Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі разабрацца, дык правы й свабоды чалавека, якія мы называем фундамэнтальнымі, не такія ўжо й унівэрсальныя.


Ну вось, што такое права на працу ці адукацыю? Не падпісалі з табой кантракт або няма грошай на вучобу — усё нібыта законна й аб’ектыўна, і ніякіх тваіх правоў. Або права на мітынгі ды сходы ці права на інфармацыю. Не заўсёды й зразумееш, дзе яно, тваё права, парушаецца, а дзе не. Або — права на жыцьцё. Тут увогуле чыстая абстракцыя. Мала таго, што існуе сьмяротная кара, дык само напаўненьне словаў “права на жыцьцё” нічым не адрозьніваецца ад, скажам, права бервяна ня быць расьпілаваным.

І заўважце, гаворка не пра тое, што ўлада ня ўлічвае ўнівэрсальных правоў і свабод чалавека. Як яна, калі б і хацела, можа гэта ўлічваць, калі сам чалавек не разумее практычнага сэнсу гэтых правоў і свабод? “На чорта нам тая свабода!” — хіба не даводзілася вам чуць такое? Некаторыя з такіх воклічаў хуценька робяць выснову: народу камфортна ў рабстве ці наогул: народ — быдла.

Але давайце глядзець праўдзе ў вочы. Ніхто ніякага рабства не жадае і ніхто тут ня быдла. Проста ўнівэрсальная дэклярацыя правоў і свабод у нашым выпадку не такая ўжо й унівэрсальная. Людзі ж вакол — нармальныя, і жаданьні ў іх нармальныя, і бараніць свае фундамэнтальныя правы й свабоды хочуць і будуць, толькі ня тыя ці ня так названыя, як ва ўнівэрсальнай дэклярацыі, а нейкія свае, сабе зразумелыя, па-свойму сфармуляваныя.


Захад не дапаможа

Так адбываецца таму, што мы карыстаемся тымі фармулёўкамі, лекаламі й абгорткамі правоў і свабод чалавека, што створаныя на Захадзе і не адаптаваныя да нашае глебы. Магчыма, калі б інсьпірацыя абароны правоў чалавека сыходзіла аднекуль з гушчыні беларускага народу, яна б мела нейкі іншы, зразумелы гэтаму народу выгляд і эфэкт.

Паспрабуем сфармуляваць тыя правы, якія мусілі б у першую чаргу бараніцца ў Беларусі й былі зразумелыя звычайнаму беларусу.

Бясьсільле чалавека перад сыстэмай — у самім чалавеку, а не ў сыстэме.

Любая дзяржава будзе прыгнятаць датуль і да такой ступені, пакуль і да якой ступені прыгнечаныя не зразумеюць, хто яны такія, чаго ім трэба і што іх у іхных патрэбах абмяжоўваюць ды прыгнятаюць.


Хто мы?

Калісьці, гадоў трыццаць таму, яшчэ ў савецкім войску я зладзіў такі экспэрымэнт. Я спытваў у салдат: хто ты? Вынік атрымаўся мэтафарычны і часта прыгадваецца мне дагэтуль. Дык вось. Эстонец ці кіргіз адказалі адпаведна: эстонец і кіргіз. Расеец сказаў: чалавек. А беларус сказаў: сяржант.

Гэта значыць, што беларус часьцяком атаясамлівае сябе не з народам і культурай, а з функцыяй, якую ён выконвае ў соцыюме. У такім выпадку ягонае ўяўленьне пра свае правы й свабоды абмяжоўваецца рэглямэнтам гэтай функцыі — раскладам заняткаў, распарадкам працы, службовымі абавязкамі. І што толку заклікаць такога чалавека да нейкіх там свабод? Толькі тады, калі чалавек пачынае атаясамліваць сябе з пэўнай культурай (ці субкультурай), у яго зьяўляюцца патрэбнасьці па-за межамі вызначанага рэглямэнту. А каб рэалізаваць гэтыя патрэбнасьці яму й неабходныя пэўныя правы й свабоды.

Мы мусілі б першым чынам дапамагчы чалавеку разгледзець у сабе сябе. Гэта й ёсьць на сёньня галоўнае фундамэнтальнае права чалавека ў Беларусі — права на самаідэнтыфікацыю.

Між іншым, гэта першая рэч, якая не зразумелая інсьпіратарам з Захаду, дзе права самаідэнтыфікацыі нават не разглядаецца, бо здаўна ляжыць у аснове афіцыйнай дзяржаўнай палітыкі. Адпаведна, такая праца не фінансуецца. Адпаведна, такую працу ніхто й ня робіць, бо адразу пераходзяць да ўнівэрсальных правоў таго, ня ведаю каго.


Права на адметнасьць

У нас жа афіцыйная палітыка, са свайго боку, усімі сіламі не дае гэтаму фундамэнтальнаму праву рэалізавацца. У адрозьненьне ад швэда, паляка ці літоўца, беларусу прыйсьці да асэнсаваньня сябе беларусам дапамагае толькі выпадак. Вось большасьць нашых супляменьнікаў і не самаідэнтыфікуецца.

А гэта што значыць? Што ён застаецца ў межах рэглямэнту сваёй сацыяльнай функцыі, дзе такія паняткі як права на жыцьцё, працу, уласнасьць, сходы ці інфармацыю нічога ня значаць, бо ня маюць зачапленьня з рэальным жыцьцём чалавека. Ён не разумее іх, а яны не знаходзяць яго, каму яны маглі б спатрэбіцца.

У выніку чалавек звыкаецца, што нішто ў гэтым жыцьці ад яго не залежыць — ні выбарная ўлада, ні тарыфныя стаўкі, ні кошты на бэнзын. Бо ў межах функцыі гэта й сапраўды ад яго не залежыць, а хто ён па-за тымі межамі, ён ня ведае.


Права на паходжаньне

Людзі, якія прыяжджаюць з захаду Эўропы ці са Штатаў, са зьдзіўленьнем расказваюць, што тамтэйшыя насельнікі ведаюць па дваццаць пакаленьняў сваіх продкаў. А ў Менску вы лёгка сустрэнеце таго, хто ня ўспомніць, як звалі яго прадзеда і зь якой мясцовасьці іхны род. Ну й якія яму правы?

Рэстытуцыя ў Беларусі немагчымая ведаеце чаму? Не таму, што “ўлада ніколі на гэта ня пойдзе”. А таму, што ніхто не захоўвае доказаў колішняе ўласнасьці сваіх продкаў. Больш за тое, нікому і ў галаву ня прыйдзе зьвярнуцца ў архіў. Бываюць выключэньні, але правіла выглядае менавіта так.

І тое, што большасьць беларусаў называюць сябе беларусамі, у сэнсе самаідэнтыфікацыі значыць ня больш, чым бірка на назе. Беларусы сябе беларусамі ня знаюць, не ўсьведамляюць, бо гэтага не патрабуецца па жыцьці. Маторыка, інстынкты, фізіялягічныя патрэбы — вось чаго найперш патрабуе ад беларуса начальнік ягонай функцыі.

Ёсьць яшчэ субардынацыя — стой там, дзе паставілі. Але субардынацыя — не самаідэнтыфікацыя.

Ёсьць яшчэ нейкія асновы этыкі, якім вучылі ў дзяцінстве, і якія ў даросласьці ператварыліся ў правіла — быць як усе, ня горшым за іншых, не высоўвацца (за межы функцыі). Але быць як усе — ня значыць — быць знаёмым з самім сабой.


Права на годнасьць

Усьведамленьне сваіх правоў неразрыўнае са словам “годнасьць”. З гэтага пачынацца чалавек як суб’ект нацыі й грамадзтва.

Самы абстрактны пункт нашага заканадаўства — абраза гонару й годнасьці, бо ніхто ня ведае, што гэта такое. Напрыклад, ці ёсьць у гонару й годнасьці межы? Ніхто ня можа дакладна сфармуляваць, бо ня можа дакладна сфармуляваць сябе.

Але пры тым абраза годнасьці выклікае ў беларускай душы супраціў, які не прыглушыш ніякімі рацыянальнымі меркаваньнямі, што часьцяком практыкуецца ў людзей з Захаду.

Менавіта прыніжэньне годнасьці — прафэсійнай, чалавечай, нацыянальнай — магло б выклікаць беларускі пратэст у большай ступені, чым якое-небудзь паніжэньне тарыфных ставак ці ўвядзеньне кантрактнай сыстэмы ці скасаваньне льготаў. І гэта ня сьведчаньне нашай адсталасьці ад заходняга прагматызму, а сьведчаньне нашай адметнасьці. Мы крыху іншыя, і трэба думаць, пра што з намі гаварыць.

Чалавек пачынаецца з паходжаньня й сканчаецца ў межах сваёй адметнасьці ад іншых. Так можа выглядаць тэрыторыя ўжо ня чалавека-функцыі, а чалавека-беларуса, на якой знойдзецца месца і ўнівэрсальным чалавечым свабодам і правам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG