Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пазычыў грошы за мяжой — плаці падатак!


З наступнага году беларускія грамадзяне павінны будуць плаціць падатак з атрыманых ад замежных юрыдычных і фізычных асобаў крэдытаў, даўгоў і пазыкаў. З усёй атрыманай сумы неабходна будзе сплаціць 12%.


Эканаміст, рэктар “Moscow Business School” Павал Данэйка выказаў зьдзіўленьне такой фармулёўкай артыкулу 22 Закону аб падаходным падатку — аб падатку з крэдыту:

“З крэдытаў жа нічога ня плаціцца. Плаціцца з прыбыткаў. А крэдыт — гэта не прыбытак. Дзіўна, бо падаткам абкладаюцца прыбыткі. Дзіўны артыкул, для мяне абсалютна незразумела, як гэта можа быць. Толькі зьдзіўленьне выклікае такая фармулёўка”.

Эканаміст дасьледчага цэнтру Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Аляксандар Чубрык выказаў такое меркаваньне:

“Ня ведаю, ці ёсьць такія прэцэдэнты ў сусьветнай практыцы, але ж, відаць, атрымліваецца падвойнае падаткаабкладаньне: абкладаюцца двойчы адны і тыя ж грошы. На мой погляд, гэта ня вельмі нармальна”.

Паводле ацэнак некаторых экспэртаў, гэтая норма закране тых, хто бярэ рэальныя крэдыты ў замежных кампаніях ці банках на набыцьцё, да прыкладу, нерухомасьці. Але старшыня Рады Беларускай асацыяцыі “Нерухомасьць” Мікалай Прасталупаў сьцьвярджае, што да гэтага часу на рынку не былі заўважаныя людзі, якія афіцыйна бралі крэдыты ў замежных банках:

“Працэнтаў 40 пакупнікоў насамрэч прыцягваюць крэдытныя рэсурсы. Але нашых банкаў, беларускіх. А каб прыцягваць крэдыты замежных банкаў — такога не заўважалі мы. На рынак нерухомасьці гэты пункт ніяк не паўплывае — аб прыцягненьні крэдытаў замежных пазычальнікаў. Можа, адзінкі і ёсьць, але я ні сярод дырэктараў іншых агенцтваў пра такіх ня чуў, ні ў нашым агенцтве такіх не праходзіла”.

Крыніца ў Міністэрстве фінансаў, якая не захацела назваць сваё імя, дала такое тлумачэньне зьяўленьня пункту 6 артыкулу 22:

“Гэта была ініцыятыва Міністэрства падаткаў і збораў. Яны быццам бы раскрылі нейкія “шэрыя схемы” атрыманьня даходаў у форме крэдытаў. Мэта — прадухіліць не зусім сумленнае атрыманьне прыбыткаў, калі даход можна задэкляраваць, паказаць, аформіць як крэдыт. Калі крэдыт вяртаецца — чалавеку вяртаецца і сума гэтага падатку. Так, першапачаткова ён зьмяншае атрыманы крэдыт, але ў выніку ён вернецца”.

У новай рэдакцыі Закону не ўдакладняецца, ці трэба дэкляраваць суму крэдыту альбо пазыкі, атрыманых і цалкам вернутых цягам году. Да таго ж актыўнае крэдытаваньне беларускіх грамадзянаў замежнымі банкамі (дый беларускімі) наагул пад вялікім пытаньнем у зьвязку з усясьветным фінансавым крызісам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG