Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што сьведчыць нядзельнае рашэньне АДС? Ці ёсьць у аб’яднаных дэмакратаў вызначаная стратэгія на гэтых выбарах? На гэтыя пытаньні адказвае рэдактар Інтэрнэт-выданьня “Салідарнасьць” Аляксандар Старыкевіч.

Цыганкоў: Як вы ацэніце пастанову Палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў адкласьці да 21 верасьня рашэньне аб далейшым удзеле АДС у парлямэнцкай выбарчай кампаніі?
Старыкевіч: Па-першае, усё гэта сьведчыць пра тое, наколькі нашы Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы сапраўды аб’яднаныя. Па-другое, у іх няма ня тое што стратэгіі, але нават уяўленьня, у які бок рухацца, як перамагаць – і не выключана, што няма асаблівага жаданьня перамагаць. Задача максымум для іх – захаваць статус-кво, захаваць сябе ў тым самым становішчы.
Цыганкоў: “Што вам не канкрэтна падабаецца – рашэньне БНФ здымацца ці рашэньне АДС пакуль не сьпяшацца?”
Старыкевіч: “Праблема ў тым, што ўжо сёньня любое рашэньне дрэннае. Нельга разглядаць гэтыя выбары па-за кантэкстам. Перамагчы на гэтых канкрэтных выбарах мне здаецца немагчымым. І гэтая кампанія мусіла быць упісаная ў нейкую агульную стратэгію, якая прысьвечаная прэзыдэнцкім выбарам. Але людзі не зьбіраюцца нічога мяняць, а толькі перабіраюць паміж двума аднолькава дрэннымі варыянтамі”
Цыганкоў: “У такім выпадку – ці быў раней нейкі выбар, ці маглі дэмакраты раней збочыць з той дарогі, па якой яны, на вашу думку, няправільна ідуць?”
Старыкевіч: “Выбар ёсьць заўсёды. Я думаю, што варта было сыходзіць з таго, да чаго дэмакратычныя сілы імкнуцца. Калі гаворыцца, прыкладам пра перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах, то ў гэтым кантэксьце трэба было і вызначацца – чаго трэба дамагчыся на выбарах у Палату. Ужо трэба было мець нейкую ўзгодненую асобу кандыдата, які пойдзе на гэтыя выбары.
Нашы дэмакратычныя лідэры часам займаюцца міжсобнымі разборкамі. Я не кажу, што дэмакраты – такія дрэнныя, якія нічога ня могуць рабіць. Пасьпяховае змаганьне з рэжымам у сёньняшняй сытуацыя вельмі праблематычнае. Але таму тым больш патрэбная пралічаная, дакладная стратэгія, якая пакідае нейкія шанцы на посьпех. Калі ж яе няма, калі ўсё вырашаецца такім чынам, што камуністы – па-собску, БНФ –па-собску, то нічога з гэтага не атрымаецца”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG