Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Кнігазбораўскі” том ксяндза-патрыёта


а. Адам Станкевіч

а. Адам Станкевіч

Том выбраных твораў беларускага ксяндза Адама Станкевіча выйшаў у выдавецтве “Кнігазбор”. Яго склалі як рэлігійныя лекцыі і казані, так і чыста навуковыя й гістарычныя працы ксяндза-патрыёта.

Ксёндз Адам Станкевіч нарадзіўся на Ашмяншчыне 24 сьнежня (па старым стылі) 1891 году. Вучыўся пры касьцёле ў Гальшанах, Віленскай каталіцкай духоўнай сэмінарыі, Петраградзкай каталіцкай акадэміі. Але ні прапольскі дух першых дзьвюх вучэльняў, ні прарасейскае асяродзьдзе трэцяй ня зьнішчылі ў ім узгадаванага змалку беларускага сьветаадчуваньня. Дзе б ён потым ні служыў, заўсёды выхоўваў у сваіх парафіянах беларускі нацыянальны патрыятызм. Чым і заслужыў увагу выдаўцоў, — кажа кіраўнік праекту “Беларускі кнігазбор” Кастусь Цвірка:

“Мы даўно плянавалі выданьне Адама Станкевіча ў сэрыі “Залатой бібліятэкі” нашага выдавецтва, таму што гэта вельмі адметная і значная постаць у беларускай гісторыі першай паловы ХХ стагодзьдзя. Адам Станкевіч з кагорты самых відных дзеячаў нашага нацыянальнага адраджэньня, ксёндз, які рупіўся пра тое, каб беларускае слова гучала ў касьцёлах Беларусі”.

Менавіта гэта і сталася галоўным ягоным злачынствам перад савецкай уладай, якая яго двойчы арыштоўвала і ўрэшце закатавала. Зьнявечанае цела сьвятара знайшло свой спачын у Іркуцкай вобласьці ў сьнежні 1949 году. Але і пасьля фізычнае расправы бальшавікі помсьцілі яму за ахвярную службу Беларусі, помсьцілі паклёпамі і лаянкай, помсьцілі забаронай яго навуковай, духоўнай і літаратурнай спадчыны, помсьцілі замоўчваньнем самога імя Адама Станкевіча.

Творы аднаго з ідэолягаў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі і рэлігійна-культурнага дзеяча складаюць даволі багатую скарбонку. У гэты ж том трапіла толькі тое зь яго творчай спадчыны, што, на думку выдаўцоў, найбольш яскрава характарызуе яго рознабаковую чыннасьць. Кастусь Цвірка працягвае:

“Сюды ўвайшла манаграфія “Хрысьціянства і беларускі народ”. Вельмі грунтоўная манаграфія, здаецца, такіх яшчэ не было ў нас у гэтым пляне. Таксама манаграфія, якая і цяпер ня страціла свайго значэньня, — “Да гісторыі беларускага палітычнага вызваленьня”. Тут жа вельмі добра кладзецца і трэцяя манаграфія — “Родная мова ў сьвятынях”.

Апрача згаданага, у том увайшлі лекцыі і казані на нядзелі і сьвяты ды некалькі артыкулаў і рэцэнзій. Том ілюстраваны рэдкімі фотаздымкамі. А ўклаў і пракамэнтаваў яго знаны філёзаф Уладзімер Конан.

XS
SM
MD
LG