Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інваліды: жыцьцё без ільготаў і бяз працы


Сёньня — Міжнародны дзень інвалідаў. Ужо год у Беларусі дзейнічае “Закон аб дзяржаўных сацыяльных льготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзянаў”, які фактычна пазбавіў інвалідаў ільготаў. Як жывецца інвалідам без ільготаў, якія ў іх пэрспэктывы працаўладкаваньня?

Старшыня Беларускай рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў Сяргей Драздоўскі кажа, што больш за ўсё пацярпелі якраз інваліды трэцяй групы — іх пазбавілі льготаў на аплату лекаў. Інваліды з парушэньнем апорна-рухальнага апарату ня маюць цяпер ільготаў на аўтамабіль:

“Мы пазбавіліся ня льготаў і тым больш не прывілеяў. Мы пазбавіліся часткі дзяржаўных гарантыяў. Першы прыклад — спэцыялізаваны транспарт для інвалідаў, які раней выдавалі, а з Новага году перасталі выдаваць. І 12 тысяч інвалідаў фактычна не
Як можна казаць пра працаўладкаваньне інваліда, калі ён не мабільны?
забясьпечаны дзяржаўнай гарантыяй на свабоду перасоўваньня. Грамадзкі транспарт не прыстасаваны. Як можна пры гэтым казаць пра працаўладкаваньне інваліда, калі ён не мабільны?”

Намесьнік начальніка ўпраўленьня Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рыта Сушко так адказала на рытарычнае пытаньне Сяргея Драздоўскага:

“Гэтым законам не прадугледжана забесьпячэньне інвалідаў аўтатранспартам. Па-першае, гэты транспарт мы куплялі ў Расеі і ва Ўкраіне, то бок дзяржаўныя грошы перапампоўвалі за мяжу. Па-другое, тут ня створана адмысловых станцыяў, якія б маглі абслугоўваць гэты аўтатранспарт. Ну няма машын! Была б гэтая вытворчасьць у рэспубліцы, магчыма, і не паўстала б так пытаньне. А мы перапампоўвалі вялізныя грошы за мяжу. А машыны паступалі ня самай лепшай якасьці”.

Рыта Сушко распавяла, што Беларусь вырашыла ісьці іншым шляхам: стварыць безбар’ернае асяродзьдзе для інвалідаў. Новы грамадзкі транспарт, які закупляецца і вырабляецца, павінен быць зь нізкай прыступкай, станцыі мэтро — зь ліфтамі, усе ўстановы, крамы — з пандусамі. А замест ільготаў можна атрымаць адрасную дапамогу, кажуць чыноўнікі.
Сёньня каб атрымаць адрасную дапамогу, неабходна сабраць 19 дакумэнтаў
Сяргей Драздоўскі літаральна адной фразай патлумачыў, як складана яе атрымаць:

“Сёньня, да прыкладу, каб атрымаць адрасную дапамогу, неабходна сабраць 19 дакумэнтаў. І некаторыя зь іх заведама ня могуць сьведчыць аб’ектыўна пра дабрабыт, забясьпечанасьць”.

Інваліды ўжо перасталі патрабаваць вяртаньня льготаў, яны хочуць працаваць, кажа Сяргей Драздоўскі. Што да афіцыйнай статыстыкі — колькі інвалідаў маюць працу — супрацоўніца Мінпрацы Рыта Сушко кажа:

“Наўпрост вывесьці працэнт — гэта нічога не сказаць. Больш за 500 тысяч інвалідаў на ўліку, зь іх больш за 90 тысяч працуюць. У агульную колькасьць інвалідаў уваходзяць і дзеці, і інваліды вайны, і старыя, і 149 тысяч інвалідаў, якія атрымалі інваліднасьць ад агульнага захворваньня і атрымліваюць пэнсію па ўзросьце”.

Што тычыцца больш складаных груп, першай і другой, то там беспрацоўе складае 80%
“Калі браць агульную статыстыку, каля паловы інвалідаў працуе. Практычна ўсю гэтую палову складаюць інваліды лягчэйшай, трэцяй групы інваліднасьці. Што тычыцца больш складаных груп, першай і другой, то там беспрацоўе складае 80%”.

Сяргей Драздоўскі падкрэсьліў, што гэта тычыцца інвалідаў працаздольнага ўзросту.

Тут ёсьць праблемы, пагаджаюцца чыноўнікі. І робяць крайнімі мэдыкаў:

“Яны скардзяцца чаму — таму што МРЭК не дае ім рэкамэндацыяў. Мы спрабуем з гэтым змагацца, не заўсёды атрымліваецца. Але сёньня працаўладкаваньне альбо накіраваньне на вучобу, перападрыхтоўку інваліда ажыцьцяўляецца ў адпаведнасьці з працоўнай рэкамэндацыяй МРЭК. Калі там будзе напісана „непрацаздольны“, то ніводзін наймальнік, ніводзін інстытут ня можа прыняць інваліда”.

Сёлета Міністэрства працы паставіла задачу працаўладкаваць 2,5 тысячы чалавек з абмежаванымі магчымасьцямі. Колькі насамрэч працаўладкавана — пакуль статыстыкі няма.
XS
SM
MD
LG