Лінкі ўнівэрсальнага доступу

30 кастрычніка спаўняецца 20 гадоў з часу першай масавай акцыі ў гонар памяці продкаў “Дзяды”. Што яна азначала для яе ўдзельнікаў? Як адбілася на іх асабістым лёсе і лёсе краіны? Свае ўспаміны пра той дзень і яго ацэнку з адлегласьці дваццаці гадоў падае вядомы беларускі літаратар і кнігавыдавец, адзін з кіраўнікоў нефармальнага моладзевага аб’яднаньня “Тутэйшыя”, якое падавала заяўку на правядзеньне акцыі, Адам Глобус.


“Па-першае, пра ўдзел мой у тых падзеях. Было такое таварыства маладых літаратараў “Тутэйшыя”, якое ў сілу абставін займалася ня толькі літаратурай, а выяўляла і актыўную сацыяльную і палітычную пазыцыю. У нас быў свой сьветагляд, і нас не задавальняла савецкая імпэрыя, у якой мы жылі. Адпаведна мы напісалі заяўку на правядзеньне гэтага шэсьця і мітынгу.

Пра тое, што там тварылася потым. Да гэтага ніхто ня бачыў ніколі, што беларускі народ выходзіць на мітынг пратэсту. Я сам, калі ўбачыў, колькі народу прыйшло, вельмі зьдзівіўся, таму што я асабіста ня быў гатовы да гэтага. Але, напэўна і ўся наша арганізацыя “Тутэйшыя” не была падрыхтаваная кіраваць такой вялікай і тады ў пэўнай ступені агрэсіўнай колькасьцю народу. Адпаведна праваахоўчыя органы былі перапужаныя і прымянялі спэцсродкі, не адэкватныя сытуацыі. Быў прыменены газ і дубінкі.

А яшчэ — пра тое, што гэтая падзея, на маю думку, фатальная для беларускага палітычнага жыцьця. Таму што з нашых, такіх юначых няпэўных рук свабоды сьцяг перайшоў у рукі Беларускага Народнага Фронту, у рукі Зянона Пазьняка. І на мой погляд — гэта была памылка, якая і дагэтуль прыносіць свае наступствы. Ну, так здарылася. Гэта ўжо гісторыя”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG