Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскую эканоміку пачынае трэсьці?


Гэтак, але без пытальніка, называецца артыкул ў сёньняшнім выданьні амэрыканскага штодзёньніка International Herald Tribune аб эканамічнай сытуацыі ў Расеі пасьля канфлікту з Грузіяй.


На думку аглядальніка газэты Эндру Крэмэра, расейскі фондавы рынак цяпер перажывае найгоршы спад з часу фінансавага крызысу 1998 году.

Гэтак званы індэкс РТС — біржавы паказьнік, які адлюстроўвае зьмены вартасьці акцый 50 найважнейшых расейскіх кампаній (Аэрафлот, Газпром, Лукойл, Сбербанк, Уралкалій і г.д.) — панізіўся, пачынаючы з траўня, на амаль 48 адсоткаў. Гэтае паніжэньне часткова тлумачыцца, на думку Крэмэра, тэндэнцыямі ў сусьветнай эканоміцы, дзе падаюць цэны на нафту. Але частка віны таксама кладзецца на расейска-грузінскую вайну, якая напалохала замежных інвэстараў.

Учора расейскі прэзыдэнт Дзьмітрый Мядзьведзеў даручыў ураду спыніць спад на фондавым рынку, які ён назваў "часовай зьявай". Міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын запрапанаваў, каб урад уклаў сродкі з пэнсійнага фонду і гэтак званага фонду нацыянальнага дабрабыту (у якім 32 мільярды даляраў, адкладзеных дзеля забесьпячэньня пэнсійнай сыстэмы) у каштоўныя паперы і дэпазыты на ўнутраным рынку.

Учора таксама Цэнтральны банк Расеі выдаткаваў больш за 10 мільярдаў даляраў банкаўскай сыстэме краіны, каб пабольшыць яе ліквіднасьць і спыніць абясцэньваньне расейскага рубля ў адносінах да даляра.

Сёньняшняе выданьне брытанскага штодзёньніка Financial Times цытуе аналітыка з расейскага Альфа Банку, які лічыць, што калі б расейскі ўрад уклаў у фондавы рынак нават 3 мільярды даляраў са сваіх спэцыяльных фондаў, гэткая інтэрвэнцыя мела б адно сымбалічнае значэньне (3 мільярды даляраў — гэта ўсяго толькі аб’ём аднадзённых таргоў на фондавым рынку Расеі).

Але цытаваны газэтай іншы аналітык, з Уралсіб Банку, лічыць, што расейскаму ўраду лепш укласьці грошы ў фондавы рынак цяпер, чым чакаць, пакуль гэты рынак абвяліцца яшчэ больш, калі ўжо ніякая інтэрвэнцыя не дапаможа.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG