Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Парсюкевіч агітуе за незалежных кандыдатаў


Belarus - Parliamentary Elections, 14Jul2008

Belarus - Parliamentary Elections, 14Jul2008

Тэматычная рубрыка “Выбарчы дзёньнік”. Штодня мы расказваем пра барацьбу ў розных рэгіёнах Беларусі за мандаты дэпутатаў палаты прадстаўнікоў.

Горадня. С Віктару Падчыненкаву так “арганізавалі” сустрэчу з выбарцамі, што на яе прыйшлі толькі давераныя асобы праўладнага канкурэнта

Віцебск. Наўпрост на гарадзкім рынку былы палітвязень Сяргей Парсюкевіч агітуе за незалежных кандыдатаў. Наш рэпартаж

Рэчыца. Леаніду Невару шлюць эсэмэскі: начальства забараняе сустракацца з альтэрнатыўным кандыдатам

Факт

У вылучэнца АДС па Гарадзенскай-Сельскай выбарчай акрузе №52 Віктара Падчыненкава за ўсю агіткампанію не было ніводнага паўнавартаснага спатканьня з выбарцамі.

“Я лічу, што кандыдаты знаходзяцца ня ў роўных умовах. Кандыдату ад улады, да прыкладу, у Азёрах у рабочы час людзей на калгасных аўтобусах прывозяць на сустрэчу, а я калі прыехаў плянава сустракацца з выбарцамі, то нават дырэктар клюба, дзе павінна была адбыцца сустрэча, не паведамілі аб гэтым. У Скідалі завуч па выхаваўчай рабоце каледжа настояла, каб сустрэча адбывалася менавіта ў 8.30 раніцы, хаця я розным чынам тлумачыў ёй, што гэта нязручна. Прыехаў у 8.30, дырэктар сказаў, што заняткі з 8.00 і ён не адпусьціў навучэнцаў. У выніку я сустракаўся з дзьвюма даверанымі асобамі майго апанэнта. Вось так.”

Праваабаронца Ўладзімер Хільмановіч зьвяртае ўвагу на незацікаўленасьць кампаніяй і з боку СМІ.

Хільмановіч: “Маё такое адчуваньне, што людзі ня вераць ні ўладзе, ні апазыцыі. Апазыцыі магчыма таму, што яна даўно не дасягала посьпехаў у выбарах. І такім чынам розгалас набываюць сьвяткаваньні ў гарадах, а выбарчая кампанія на другі пляне. І нават цэнтральнае тэлебачаньне належнай увагі выбарам не надае, ня ладзіць публічных дэбатаў, дыскусій. Па сутнасьці кампанія ідзе ў паўзакрытым рэжыме”.

Сытуацыя

Былы палітвязень Сяргей Парсюкевіч, які да зьняволеньня уваходзіў у Раду прадпрымальнікаў Смаленскага кірмашу ў Віцебску, прыходзіць туды інфармацыйнымі матэрыяламі пра незалежных кандыдатаў – Аляксея Гаўруцікава, Галіну Козыраву, Ігара Каныгіна.

– Гэта мой кірмаш, я тут доўга працаваў, мяне тут усе людзі ведаюць. Тут я нікога не падмануў. І таму тое, што я скажу, мне здаецца, будзе мець вагу.

Сяргей Парсюкевіч спыняецца каля чарговага гандлёвага шапіка, і пачынаецца размова.

– Прывітаньне! Вы мяне ведаеце?

– Ну канешне!

– Зараз будуць выбары ў Палату прадстаўнікоў, гэта заканадаўчы
ворган. Ну, вось прывёў да вас кандыдата, які будзе ў парлямэнце бараніць інтарэсы прадпрымальнікаў. Гэта Ігар Каныгін.

– Так, я бачыла ягоны выступ, мне спадабалася.

– Вось ён ходзіць, зь людзямі сустракаецц. Можа, дасьць Бог, у нас атрымаецца.

– Я ў гэта ня веру! Ужо ўсё даўно расьпісана і падлічана!

– А вось з гэтым мы будзем змагацца.

– Ды ну?

– На выбары трэба ісьці толькі ў дзень выбараў. А калі ўвогуле нічога не рабіць і не змагацца, дык ніколі нічога й ня зьменіцца. Таму трэба ісьці! Таму трэба ўсё-ткі схадзіць, і за нашага кандыдата прагаласаваць!

Сяргей Парсюкевіч раздае агітацыйныя матэрыялы на Смаленскім рынку
Парсюкевіч і вядомы спартовец, кандыдат у дэпутаты Ігар Каныгін
Агітуе кандыдатка ад “Эўракааліцыі” Галіна Козырава (у цэнтры)
Алена Фаміна раздае бюлетэнь “Свабода”


Цытата

У Рэчыцы незалежнаму кандыдату ў дэпутаты Леаніду Невару ўдалося за час агітацыйнай кампаніі сустрэцца з выбарцамі толькі двух калектываў. Са скрагай ён зьвярнуўся ў Цэнтарвыбаркам:

“Атрымаў даволі цікавы адказ ад Ярмошынай: “Кандыдат у дэпутаты мае права патрабаваць спрыяньня ў арганізацыі сустрэч з выбарцамі толькі ў памяшканьнях, якія вызначаныя дзеля гэтых мэтаў рашэньнямі выканаўча-распарадчых органаў”. Далей яна піша: “Кіраўнікі прадпрыемстваў і ўстановаў, куды кандыдат зьвяртаецца з ўласнай ініцыятывы, маюць права, але не абавязаны арганізоўваць падобныя сустрэчы ў працоўных калектывах”.

А вось як рэалізуюцца тыя парада на практыцы:

“Астатнія мне кажуць: дамаўляйся з Атаманчуком (намесьнік старшыні, кіраўнік Рэчыкай акруговай выбарчай камісіі), з райвыканкамам – мы не супраць. Некаторыя прама кажуць, нават SMSкі дасылалі: рэкамэндавана сустрэчы з табой не ладзіць. Дырэктарка школы №5 наогул заявіла, што ім загадана ніякіх сходаў у школах не праводзіць. Вызначана чатыры месцы для сустрэчаў: два ў горадзе й два ў раёне – там можаце выступаць”.

Апошняя дамова спадара Невара былая са старшынёй Азершчынскага сельскага Савету Тамарай Лешчанка. Аднак у патрэбны дзень спадарыня Лешчанка тэрмінова сышла ў адгул. Сустрэча сарвалася.


Асоба

Што новага ў агітацыйнай кампаніі салдата Віталя Каратыша, які зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты па Лунінецкай выбарчай акрузе №13? За кожны дзень свайго адпачынку яму даводзіцца рапартаваць ў палітаддзел:

Belarus – Vital Karatysh, the democratic activist, 28Aug2008
“Тэлефануюць і запытваюць, як мая кампанія рухаецца. А ротны палітрук, відаць, ня проста зь цікаўнасьці запытвае: ці не ўляпаўся я куды-небудзь? Бо сапраўды ў выпадку нейкага адміністрацыйнага правапарушэньня мне давядзецца сядзець на гаўптвахце, а яшчэ горш можа быць – у дысбаце”.

А вось што кажа шэраговец Каратыш пра агітацыйную кампанію:

“Цяжкасьцяў усялякіх ёсьць, як паўсюдна. Пэўныя перашкоды чыніць мая акруговая камісія і часта з-за сваёй непрафэсійнасьці. Да прыкладу, мяркуюць, што асабісты каляндарык ня можа зьяўляцца агітацыйнай прадукцыяй. З-за гэтага мне давялося патраціць дзень часу, каб вырашыць гэтае пытаньне”.

XS
SM
MD
LG