Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Выбарчы дзёньнік”. Штодня мы расказваем пра барацьбу ў розных рэгіёнах Беларусі за мандаты дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.


Горкі. Журналіста незалежнага выданьня гвалтоўна выдалілі са сходу, у якім прымала ўдзел праўладная кандыдат у дэпутаты спадарыня Асмалоўская

Горадня. Права “няўгоднага” прэтэндэнта да дэпутацтва Сяргея Кузьмянка на выступ адстаялі шараговыя выбарцы

Столін. Тут скрыню для галасаваньня зрабілі празрыстай. Аднак ці будуць празрыстымі падлікі бюлетэняў?


ЗДАРЭНЬНЕ


Горацкі журналіст Эдуард Брокараў паскардзіўся ў міліцыю на прарэктара сельскагаспадарчай акадэміі па выхаваўчай працы Аляксандра Чачоткіна. Той з камэндантам інтэрнату гвалтоўна выштурхнулі яго з пакою, у якім сустракалася са студэнтамі кандыдатка ў дэпутаты Тацяна Асмалоўская.

Эдуард Брокараў сьцьвярджае, што сустрэча праходзіла таемна, незаконна. Акрамя скаргі ў міліцыю, журналіст разам зь незалежным кандыдатам у дэпутаты Андрэем Юрковым зьвярнуліся ў акруговую і цэнтральную выбарчую камісіі – скасаваць рэгістрацыю спадарыні Асмалоўскай:

“Яна парушыла выбарчы кодэкс, а таксама было парушана рашэньне выканкаму аб месцах сустрэч з выбарцамі. Мы ня думаем, што цэнтарвыбаркам, ці акруговая камісія здыме кандыдата ад улады. Мы чакаем розгаласу. Мы чакаем, што людзі, тыя ж самыя студэнты ўбачаць, як паводзяць сябе ўлада і як паводзяць сябе праўладныя кандыдаты ды зробяць пэўныя высновы”, – зазначае Эдуард Брокараў.

Прарэктар па выхаваўчай працы акадэміі Аляксандар Чачоткін пацьвердзіў, што канфлікт з Брокаравым меў месца й справакаваў яго нібыта сам журналіст, якія ня быў запрошаны на сустрэчу. Пацьвердзіў спадар Чачоткін й тое, што на сустрэчы са студэнтамі была й дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Тацяна Асмалоўская:

“Дэпутатка папрасіла, ці можна мне папрысутнічаць, каб даведацца, якія сёньня праблемы ёсьць у студэнтаў па пражываньні, каб потым іх агучваць і праверыць, як яны будуць вырашацца тым, каго абяруць, і гэтак далей”.

ЛІЧБА

60 – менавіта столькі жанчын сярод 275 кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Гэтыя лічбы назвала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

Лідэр рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня “Беларуская жаночая ліга” Ніна Стужынская лічыць, што гендэрнага балянсу ў названай статыстыцы няма:


“Я думаю, што жанчын так мала (параўнальна з агульнай лічбай) таму, што гэтыя выбары несапраўдныя. У жанчын заўжды больш прагматычны падыход, нават да такіх палітычных мерапрыемстваў, як выбары. І таму калі жанчына ня можа рэалізаваць сябе праз выбары, яна на іх і не пойдзе.

Выбары маюць абсалютна нэгатыўны імідж: няшчырыя, непраўдзівыя. Некаторыя жанчын ўжо маюць нэгатыўны досьвед ад такіх спробаў. Ёсьць нават нейкі адбітак ахвярнасьці – яны шмат што страцілі ў жыцьці – працу, здароўе, знаёмых... Жанчыны больш абачлівыя. Таму яны і не пайшлі кандыдатамі ў дэпутаты”.

І на заканчэньне яшчэ дзьве лічбы – у цяперашняй Палаце прадстаўнікоў са 110 дэпутатаў – 33 жанчыны

ФАКТ

Незалежны кандыдат па Гарадзенскай-Занёманскай акрузе Сяргей Кузьмянок асноўным з чатырох супернікаў лічыць старшыню гарвыканкаму Аляксандра Антоненку.

Нядаўна яму трапіў у рукі зварот вэтэранаў, якія агітуюць галасаваць за гарадзкога мэра. Таму спадар Кузьмянок накіраваў заявы ў акруговую камісію і ў Цэнтарвыбаркам.

Кузьмянок: “Антоненку кожны дзень спэцыяльна робяць сустрэчы і ў школах, і на прадпрыемствах. А калі я прыходжу на сустрэчы, мяне проста не дапускаюць. Пазаўчора я быў на бацькоўскім сходзе, і дырэктар школы з намесьнікам ледзьве не міліцыю хацелі выклікаць. Але я запытаў у людзей: можна я выступлю? І людзі мне дазволілі. Праўда, адключалі і мікрафон, і не дапускалі да трыбуны, але людзі падтрымалі мяне, і сустрэча адбылася. Гэта 31-я школа”.

СЫТУАЦЫЯ

Выбарчы кодэкс не тлумачыць, зь якога матэрыялу мусяць быць скрыні для галасаваньня. Дакумэнт вызначае толькі памеры. Таму пытаньне на месцах вырашаюць камісіі
Сёньня дзяржаўныя СМІ выдаюць за сэнсацыю, што на выбарчых участках Століну будуць выкарыстоўвацца празрыстыя скрыні для галасаваньня. Камэнтуе куратар выбарчай кампаніі ў рэгіёне Аляксандар Каляда:

“Справа ў тым, што Выбарчы кодэкс не тлумачыць, зь якога матэрыялу мусяць быць скрыні для галасаваньня. Дакумэнт вызначае толькі памеры. Таму пытаньне на месцах вырашаюць камісіі. І калі часта крычаць, што ў нас няма празрыстых скрыняў, то яны зрабілі празрыстыя скрыні для ўсіх участкаў у самім Століне”.

На тэрыторыі Столінскай выбарчай акругі №16 больш як 60 тысяч выбарцаў, а паслугі празрыстай скрыні скарыстаюць толькі 20% гэтай колькасьць. Па-другое, са сьпісу вылучэнцаў у акрузе выкінутыя сябры ПКБ і КПБ, а таксама дырэктары камэрцыйных фірмаў. Сытуацыю ацэньвае адзін з лідэраў берасьцейскай арганізацыі ПКБ Анатоль Новік:

“Вынік усё роўна будзе такі, які яны заплянавалі.Я заўжды на выбарах прапаноўваю: “Давайце кантрольную нітачку працягнем праз дно скрыні для галасаваньня і аплямбуем. Такім чынам нельга будзе фальшаваць зь бюлетэнямі. Дык не, не ідуць на гэта”.


XS
SM
MD
LG