Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Уразіла хлусьня, якая падавалася ў СМІ"


30 кастрычніка спаўняецца 20 гадоў з часу першай масавай акцыі ў гонар памяці продкаў “Дзяды”. Старшыня партыі БНФ Лявон Баршчэўскі прыгадаў падзеі 1988 году.


Калі адбылося шэсьце на Дзяды ў Менску, Лявон Баршчэўскі быў у Наваполацку. Яму паставілі ў дэканаце ў расклад на гэты дзень заняткі. Тое, што тады адбылося ў Менску стала імгненна вядома ў розных кутках Беларусі.

“Дзяды 1988 году... Гэта ўжо быў пад’ём. Тады ўжо ў нас фактычна функцыянавалі так бы мовіць нефармальныя суполкі. Мы ня толькі ведалі ўсю інфармацыю, але яе распаўсюджвалі ў нас у Наваполацку, дзе я тады жыў.

Мы надрукавалі тады спэцвыпуск такой паўлегальнай газэты і распаўсюджвалі “Праўда пра Дзяды” пасьля таго, што адбылося.

Расказвалі нам відавочцы. Той жа Ўладзімер Арлоў, Сяржук Сокалаў, якія выяжджалі і былі там у Менску. Яны ўдзельнічалі і, калі вярнуліся, адразу нам расказалі пра ўсё, што там адбывалася.

Уразіла хлусьня, якая падавалася ў сродках масавай інфармацыі – у “Советской Белоруссии", “Звязьдзе”... А з другога боку, уразіла як газэта “ЛіМ” асьвяціла гэтая падзеі ня згодна зь лініяй ЦК. Галоўны рэдактар Анатоль Вярцінскі праявіў тады такую грамадзянскую прынцыповасьць і мужнасьць. За што ён, дарэчы, быў выбраны потым дэпутатам Вярхоўнага Савету ў першым жа туры.

Газэта “ЛіМ” была ў той час самая чытаная газэта ў Менску. Яе з рук у рукі перадавалі. Купіць у кіёску было немагчыма. Гэта была адзіная газэта, якая пісала й пра гэтыя падзеі і, увогуле, антысталінскія публікацыі. Той жа артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва пра Курапаты”.

XS
SM
MD
LG