Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыгор Барадулін: “Пачуваю сябе няблага, дзякуй”!


Пасьля працяглага стацыянарнага лячэньня ў 10-й клініцы Менску Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін учора ўвечары вярнуўся дахаты. Мэдыкі рэкамэндавалі яму курс рэабілітацыі. Сярод іншага, яна патрабуе дастаткова дарагога лекаваньня, адмысловага харчаваньня і пазытыўных эмоцый. У гэтым сэнсе ня лішняя і дабрачынная акцыя грамадзкай дапамогі дзядзьку Рыгору. З працягам тэмы – Юлія Рымашэўская.


Рыгор Барадулін
прайшоў лячэньне ў аддзяленьні нэўралёгіі 10-й клінікі Менску. Паэту – 73 гады. Праблемы сасудзістай сыстэмы ў гэтым веку – распаўсюджаная зьява для беларусаў, кажа доктар-нэўроляг Васіль Аўраменка з Магілеву:


“Тое, што часта – гэта ня тое слова, гэта асноўныя нашыя пацыенты. Сталых людзей у нас усё больш і больш, і яны хварэюць часьцей за маладых, таму пацыентаў сталага ўзросту у нас усё более. Самыя распаўсюджаныя хваробы сасудзістай – гэта інсульты і інфаркты”...

Меры прафіляктыкі хваробаў і падтрымкі арганізму – гэта ня толькі мэдычныя сродкі. Гэта – добры настрой і пазытыўныя эмоцыі. А імі, пакуль паэт быў у лякарні, яго забясьпечвалі лісты з усяго сьвету ад чытачоў-прыхільнікаў. Распавядае адзін з удзельнікаў і ініцыятараў акцыі ў падтрымку паэта Глеб Лабадзенка:

“Прыйшоў ліст ад студэнткі-італьянкі, якая захапляецца беларускай мовай і ведае яе дасканала. Лідзія яе зваць. Яна напісала, што вельмі хоча падтрымаць дзядзьку Рыгора і перакласьці вершы Барадуліна на італьянскую мову... Ці, як варыянт, яна б магла яму даслаць падрадкоўнік Петраркі, каб ён зрабіў пераклад на беларускую мову... Я занёс яе ліст дзядзьку Рыгору, ён тады яшчэ ў лякарні быў, – яго гэты ліст парадаваў, – даў згоду”...

Мяне падлячылі. 30 кропельніц зрабілі, нармальна сябе адчуваю. Хадзіць мне цяжкавата, але гэта наступствы іншых хваробаў
Паэт кажа, што цяпер пачувае сябе няблага і дзякуе ўсім за падтрымку:

“Дзякуй ім, дзякуй і дактарам. Мяне падлячылі. 30 кропельніц зрабілі, нармальна сябе адчуваю. Хадзіць мне цяжкавата, але гэта наступствы іншых хваробаў.

Карэспандэнтка: “А цяпер што Вам дактары рэкамэндуюць у хатнім рэжыме”?

“Рэжым харчаваньня – усё ўмеранае. Як чалавеку ў маім узросьце, дык і адпаведны рэжым. Вітаміны, само сабой, і пігулкі ўсялякія”...

XS
SM
MD
LG