Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Найгоршае, што ёсьць у Беларусі, – гэта атмасфэра страху”


Чарговы грамадзкі рэдактар Свабоды – Аляксандар Дабравольскі.


Праз два месяцы ў яго паўвекавы юбілей. Мае дзьве вышэйшыя адукацыі – тэхнічную і юрыдычную. Напрыканцы савецкае эпохі быў дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР, у складзе Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы – першай дэмакратычнай парлямэнцкай апазыцыі ў Савецкім Саюзе – працаваў разам з Андрэем Сахаравым, Барысам Ельцыным, Васілём Быкавым, Алесем Адамовічам... У Вярхоўным Савеце Беларусі 13-га скліканьня абіраўся старшынёй падкамісіі па сродках масавай інфармацыі і сувязях з грамадзкімі аб’яднаньнямі. Сябра Палітычнай рады Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дырэктар Усходнеэўрапейскай Школы палітычных дасьледаваньняў.

Сёньня Аляксандар Дабравольскі разважае пра атмасфэру страху, якая пануе ў грамадзтве.


– У выпадку, калі дасягнуўшыя ўлады людзі хочуць захаваць яе надалей, прычым незалежна ад меркаваньня выбарцаў, яны ператвараюць дзяржаву ў цалкам падкантрольную структуру. Фактычна, дзяржава імі прыватызуецца.

І надалей ідзе ўжо змаганьне не за тое, што дэкляруецца ў лёзунгах, а за іхныя канкрэтныя інтарэсы.

У гэта ўцягваецца вялікая колькасьць памагатых, на сумленьні якіх зь цягам часу ўсё больш і больш ня проста непрыгожых, а – подлых учынкаў.

Аднак я б у першую чаргу вінаваціў ня іх. Ня тых, хто можа звольніць супрацоўнікаў, чыё вальнадумства не стасуецца зь дзяржаўнай палітыкай ці зь меркаваньнем непасрэдных начальнікаў. І ня тых “стукачоў”, якія заўсёды гатовыя “закласьці” вальнадумцаў.

Я вінавачу аўтараў стварэньня такой атмасфэры ў краіне.

У выніку якой людзі баяцца адкрыта выказваць свае думкі. Яны баяцца нават сярод сяброў сказаць штосьці “такое”. Таму ўсе гэтыя гаворкі – ні пра што.

Такая атмасфэра – найгоршае, што ёсьць у Беларусі. І я толькі ўяўляю радасьць, калі мы ўсе нарэшце зможам удыхнуць свабоднае чыстае паветра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG