Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнс просты: укараніцца – пусьціць корань у зямлю.

Шмат хто з маіх знаёмцаў зьбіраецца набыць ці ўжо набыў сабе старую хату на хутары ці ў вёсцы. Мала таго, што гэта выгаднае ўкладаньне грошай (нават сёньня сядзібу можна купіць за дзьве-тры зарплаты), дык гэта яшчэ й вяртаньне да спрадвечных каштоўнасьцяў, калі патрыятызм для нашых продкаў азначаў росквіт і абарону ня нейкіх абстракцыяў, а свае канкрэтнае зямлі, сядзібы, роду.

Можна толькі ўявіць: калі б мільён беларусаў, што на рэфэрэндуме 1995 году не галасаваў “за”, калі б усе гэтыя людзі абселіся на сваіх сядзібах па ўсёй Беларусі ды завялі там свае парадкі, іх не адужаў бы ніякі папулізм.

Гэта, вядома, фантазіі – пра мільён. Але ж і мільёну ня трэба, каб такім вось чынам сьвядомыя людзі ўкараніліся самі ды ўкаранілі свае ідэалы й мары. Ясна, што зямля, сядзіба, маёнтак, дзе ты зладзіў жыцьцё па-свойму, вызначаюць твае інтарэсы не “са столі”, як гэта часьцяком адбываецца сёньня. І на мітынг ты выходзіш за свае рэальныя правы, а не за патасныя заклікі да свабоды.

Шляхецкі складнік

Мае знаёмцы, што набылі сядзібы – людзі збольшага гарадзкія, жывуць і працуюць на асфальце. Але ў вольны час выбіраюцца “да сябе”, бо ніякая кватэра ня робіць чалавека ўкаранёным. Там, на зямлі, у іх ёсьць нагода задаволіць гэты верад беларускай душы – краязнаўства – даведацца пра ўсё, што некалі было на месцы сядзібы й вакол яе. Некаторыя нават напішуць пра гэта кнігі й здымуць фільмы, бо нецікавых кутоў на нашай зямлі няма. Там, на сядзібе, яны зладзяць свой быт і красу існаваньня, туды вывезуць бібліятэкі й архівы, якія будуць парадкаваць некалі, калі пад старасьць перабяруцца сюды назаўжды. Усе іх матывацыі – такія самыя, якімі спрадвеку кіравалася беларуская шляхта.

Вядома, што шляхта на момант захопу беларускіх земляў Расейскай імпэрыяй складала ў нас дзясятую частку насельніцтва і што расейская ўлада крок за крокам “сьпіхвала” дваран па ерархічнай лесьвіцы саслоўяў уніз – спачатку ў аднадворцы, потым проста ў сяляне. Але пры першай магчымасьці шляхецкі складнік падымаў галаву, перарабляючы жыцьцё на свой капыл. Так было і ў часы сталыпінскай рэформы, і ў часы БССРаўскай хутарызацыі, у 1920-я.

У выніку ў беларускім сялянстве спляліся неспалучальныя шляхецкія й пралетарскія імпульсы. Пашана да ўласнасьці, традыцыя, памяць – усё гэта ёсьць у беларускай сялянскай душы, дзякуючы яе шляхецкаму складніку. Адмаўленьне ўласнасьці, рабалепства й бяспамяцтва – гэта пралетарскае. Самой шляхты як саслоўя ў грамадзтве даўно няма, яно зьнішчана гвалтам, а шляхецкі складнік душы жыве й фармуе нас як нармальную эўрапейскую нацыю.

Пралетарская ўлада

Што да ўлады, дык яна й раней і цяпер разумела й падтрымлівала толькі пралетарскі віхор у сялянскай душы. Адсюль гэтая яшчэ савецкая прыдумка з шасьцю соткамі, якія шмат хто называе дачамі. Нарадзілася прыдумка з таго, каб даць занятак для мільёнаў сялян, што паўцякалі ў горад, далей ад праклятых палачак за працадні, поўнага бяспраўя й невыноснага сялянскага мазаля. Паўцякаць яны паўцякалі, але душэўная прага корпацца ў зямлі засталася. Ехаць па тое ў вёску яны не маглі, бо вёску праклялі. Вось і сталіся шэсьць сотак кампрамісам: і сьверб да зямлі задавальняецца, і пры тым – гарадзкія. А шпакоўні на сотках – якая ж гэта маёмасьць – дагэтуль крычма крычаць, што яны – ня вёска, крый Бог, ня вёска, не вярталіся мы ні ў якую клятую вёску, вось жа й разгаварываем па-гарадзкому, бо -- гарадзкія.


Пра тое, колькі папсавалі прыроднае красы гэтымі шанхаямі вакол кожнага горада, я й не кажу. Бо ў пралетарскі набор каштоўнасьцяў ляндшафтны дызайн не ўваходзіць. Як і ў набор стваральнікаў сёньняшніх аграгарадкоў. Старыя вясковыя бабулі й слова гэтае прамовіць ня могуць, таму прыдумалі нешта сугучнае: “гыр-гыр-гарадок”.

Гыр-гыр-гарадок

Аграгарадкі – жалю вартае падабенства хрушчоўскай жыльлёвай кампаніі. Можа некалі й гэтыя, сёньняшнія вясковыя хрушчоўкі нехта назаве лукашоўкамі. Праўда, надта яны ўжо не па часе. У Хрушчова была праблема – куды сяліць мільёны ўчорашніх вязьняў ГУЛАГу. Ну а мы ўсе – зь якога мы ўсе ГУЛАГу?..

Як і хрушчоўкі, аграгарадоцкія дамкі не разьлічаныя на памяць, традыцыю, маёмасьць. Калі б і хацеў грошы ўкласьці, рэканструяваць, зрабіць нармальную сядзібу – дык прасьцей перад тым -- зьнесьці.

Аграгарадкі – абсурдная даніна нашаму савецкаму мінуламу, а ніяк ня будучыні. І “соткі” таксама пакрысе адыйдуць у невараць. Разам з пакаленьнямі ўцекачоў зь вёскі, якім так сьвярбела “зачапіць рукі за зямлю” і якія вінавата апраўдвалі гэты свой сьверб дапамогай у сямейны бюджэт. Ужо цяпер гавораць пра іншае – хобі! Ну і -- на “воздусе” пабыць, бо “сама глаўна” – здароўе.

Краіна сядзібаў

Некалі называлі Беларусь краінай сядзібаў. Гэта потым, за камуністамі ўсё панішчылі. І правільна цэнзары крывіліся на Коласавы радкі “Купіць зямлю, прыдбаць свой кут, Каб з панскіх выпутацца пут”. Бо надта ж не па-пралетарску гэта – зямлю купляць. Мабыць, апраўдваліся яны тым, што Міхал – селянін. Селянін то селянін, але ніякім бокам не пралетар.

Найвялікшы стымул кожнага сёньняшняга стваральніка сваёй уласнай сядзібы ў тым, што сядзіба – гэта працяг, яна павернутая ў будучыню. У кагосьці тут “нарасьце” новы род, у кагосьці з кожным пакаленьнем будзе прырастаць маёмасьць, у кагосьці краязнаўства аформіцца ў турыстычны бізнэс, а камусьці – самаму важнаму – пасьля сыходу ў ягонай сядзібе адкрыюць музэй.

Такія гаспадары ў наш час вартуюць большасьць пакінутых сядзібаў па ўсёй Беларусі

Першым у набытую хату “ўкараняецца” кот

Былая шляхецкая сядзіба пад тысячагадовым дубам сёньня прадаецца за паўтысячы даляраў. Паўночная Беларусь


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG