Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Трэба не байкатаваць, а змагацца за грамадзкую падтрымку”


Сёньня Аляксандар Дабравольскі разважае пра тое, што рабіць у цяперашніх варунках — падтрымліваць ідэю байкоту выбараў або ўдзельнічаць у іх да канца.



“Зараз адно з самых актуальных пытаньняў, якое стаіць перад усімі кандыдатамі ад дэмакратычных сілаў — ці ўдзельнічаць у гэтай выбарчай кампаніі?

Таму што ўсё больш і больш зразумела: выбары ня будуць справядлівымі. Прыкмет гэтага вельмі шмат. Пачнём хоць бы з таго, што не адбыліся ніякія зьмены ў выбарчым заканадаўстве, хаця былі прапановы мяняць яго, дэмакратызаваць… Пасьля былі прапановы, распрацаваныя беларускімі юрыстамі, што ўсё можна ўрэгуляваць праз інструкцыі і пастановы ЦВК.

Але нічога не было зроблена. І фактычна выбарчая кампанія праходзіць па старых правілах.

Больш за тое: вельмі мала людзей уключылі ў выбарчыя камісіі наагул, і асабліва ва ўчастковыя, дзе лічаць галасы. У маёй акрузе мы падалі 33 кандыдатуры на кожны ўчастак. Сярод іх — Валеры Фадзееў, былы першы намесьнік старшыні Канстытуцыйнага суду, заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь, вельмі вядомы адвакат Гары Паганяйла, вядомы спэцыяліст па выбарчым праве Сяргей Альфер… Астатнія таксама мелі значна большы досьвед у выбарчым працэсе, чымсьці тыя, хто былі ўключаныя.

Таму ёсьць справядлівае падазрэньне ў тым, што арганізатары выбараў не зьбіраюцца справядліва лічыць галасы.

Але тым ня менш мая пазыцыя палягае ў тым, што трэба змагацца за сымпатыі беларускіх грамадзянаў, за грамадзкую падтрымку. І таму, калі ёсьць магчымасьць, трэба ў гэтай кампаніі ўдзельнічаць. Менавіта дзеля тых самых грамадзянаў.

Байкот — гэта незвычайныя паводзіны для беларускіх выбарцаў. І таму, каб яго арганізаваць, трэба праводзіць кампанію нават значна лепшую, чым удзел у выбарах.

Зыходзячы з гэтай рэчаіснасьці, я думаю, што трэба не байкатаваць, а змагацца за грамадзкую падтрымку”.

Чарговы грамадзкі рэдактар Свабоды — Аляксандар Дабравольскі. Праз два месяцы ў яго паўвекавы юбілей. Мае дзьве вышэйшыя адукацыі — тэхнічную і юрыдычную. Напрыканцы савецкае эпохі быў дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР, у складзе Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы — першай дэмакратычнай парлямэнцкай апазыцыі ў Савецкім Саюзе — працаваў разам з Андрэем Сахаравым, Барысам Ельцыным, Васілём Быкавым, Алесем Адамовічам... У Вярхоўным Савеце Беларусі 13 скліканьня абіраўся старшынёй падкамісіі па сродках масавай інфармацыі і сувязях з грамадзкімі аб’яднаньнямі. Сябра Палітычнай рады Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дырэктар Усходнеэўрапейскай Школы палітычных дасьледаваньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG