па-мужчынску пагаварыць.
Калі прыйдзе да ўлады адэкватны ўрад, то я па сваёй крымінальнай справе бачу як мінімум тры новыя.
Але зразумела, што ўсё гэта глупства, натуральна, што я на гэта не пайду. Дый па вялікім рахунку людзі, якія мне справу шылі, яны ж на самой справе ніхто. Гэта проста пешкі. Перад імі была пастаўленая такая задача, яны яе і выконвалі. У іх, ня ведаю нават, можа, і быў якісьці выбар, а можа, і не было. Людзі ў пагонах — гэта страшная справа. Я сам быў у той скуры, але, дзякуй Богу, мне не давялося займацца гэтай лухтой. Але тады, можа, яшчэ і паняцьці былі іншыя… Помсьціць я нікому не зьбіраюся. Адзінае, канечне, калі прыйдзе да ўлады адэкватны ўрад, адэкватны чалавек, то я па сваёй крымінальнай справе бачу як мінімум тры новыя крымінальныя справы, якія адтуль вынікаюць — за фальсыфікацыю, за дачу хлусьлівых паказаньняў і г.д.

— Сяргей, якія моманты для вас былі найбольш цяжкімі, складанымі ў зьняволеньні? Што найчасьцей згадваецца цяпер?

— Самым складаным, вядома, было разуменьне: усё творыцца па сваволі. У прынцыпе, да апошняга моманту, да суду, нават да вынясеньня прысуду я лічыў, што мяне не пасадзяць. Таму што было зразумела, што я ні ў чым не вінаваты. Ну добра, папужалі; можна ўмоўна даць тэрмін, каб напужаць ужо, што называецца, да канца.
Я ўсё ж спадзяваўся хоць на нейкую справядлівасьць і элемэнтарны розум.
Але каб вось так — бац, і 2,5 гады рэальнага пазбаўленьня волі?! Нават і думкі такой не было! Зноў жа, з гледзішча досьведу, каб нават я і ўчыніў такое злачынства, якое мне інкрымінавалася, то адназначна ў гэтай сытуацыі любога іншага чалавека не пасадзілі б. Недастаткова важкі ўчынак, каб за гэта саджаць зь першага разу дагэтуль не судзімага чалавека. Менавіта вось гэтая сваволя складаней за ўсё пераносілася. Неяк я ўсё ж спадзяваўся хоць на нейкую справядлівасьць і элемэнтарны розум. Але, на жаль, гэтага ня здарылася.

— Вы ў нядаўнім мінулым — афіцэр міліцыі. Ці мелі праблемы са зьняволенымі?

— Была вельмі цікавая сытуацыя. Калі ўжо прабыў карантын у Шклоўскай калёніі (напэўна, тыдні два), людзі, якія там сядзяць, дазналіся, што я прыбыў у калёнію, быў у карантыне. І калі прыйшоў у атрад, людзі з усёй зоны, чалавек трыццаць, сабраліся мяне сустракаць. Як у нас цяпер кажуць, быў такі “рэальны рэспэкт”. Хто чым намагаўся дапамагчы, ажно да таго, што ў мяне было нешта кшталту неафіцыйнай аховы. Менавіта самі зьняволеныя гэта ўсё арганізоўвалі. Справа ў тым, што там людзі вельмі не задаволеныя ўладай і актыўна падтрымліваюць тых, хто змагаецца са сваволяй, якая адбываецца ў краіне. То бок праблемаў са зьняволенымі не было ўвогуле — гэта з улікам таго, што я сапраўды маёр міліцыі.

— Магчыма, туды накіроўваючы, якраз і разьлічвалі на праблемы?

— Цалкам магчыма, што было менавіта так. Па ідэі, і нават тэарэтычна, праблемы мусілі быць. Але з улікам, што мне ўдалося нейкім так хутка чынам заваяваць аўтарытэт, усё пайшло не па сцэнары. Дый аўтарытэт, у прынцыпе, ішоў паперадзе мяне.

— То бок у калёніі да вас адназначна ставіліся як да палітычнага?

— Так, гэта адназначна. Прычым нават на ўзроўні адміністрацыі. Аднойчы праскочыла нават такая думка: а чаго, уласна кажучы, нам вырабляцца? Зараз ты сюды да нас у якасьці зьняволенага прыехаў, але хто ведае — можа, гады праз тры ўжо прыедзеш у якасьці міністра ўнутраных спраў ці яшчэ кагосьці? Навошта нам гэта патрэбна?

— Чым вы займаецеся пасьля выхаду на волю? І ці адрэзанавала нейкім чынам ваша адседка на сям’і — на жонцы Натальлі і сыне Дзянісу?

— Па сям’і, па працы ніякіх асаблівых зьменаў не адбылося: жонка як працавала, так і працуе, сын як вучыўся, так і вучыцца. А ў мяне, канечне, праблемы. Я зараз індывідуальны прадпрымальнік толькі тэарэтычна. У мяне няма ліцэнзіі і працаваць я не магу, і ўжо даўно. Па вялікім рахунку, тут страху вялікага няма: ад Новага году, меней за месяц ужо засталося, усе прадпрымальнікі будуць у такім жа стане, як і я. Таму на гэты момант я асабліва не замарочваюся, набыў сабе машыну і вось даводжу яе да ладу.

— Можаце сказаць, што дапамагала ў турме захаваць маральны дух?

— Самае галоўнае — гэта, канечне, лісты. Менавіта лісты людзей, падтрымка. Насамрэч мне пісаў шмат хто — і прадпрымальнікі, і сябры. У прынцыпе, людзі, пра якіх я нават ня чуў і ня ведаў. І яны ўсе, як маглі, намагаліся мяне падтрымаць. Зь некаторымі дагэтуль лістуюся, бо ёсьць такія людзі, у якіх папросту няма тэлефона. Гэта бабулі і дзядулі, якія мне вельмі спачувалі і зь якімі я праз пошту перапісваюся. Зь іншымі падтрымліваю кантакты праз тэлефон. Кантактую нават з тымі, хто застаўся ў турме, на зонах. Лістуюся, а часам яны мне нават тэлефануюць, калі ёсьць магчымасьць.

— Увогуле турма чамусьці навучыла? І што, па-вашаму, за кратамі страчанае?

— Ну вядома ж. Турма вучыць жыцьцю. А забірае здароўе. Менавіта такім чынам, напэўна.
Турма вучыць жыцьцю. А забірае здароўе.
І, канечне ж, страты з эканамічнага гледзішча. Адна рэч, каб я паўгода працаваў, і зусім іншае — калі я паўгода ў турме сядзеў і на мяне мая сям’я толькі трацілася.

— У людзях расчараваліся ці наадварот — зьявіліся новыя аднадумцы?

— Так, адназначна такое ёсьць. Бяз гэтага напэўна, ніяк. Не дарэмна ж гавораць, што сябры ў бядзе пазнаюцца. Былі людзі, на якіх я рэальна разьлічваў, а атрымалася, што яны папросту пазьбягалі кантактаў і зь сям’ёй, і са мной, натуральна — баючыся неяк непрыгожа засьвяціцца. Відавочна, іх моцна запужалі. Але затое зьявіліся іншыя, якіх я ня ведаў, альбо калі і ведаў, то зусім ня думаў, што яны на такое здольныя. Аказалася, што яны, наадварот, вельмі актыўна стараюцца падтрымаць. Дарэчы, да гэтага часу — разумеючы, што ў мяне ёсьць пэўныя праблемы.

— То бок прынамсі маральная дапамога жонцы і сыну, пакуль вы былі за кратамі, адчувалася?

— І маральная, і ня толькі. Справа даходзіла да таго, што, як жонка расказвала, прыходзіць па пошце перавод… на паўмільёна рублёў. Хто даслаў — нічога не вядома. Потым ужо высьветлілася, што гэта прадпрымальнік зь Менску: параіўся з жонкай, і вырашылі яны даслаць грошай маёй сям’і. І такое бывала.

— Сяргей, ці ўдалося за гэтыя некалькі месяцаў прыйсьці ў норму, адаптавацца?

— Стала, вядома, лепей, але ў Беларусі мне адчувальна паправіць здароўе не атрымаецца. У нас тут настолькі ўсё састарэла — і маральна, і фізычна. У 1992 годзе, калі мне першы раз рабілі апэрацыю, якую я кожны год зараз раблю, вось менавіта тады паступіла ў наш віцебскі шпіталь новае абсталяваньне. Але ўжо гады чатыры, а можа і больш, як яно проста перастала працаваць. А іншага няма. Ну як тут можна здароўе паправіць? Ня надта атрымліваецца.

Але ж свабода — сам па сабе пэўны тонус. Да таго ж там я рэальна пахудзеў і зараз хоць прыйшоў у сваю, што называецца, форму…

***

На пачатку 2008 году лякальныя пратэсты супраць прэзыдэнцкага ўказу, які істотна абмяжоўваў правы прадпрымальнікаў, паступова перарасьлі ў агульнанацыянальную акцыю. Кульмінацыяй сталі выступы 10 і 21 студзеня ў Менску, калі былі зьбітыя і асуджаныя дзясяткі мітынгоўцаў.

Сяргей Парсюкевіч быў затрыманы 4 сакавіка ў будынку пракуратуры Маскоўскага раёну, куды прыйшоў даць паказаньні па заведзенай супраць яго крымінальнай справе — гвалт у дачыненьні да супрацоўніка міліцыі. Парсюкевіч нібыта зьбіў міліцыянта Дулуба, адбываючы адміністратыўны арышт за падзеі 10 студзеня ў спэцпрыёмніку на вуліцы Акрэсьціна. Сам Парсюкевіч сьцьвярджае, што 21 студзеня яго жорстка зьбіў ахоўнік ізалятара. Аднак пазьней, каб пазьбегчы абвінавачаньняў у перавышэньні паўнамоцтваў, міліцыянт Дулуб пасьпяшаўся заявіць, што гэта яго пабіў арыштант.


З архіву Свабоды

23 красавіка 2008 году. Дзень прысуду.

Сяргей Парсюкевіч падчас суду
“Гэта палітычная расправа. Не пакідайце без падтрымкі маю сям’ю”, — сказаў Сяргей Парсюкевіч, пасьля таго як судзьдзя абвясьціў яму прысуд — два з паловай гады зьняволеньня агульнага рэжыму. Прысуд быў сустрэты крыкамі “Ганьба!”.

Сяргей Парсюкевіч таксама абавязаны выплаціць міліцыянту Дулубу 1 мільён 100 тысяч кампэнсацыі маральных пакутаў.

Жонка Парсюкевіча Натальля пасьля абвяшчэньня прысуду пайшла ў кабінэт судзьдзі, каб перадаць хвораму на астму мужу лекі. “Судзьдзя лекаў ня ўзяў, выгнаў мяне з кабінэту”. Сын Дзяніс сказаў: “Лукашэнка баіцца майго таты і помсьціць яму за палітычную дзейнасьць”.

18 красавіка 2008 году. 45-ты дзень за кратамі

Сяргей Парсюкевіч даслаў дадому ліст, у якім паведамляе пра рэзкае пагаршэньне здароўя. Жонка прадпрымальніка Натальля распавядае: “Піша, што адчувае сябе блага, але добрай мэдычнай дапамогі не атрымлівае. Адносіны, канечне, нечалавечыя. Яму ў камэры не хапае паветра. Калі ён пачынае задыхаецца, б’е кашаль, ванітуе, да яго выклікаюць доктара. Той прыйдзе, паглядзіць і сыходзіць, вось і ўся дапамога. Як пра гэта паведаміць? У мяне ўражаньне, што нікога гэта ў турме не цікавіць”.

14 траўня 2008 году. Дзень народзінаў за кратамі

Упершыню Сяргею даводзіцца сустракаць дзень народзінаў за кратамі. Жонка прадпрымальніка Натальля кажа: калі б ня арышт і суд, сёньня муж абавязкова быў бы на рынку. Збольшага мы працавалі на ягоны дзень народзінаў. Ён плёнкай для цяпліцаў гандляваў, а зараз якраз самы сэзон для гэтага бізнэсу. Працавалі б да вечара, а потым дома наладзілі б сьвяточную вячэру. Апошнім часам у гэты дзень вечарам часта езьдзілі на лецішча на шашлыкі.

Маці вязьня Вера Фёдараўна: “Прабачце, я ўся ў сьлязах. Накіравала яму сёньня тэлеграму: віншую з днём нараджэньня, жадаю здароўя, шчасьця. Я зараз на Смаленскім рынку, дзе ён працаваў. Тут ягоныя сябры перадаюць яму віншаваньні, жадаюць усяго лепшага, і каб хутчэй вызваляўся”.

20 жніўня 2008-га. Першы дзень на свабодзе.

Сяргей Парсюкевіч паведаміў, што вызвалілі яго на падставе ўказу Лукашэнкі, прычым сам указ яму не паказалі. Сяргея выклікалі з працы да начальніка калёніі й пратрымалі некалькі хвілін у калідоры.

“Затым начальнік мне кажа: “Так, ідзіце, зьбірайце рэчы. Толькі каб шуму не было, не было забурэньняў у зоне, нікому не кажыце”. Мне ніякага ўказу не паказалі, але мяркую, як і з Аляксандрам Казуліным, гаворка ідзе пра памілаваньне. Я не вінаваты і буду дамагацца рэабілітацыі. Таксама буду дамагацца, каб пакаралі тых, з-за каго я патрапіў у турму”.



Сяргей Парсюкевіч. Зьняволены 4 сакавіка 2008-га. Выйшаў на свабоду 20 жніўня 2008 году (170 дзён).

Сяргей Парсюкевіч нарадзіўся 14 траўня 1967 году ў Віцебску. Скончыў Ленінградзкую ваенную акадэмію імя Мажайскага, факультэт ваенна-касьмічных войскаў. Адтуль у 1989-м быў разьмеркаваны на касмадром Байканур у Казахстан. У 1995 годзе вяртаецца на радзіму. У Віцебску працаўладкаваўся ў міліцыю, служыў начальнікам экспэртна-крыміналістычнага аддзелу. У 2003 годзе зарэгістраваўся як індывідуальны прадпрымальнік. У 2007-м пачаў змагацца за правы індывідуальных прадпрымальнікаў на Смаленскім рынку Віцебску. Браў актыўны ўдзел у выступах прадпрымальнікаў 10 і 21 студзеня ў Менску. Затрыманы 4 сакавіка. Яго абвінавацілі ў гвалце супраць супрацоўніка міліцыі. 23 красавіка суд Маскоўскага раёну Менску асудзіў яго да 2,5 гадоў зьняволеньня. Пасьля суду быў накіраваны ў Жодзінскі сьледчы ізалятар. Пакараньне адбываў спачатку ў Шклоўскай, потым — у Менскай калёніі. Вызвалены разам з палітвязьнямі Андрэем Кімам і Аляксандрам Казуліным. 14 траўня 2008 году Сяргею Парсюкевічу споўніўся 41 год.

Жанаты. Мае 14-гадовага сына.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG