Лінкі ўнівэрсальнага доступу

30 кастрычніка спаўняецца 20 гадоў першай масавай акцыі ў гонар Дня памяці продкаў “Дзяды”. Мітынг 30 кастрычніка 1988 году быў гвалтоўна разагнаны. Адным з удзельнікаў акцыі быў архэоляг Сяргей Тарасаў.


“Тыя “Дзяды”, гэта было ня толькі ўзрушэньнем душэўным і грамадзянскім. Упершыню, магчыма, адчулася, што ты не адзін, што побач з табой шмат людзей аднадумцаў, якім не абыякавая будучыня тваёй краіны. І хаця было жахлівае надвор’е, ішоў сьнег, моцны вецер, але людзі выходзілі з мэтро, аўтобусаў, тралейбусаў і рухаліся ў адным кірунку. Усё гэта не зважаючы на вялізную колькасьць міліцыянтаў, нават на тое, што яны пачалі ўжываць сілу і сьлезацечны газ. Але людзі ішлі, і яны ведалі куды, ішлі да Курапатаў. Магчыма, у некаторым сэнсе для нас гэта было ўсьведамленьне таго, што як бы нас ні зьнішчалі ў розныя пэрыяды гісторыі, мы ўсё роўна ёсьць. Як у Купалы: а хто там ідзе, у агромістай такой грамадзе.... Дык вось, магчыма, там, упершыню... Прынамсі я адчуў, што мы ёсьць народ. Магчыма, што гэта самая галоўная падзея, апрача ўсіх астатніх, якія былі ўжо пасьля тых самых “Дзядоў”. Ну і, акрамя іншага, мы ішлі паўз Усходнія могілкі, дзе ў мяне пахаваны бацька, а таксама шмат славутых нашых землякоў”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG