Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мы пачынаем выздараўліваць – перастаем зайздросьціць”


Чарговы грамадзкі рэдактар Свабоды – Аляксандар Дабравольскі. Праз два месяцы ў яго паўвекавы юбілей. Мае дзьве вышэйшыя адукацыі – тэхнічную і юрыдычную. Напрыканцы савецкае эпохі быў дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР, у складзе Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы – першай дэмакратычнай парлямэнцкай апазыцыі ў Савецкім Саюзе – працаваў разам з Андрэем Сахаравым, Барысам Ельцыным, Васілём Быкавым, Алесем Адамовічам... У Вярхоўным Савеце Беларусі 13-га скліканьня абіраўся старшынёй падкамісіі па сродках масавай інфармацыі і сувязях з грамадзкімі аб’яднаньнямі. Сябра Палітычнай рады Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дырэктар Усходнеэўрапейскай Школы палітычных дасьледаваньняў. Сёньня Аляксандар Дабравольскі разважае пра зайздрасьць


"Страх і зайздрасьць – менавіта два гэтыя натуральныя для ўсіх людзей пачуцьці выкарыстоўваюцца зараз рэжымам дзеля сваёй падтрымкі. Прычым спачатку, як кажуць, была зайздрасьць – пачуцьцё вельмі неканструктыўнае, якое не дазваляе нічога ствараць.

Пры ўсім тым яно надзвычай жывучае, бо натуральнае: шмат што ў жыцьці даецца несправядліва... А людзі схільныя зайздросьціць таму, хто больш пасьпяховы. І калі грамадзтва будзе ўсё больш хварэць на гэтае пачуцьцё, мы будзем мець складаную пэрспэктыву: каб штосьці зрабіць, ты мусіш спачатку нечага дасягнуць. А дасягнуць не асабліва дадуць – хутчэй сьцягнуць назад за ногі, каб ты ня здолеў падняцца.

Гэтым традыцыйна вельмі ўдала карыстаўся рэжым. Узгадайце, як Лукашэнка зьневажаў міністраў, усіх пасьпяховых людзей – публічна, на “ты”, з пагрозамі, абразамі… Тое шмат каму падабалася.

Аднак зараз сытуацыя троху памянялася, што вельмі цешыць мяне. Мо людзі ўжо прытаміліся ад навалы зайздрасьці, мо яшчэ чаму, аднак мне здаецца – яе паменела.

Аднак неўміручым застаецца другая загана грамадзтва – страх выказацца.

Хоць праўда насамрэч парадаксальная: больш за ўсіх у нашай краіне баіцца менавіта той, хто на самым версе і, як кажуць, кіруе працэсам… Ён – чалавек, для якога страх – самае моцнае пачуцьцё.

А вось нам баяцца ня трэба. Асабліва важна пазбавіцца страху тады, калі патрэбна рабіць выбар. І хоць наверсе спадзяюцца на яго далейшае панаваньне, я ўпэўнены: людзі усё больш разумеюць – як толькі яны авалодаюць са сваімі нэрвамі, усё ў грамадзтве наладзіцца. І першыя крокі да гэтага неабходна рабіць ужо зараз".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG