Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Вільні адкрылі мэмарыяльную табліцу ў гонар ксяндза Адама Станкевіча


Тацяна Поклад, Вільня Сёньня у Вільні у Базыльянскіх мурах адкрылі мэмарыяльную табліцу у памяць ксяндза Адама Станкевіча -- рэлігійнага, культурна-асьветніцкага і палітычнага дзеяча, аднаго з тэарэтыкаў і заснавальнікаў беларускага хрысьціянскага руху 20-га стагодзьдзя. Мэмарыяльная табліца месьціцца на будынку, дзе у міжваенным часе была Віленская Беларуская Гімназія. Учора ж высьветлілася, што з гэтага будынку зьнікла мэмарыяльная табліца, прысьвечаная Натальлі Арсеньневай.

Бронзавая мэмарыяльная табліца у памяць ксяндза Адама Станкевіча з’явілася на будынку колішняй Віленскай Беларускай Гімназіі дзякуючы працы Таварыства Беларускай культуры у Літве і дапамозе літоўскага парлямэнтара Вацлава Станкевіча, які паходзіць з той самай вёскі Арляняты на Ашмяншчыне і у сваяцтве з сям’ёй Адама Станкевіча. Аўтар – скульптар з Лідчыны Рычард Груша. На табліцы з барэльефам па-беларуску і па-літоўску напісана “Ксёндз пробашч Адам Станкевіч, ахвяра бальшавіцкага тэрору”, пазначаныя даты жыцьця.

Табліца у памяць знанага беларускага душапастыра і дзеяча, колішняга пасла польскага Сойму, выдаўца, аўтара многіх кніг і артыкулаў па беларускіх пытаньнях ксяндза Адама Станкевіча месьціцца на будынку Беларускай гімназіі, дзе ён таксама выкладаў. Год таму тут, таксама стараньнямі ТБК у Літве, была адкрытая бронзавая мэмарыяльная табліца у памяць беларускай паэткі, якая вучылася у Віленскай Беларускай гімназіі Натальлі Арсеньневай. Учора сталася вядома, што яна скрадзеная. Гаворыць старшыня Таварыства Беларускай культуры у Літве Хведар Нюнька.

(Нюнька: ) “За наш час мы павесілі 9 мэмарыяльных табліцаў. Скрадзеныя, на жаль, ужо чатыры. Адну мы вярнулі, дзьве незваротна зьніклі. Гэта апошняя скрадзеная, табліца Натальлі Арсеньневай – яе асабліва шкада.Гэта была прыгожая табліца. Я прасіў скульптура Шатэрніка, каб ён не рабіў бронзу, таму мы што мы мелі ужо досьвед. Ён абяцаў, што зробіць усё як належыць і скрасьці яе немагчыма. Была прымацованая так, што, здавалася, ніякі злодзей ня возьме”.

Заява у паліцыю пададзеная, але надзеі на вяртаньне табліцы няма. Мэмарыяльная табліца была, відавочна, разьбітая, бо іначай яе было немагчыма зьняць. Таму вырашана, што урачыста адкрытая сёньня табліца у гонар ксяндза Адама Станкевіча будзе захоўвацца часова у ТБК, замест бронзавых табліцаў скульптары, магчыма, зробяць іх копіі з таньнейшых матэрыялаў.

(Нюнька:) “Сёньня мы адсьвяткавалі, адзначылі памяць вялікага беларуса – не баюся гэтага слова, бо немагчыма перабольшаць значэньне яго дзейнасьці для беларускай культуры, гісторыі. Трэба будзе думаць, што рабіць далей – таму што у гэтай табліцы яшчэ больш бронзы. Мы падумаем, можа муляжы зрабіць на гэтым месцы. Тут праходзіць вельмі шмат турыстаў, у гэты месцы, і вельмі важна паказаць нашую беларускасьць, нашую прысутнасьць тут у гісторыі”.
XS
SM
MD
LG