Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шматдзетная сям'я Чарнышовых жыве ў адным пакоі<img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


У мястэчку Лунна Мастоўскага раёна дэпутат мясцовага савету ўжо некалькі гадоў дамагаецца выдзяленьня кватэры для шматдзетнай сям’і Чарнышовых. Як жыве сям’я, у якой даход на аднаго чалавека значна ніжэйшы за пражытковы мінімум, і як яна можа вырашыць сваю жыльлёвую праблему?


Я ў вёсцы Падбараны, што ў двух кілямэтрах ад мястэчка Лунна Мастоўскага раёну, у хаце Рамана й Сьвятланы Чарнышовых. Гэтую хату збудаваў яшчэ дзед Сьвятланы: маленькая кухня два з паловай на два метры, адзін пакой каля 20 м, падзелены шафай на дзьве часткі. Тут жывуць пяць чалавек: Раман, Сьвятлана, сын Сяргей, які вучыцца ў 11 клясе, і дзьве ягоныя сястрычкі – адна ў 10-й, другая ў 9-й клясе.

Тут цесна так, што, сапраўды, нагу няма куды паставіць. Пытаюся ў гаспадароў, як яны тут месьцяцца?

Сьпяць бацькі, а з гэтага боку дзяўчаты, а побач хлопец...
Раман
: “От, перабіваемся...”

Сьвятлана: “Як я вам патлумачу, можа трэба паказаць...”

Да размовы далучаецца мама Сьвятланы, якая таксама жыве разам зь імі ў другім пакойчыку, ня большым за 7 кв. м.

Спадарыня:
“Гэта рассоўваецца, крэсла выносіцца, і гэта таксама рассоўваецца. Тут, да прыкладу, сьпяць бацькі, а з гэтага боку дзяўчаты, а побач хлопец”.

Карэспандэнт: “Сяргей, а як ты адрабляеш урокі, табе сястрычкі не перашкаджаюць?”

Сяргей: “Сёстры не перашкаджаюць, бо ім самім трэба вучыцца. Іншая справа, што хата маленькая, і калі чытаю, то трэба нейкім чынам хоць удумацца ў тое, што чытаю, але з усіх бакоў нешта даносіцца. Адным словам, няма дзе рыхтавацца да заняткаў, каб было спакойна, цішыня, каб ува ўсім разабрацца”.

Сьвятлана працуе паштаркай у Лунне й разносіць пошту па вёсках, Раман нядаўна ўладакаваўся на вінзавод рабочым. Пытаюся ў іх — як магло так атрымацца, што ў іх няма кватэры?

Са словаў Рамана, раней ён працаваў у калгасе й стаяў на чарзе, але калі чарга падышла, кватэру аддалі іншым людзям, а яго папрасілі падпісаць паперку, што прэтэнзіяў ня мае, і, маўляў, абяцалі ў хуткім часе выдзеліць жыльлё. А яшчэ празь нейкі час яго звольнілі з працы й зьнялі з чаргі.

Тое самае мне распавядае й Сьвятлана. Да таго ж яна дадае, што паколькі муж ня меў працы больш як восем месяцаў, то й датацыі на дзяцей яны не атрымліваюць.


"У вёсцы не знайсьці хаты для шматдзетнай сям’і”


У мясцовым сельсавеце ведаюць пра праблему Чарнышовых, нават прапаноўвалі ім засяліцца ў развалены дом. Вось што сказала мне сакратарка сельсавета, Алена Раманчук.

Раманчук: “У сельсавеце няма жыльлёвага фонду. Людзі, якія працуюць у калгасе, там атрымліваюць жыльлё, а тыя, хто стаіць на чарзе ў нас, могуць атрымаць ільготныя крэдыты на тое, каб купіць жыльлё альбо пабудаваць”.

Пытаюся ў Сьвятланы — чаму яны не бяруць крэдыт на будоўлю ці набыцьцё кватэры?

Сьвятлана:
“Мы хацелі браць крэдыт, каб купіць кватэру, але нам сказалі ў раёне, што на пакупку крэдыту не даюць. А па-другое, у вёсцы не знайсьці хаты для шматдзетнай сям’і”.

У сельсавеце няма жыльлёвага фонду...
Раман кажа, што будаваць ня могуць з тае прычыны, што ў Сьвятланы заробак 250 тысяч, а ў яго -- яшчэ меншы.

Раман: “А як будавацца? Нават бацькоў ні ў аднаго, ні ў другога няма...”

Дэпутат мясцовага Савету, сябра Партыі камуністаў Беларусі Аляксандар Пудаўкін кажа, што колькі ён памятае, гэтая сям’я жыве ў такіх умовах. І менавіта ён як дэпутат зьвярнуўся да старшыні райвыканкаму з патрабаваньнем дапамагчы вырашыць жыльлёвую праблему Чарнышовых.

Пудаўкін: “Цяпер я напісаў зварот на імя старшыні райвыканкаму, калі нічога ня зьменіцца, буду пісаць у аблвыканкам, таксама на імя кіраўніка”.

Праўда, сям’я Чарнышовых настроена вельмі пэсымістычна. Сьвятлана Чарнышова казала мне, што за ўвесь час да іх у хату не прыйшоў ніводзін чыноўнік — ні зь сельсавету, ні з раёну — і не пацікавіўся, як яны тут жывуць.

Сьвятлана: “Я ні на што ўжо не спадзяюся, страціла ўсякую надзею”.


XS
SM
MD
LG