Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДС адкладае рашэньне аб ўдзеле ў выбарах <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


У нядзелю Палітычная Рада Аб’яднаных дэмакратычных сілаў пастанавіла адкласьці да 21 верасьня рашэньне аб далейшым удзеле АДС у парлямэнцкай выбарчай кампаніі. Напярэдадні Сойм Партыі БНФ прыняў рашэньне, што кандыдаты ад БНФ павінны зьняцца з выбараў 23 верасьня. Але пазыцыя БНФ не знайшла падтрымкі бальшыні суб’ектаў АДС.


Тры гадзіны ў штаб-кватэры БНФ працягвалася дыскусія на паседжаньні Палітычнай Рады АДС.

Сутыкнуліся два пункты гледжаньня на далейшую стратэгію апазыцыі ў выбарчай кампаніі – альбо ўжо зараз аб’явіць пра зьняцьцё сваіх кандыдатаў (у суботу менавіта такое рашэньне прыняў Сойм БНФ) альбо пакінуць акно магчымасьцяў адчыненым і даць сябрам кааліцыі розныя варыянты рашэньня.

“Адзіны варыянт зламаць існуючую сыстэму, паўплываць на сытуацыю – гэта зьняцца” – пераконваў прысутных Павал Севярынец. Аднак некаторыя кандыдаты ў дэпутаты выказваліся ў тым сэнсе, што іхняе зьняцьцё з выбараў будзе здрадай тым людзям, якія працавалі ў іх камандах, і тым выбарцам, якія за іх падпісаліся.

Лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька асаблівую ўвагу зьвярнуў на неабходнасьць прыняць агульнае кансалідаванае рашэньне ўсімі суб’ектамі дэмакратычнай кааліцыі, і ў гэтым сэнсе трошкі папракнуў БНФ і Партыю камуністаў, якія ўжо прынялі ўласныя партыйныя рашэньні наконт удзелу ў выбарах. “Калі мы развалім АДС, у нас ня будзе палітычнай пэрспэктывы” – заявіў Лябедзька, пакрэсьліўшы, што такое разьвіцьцё падзеяў будзе на руку найперш уладам.

Лідэр партыі камуністаў Сяргей Калякін у размове з карэспандэнтам Свабоды адхіліў сьцьверджаньні, нібыта камуністы ўжо вырашылі ісьці да канца на гэтых выбарах, незалежна ад рашэньня іншых сябраў кааліцыі. Вось як ён пракамэнтаваў прынятую сёньня заяву АДС

“Калі прымаецца амаль што бяз зьменаў рашэньне, аўтарам якога я быў, я не магу быць не задаволены. Тут усё ёсьць – і вельмі жорсткая ацэнка выбарчага працэсу, і дзеяньняў ўладаў. Тут ёсьць і пацьверджаньне таго, што мы ўжо сёньня не прызнаем, што гэтыя выбары адпавядаюць дэмакратычным стандартам, і заклік да міжнароднай супольнасьці іх не прызнаваць. Мы не зачыняем дзьвярэй, мы кажам уладам, што можна ўсё паправіць, калі дадаць нашых людзей у камісіі.

Мы ня кажам, што ўсё ўжо вырашана – мы адчыняем акно магчымасьцяў да ўсіх. А па-другое, мы пакідаем за сабой права прыняць адпаведнае рашэньне 21 верасьня. Калі мы будзем бачыць, што ёсьць падставы не працягваць удзелу у выбарах, то мы такое рашэньне прымем. І наконт таго, што камуністы ўжо прынялі для сябе канчатковае рашэньне – гэта ня так”.

Сёньняшні расклад сілаў у АДС прадэманстравалі вынікі галасаваньня. За прыняты праект заявы, распрацаваны прэзыдыюмам Палітрады, галасавалі 25 чалавек, супраць -- два, шасьцёра ўстрымаліся. Прапанова Паўла Севярынца, каб ужо сёньня заявіць, што 23 верасьня дэмакратычныя сілы здымаюць усіх сваіх кандыдатаў, набралі ўсяго 4 галасы.

Апошні, галоўны пункт заявы гучыць наступным чынам: Рада АДС “склікае 21 верасьня паседжаньне Палітрады АДС для разгляду пытаньня аб спыненьні далейшага ўдзелу Аб’яднаных дэмакратычных сілаў у выбарчай кампаніі”. (Увесь тэкст заявы мае быць разьмешаны на сайце АДС)

Даволі красамоўным было і гэтак званае рэйтынгавае галасаваньне сярод кандыдатаў у дэпутаты. Яны пайменна адказвалі на пытаньне, ці падтрымліваюць яны сёньняшняе рашэньне. З 51 апытанага толькі 8 выказаліся за тое, каб ужо сёньня заявіць пра зьняцьцё сваіх кандыдатураў, астатнія падтрымалі прыняты сёньня варыянт заявы АДС. Супраць неадкладнага зьняцьця сваіх кандыдатур выказваліся нават некаторыя кандыдаты ад Партыі БНФ.

На фота: на паседжаньні АДС прысутнічалі і гэтыя маладыя прыхільніцы байкоту


На фота: надпіс "Байкот" перад уваходам у штаб-кватэру БНФ

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG