Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Роднага слова гаючая сіла — беларускамоўныя ў лякарнях


Вядомыя беларускія пісьменьнікі, артысты, мастакі, дый звычайныя беларускамоўныя людзі часьцяком трапляюць, так бы мовіць, у замкнёную прастору — да прыкладу, у шпіталь. Як яны там сябе пачуваюць? І як ставяцца да такіх людзей лекары, мэдсёстры, санітаркі, суседзі па палаце?

Вось і цяпер у шпіталях апынуліся народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін і пісьменьнік Уладзімер Арлоў. Спадар Арлоў толькі вярнуўся зь Лёндану — і адразу ў кардыялягічны цэнтар: спачатку ў рэанімацыю, потым на апэрацыйны стол. Цяпер ідзе на папраўку:

Уладзімер Арлоў
“Хачу сказаць словы падзякі доктару Ірыне Ўэльскай. Дзякуючы ёй, я вельмі апэратыўна патрапіў у рэанімацыю, а потым на апэрацыйны стол. Ірына Ўэльская — жанчына цалкам беларускамоўная, яна — маці выпускніка беларускамоўнага ліцэю, з гэтай прычыны мы зь ёй калісьці пазнаёміліся”.

Спадару Арлову заўсёды шанцавала на беларускамоўных лекараў. У яго ёсьць нават эсэ з іранічнай назвай “Мёртвыя не пацеюць” — там адлюстраваны ранейшы шпітальны досьвед:

“Перад апэрацыяй прафэсар, сьветач айчыннай уралёгіі, пытаецца ў мяне, калі ўжо пачалі даваць наркоз: “Спадар Арлоў, дык як правільна пісаць слова “змаганьне” — зь мяккім знакам ці безь мяккага знаку?” Я так і не пасьпеў яму патлумачыць, але засынаў з такой суцешлівай думкай, што калі я ня выйду з наркозу, то ўсё роўна нашая справа не прапала”.

У кардыялягічным цэнтры на апэрацыйным стале зь пісьменьнікам таксама размаўлялі на матчынай мове:

“У доктара Алега Паланецкага, які мяне апэраваў, у яго асыстэнтаў, у мэдсястрычак таксама ніякіх праблемаў зь беларускай мовай не было. Тым больш што на апэрацыі прысутнічала і спадарыня Ірына Ўэльская, і зусім ня ў якасьці перакладчыка. Я абсалютна камфортна пачуваўся зь беларускай мовай і ў рэанімацыі, і ніякіх праблемаў у звычайнай палаце”.

З Рыгорам Барадуліным, які ляжыць у 10-м клінічным шпіталі, лекары таксама размаўляюць выключна па-беларуску, кажа псыхіятар Ігар Сарокін:

“Дактары нармалёва да беларускай мовы ставяцца. Доктар, які займаецца лячэньнем Барадуліна, гаворыць зь ім толькі па-беларуску, хаця ўвогуле ў жыцьці размаўляе па-расейску”.

Генадзь Бураўкін
Паэт Генадзь Бураўкін ня раз ляжаў у так званай лечкамісіі і кажа, што там усе таксама з павагай ставяцца да беларускай мовы:

“Ніякіх пытаньняў, ніякіх праблем. Дактары зь вялікай радасьцю, без усялякіх праблем стараюцца па-беларуску гаварыць. У іх гэта вельмі добра атрымліваецца. Я скажу больш: і пацыенты ў той жа лечкамісіі, калі я зьяўляўся і ў сталоўцы, і ў калідоры, практычна ўсе пераходзілі на беларускую мову. І са мной яны гаварылі па-беларуску. І не было ніякіх праблем. Наадварот, яны радаваліся, што ёсьць з кім пагаварыць на роднай мове”.

Алесь Лозка
Старшыні Таварыства беларускай школы Алесю Лозку нядаўна рабілі апэрацыю ў Навукова-дасьледчым інстытуце траўматалёгіі і артапэдыі:

“Урач-хірург Сітнік Аляксандар Аляксандравіч гаварыў на беларускай мове заўсёды. Памятаю, калі ляжаў ужо на апэрацыйным стале, у час апэрацыі трэба было, каб я размаўляў, урач Сітнік рабіў апэрацыю і ўвесь час размаўляў са мной па-беларуску. Ён цудоўна размаўляе, добра ведае мэдыцынскую тэрміналёгію. Вельмі прыемна ў такіх урачоў лячыцца”.

Нямала лекараў розных спэцыяльнасьцяў карыстаюцца выключна беларускай мовай паўсюль — і на працы таксама. У Менскім мэдунівэрсытэце больш за 40 гадоў выкладае прафэсар цыталёгіі Аляксандар Арцішэўскі. Прафэсар-анкамарфоляг Генадзь Мураўёў працуе ў НДІ анкалёгіі, піша ўсе заключэньні, рэцэнзіі, рэцэпты выключна па-беларуску, гэтаксама размаўляе з пацыентамі. І сваёй прынцыповай пазыцыяй прымусіў многіх калег ставіцца з павагай да роднай мовы.

Карэспандэнтка: “Ці не было ў вас з пацыентамі праблем?”

“Не, ніколі. Гадоў 20 была вельмі адмоўная рэакцыя калегаў, ідзеш па сутарэньнях нашага інстытуту і нават сьпінай адчуваеш усю глыбіню нянавісьці да сябе. А цяпер паступова пачала выпраўляцца сытуацыя, можа, таму, што я з усімі заўсёды размаўляю па-беларуску. Спадзяюся, яны пачалі разумець, што бяз роднай мовы жыць нельга. Заўважаю, што хто зрэдку, хто сыстэматычна чытае “Народную Волю”, іншыя газэты на беларускай мове. Самае дзіўнае для мяне, што некаторыя нават “Дзеяслоў” чытаюць. Дарэчы, апошні “Дзеяслоў”, дзе “Вяртаньне веры” Ўладзімера Някляева — гэта ўвогуле цудоўна! Геніяльны твор. Дарэчы, многія прачыталі яго”.

А вось галоўны мамоляг Міністэрства аховы здароўя Леанід Путырскі, які ў жыцьці, у сям’і карыстаецца выключна беларускай мовай, пра абыходжаньне з пацыентамі кажа так:

“Я размаўляю па-беларуску з тымі, хто можа са мной размаўляць. Калі я пачынаю па-беларуску, а пацыент мне адказвае па-расейску, я пераходжу на расейскую мову. Я прытрымліваюся такіх поглядаў: з павагай да чалавека — на якой ён, на такой і я. Але гэта не таму, што я саромеюся па-беларуску размаўляць. Такое жыцьцё ў нас — дзьвюхмоўнае. А на апэрацыях мы апэрыруем з сынам, яшчэ ёсьць у нас анэстэзіёляг, чалавек сталага веку, дык мы ўсе на беларускай мове размаўляем”.

Псыхіятар Ігар Сарокін таксама адзначае:

“У сваёй практыцы я звычайна сустракаю толькі прыхільнае стаўленьне ўсіх, нават тых, хто звычайна карыстаецца расейскай мовай. І чым далей, тым болей. Часта чую: “Ой, як прыемна, што доктар гаворыць па-беларуску, як добра, якая прыгожая мова!” Хаця самі карыстаюцца звычайна расейскай. Я заўсёды кажу: “Хто ж вам перашкаджае? Слухайце сваё, чытайце сваё, размаўляйце па-свойму”.

Калі я запыталася ў спадара Арлова, ці размаўляе зь ім па-беларуску пэрсанал, ён адказаў так:

“У нас у палаце ёсьць душавы пакой. Там нешта сапсавалася, і працаваў сантэхнік, такі беларускі дзяцюк вагай кіляграмаў 120. І ён у мяне пытаецца — сантэхнік: “А вы ведаеце такога паэта — Паўлюка Труса?” І ён мне дэклямуе: “Падаюць сьняжынкі, дыямэнты-росы, падаюць бялюткі за маім акном”. Гэты сантэхнік, аказваецца траюрадны ўнук Паўлюка Труса і родам таксама зь вёскі Нізок на Ўзьдзеншчыне”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG