Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

С.Парсюкевіч піша артыкулы пры турэмнае жыцьцё <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Як прайшлі першыя вольныя тыдні Сяргея Парсюкевіча? Як адбываецца адаптацыя былога палітвязьня, які выйшаў на волю 20 жніўня?

За два з паловай тыдні пасьля турмы ў Сяргея Парсюкевіча пачалі адрастаць валасы — прынамсі, ён сам адзначае гэта як адну з прыкметаў вольнага жыцьця пасьля прымусовай “стрыжкі пад нуль” падчас зьняволеньня.

На пытаньне пра тое, ці так яму ўяўляліся першыя дні ў роднай хаце, як выйшла насамрэч, ён адказвае:

“Менавіта так, напэўна, я гэта сабе і ўяўляў! Мне проста жахліва хацелася ўбачыць сям’ю, і вось цяпер я імкнуся болей быць з жонкай і сынам. Яшчэ, пакуль мяне не было паўгоду, тут праблемы з пыласосам, да прыкладу, зьявіліся, праблемы з машынай. Цяпер з усім гэтым разьбіраюся. Яшчэ ў мяне лецішча ёсьць, там мая маці жыве, трэба шмат дапамагаць, бо ёй ужо 80 гадоў. У прынцыпе, я й раней цаніў вольны час, мажлівасьць паспаць, калі хочацца, і паесьці смачна, а ня нейкую макарону з кашай незразумелага паходжаньня, і цяпер я набраў вагі, мо кіляграмаў 7, каб ня болей. У грыбы хадзілі… Я калі вярнуўся з турмы і трапіў у лес, падышоў да свайго ўлюбёнага клёна, абняў яго й так стаяў, стаяў, пэўна, хвіліны тры-чатыры. Відаць, і гэтага моманту я насамрэч дужа чакаў!” — распавядае Сяргей Парсюкевіч.

“Грыбы люблю гатаваць, а яшчэ больш —зьбіраць”


Да зьняволеньня віцебскі актывіст прадпрымальніцкага руху ўваходзіў у грамадзкі савет Смаленскага кірмашу, дзе быў ягоны “гандлёвы пункт”. Зараз у яго ўжо няма ліцэнзіі прадпрымальніка, але на ўсіх віцебскіх кірмашах засталося шмат сяброў, зь якімі ён цяпер сустракаецца. Не забывае ён і тых, з кім зьвяло жыцьцё падчас зьняволеньня:

“Стараюся пісаць хлопцам лісты — тым хлопцам, якія засталіся ў зоне. Яны мне пішуць, і я імкнуся ім адказваць. Трэба іх падтрымаць, ім гэта неабходна. А яшчэ я зараз пішу артыкулы пра тое, што я бачыў у зьняволеньні. Напэўна, зьмяшчу на сайтах у інтэрнэце, каб людзі маглі пачытаць. Бо чалавек, які ў зону не трапляў, нават не ўяўляе, што там робіцца. А робіцца там беззаконьне, на мой погляд, прынамсі зь юрыдычнага пункту гледжаньня. Мяркую, людзям будзе цікава гэта пачытаць”.

Артыкулы Сяргея Парсюкевіча пад агульнай назвай “Взгляд из-за “колючки” ўжо амаль гатовыя. Ён кажа, што цяпер мяркуе аддаць свой вольны час падтрымцы дэмакратычных кандыдатаў у дэпутаты парлямэнту. На сёньняшні дзень ён уваходзіць у склад давераных асобаў ня менш як 15 кандыдатаў — мясцовых актывістаў і прадстаўнікоў прадпрымальніцкага руху.

Праца за кампутарам — складнік штодзённага жыцьця


Нагадаем, у красавіку Сяргей Парсюкевіч быў асуджаны на 2,5 году зьняволеньня нібыта за зьбіцьцё міліцыянта Дулуба. Міліцыянт ахоўваў яго ў турме на Акрэсьціна, куды прадпрымальнік трапіў пасьля мітынгу пратэсту 10 студзеня. Сяргей Парсюкевіч заўсёды катэгарычна сьцьвярджаў, што насамрэч зьбілі ў турме яго.

20 жніўня ён выйшаў зь менскай калёніі на волю на падставе ўказу Аляксандра Лукашэнкі.

Рыбкі ў акварыюме таксама сумавалі па гаспадару

XS
SM
MD
LG