Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перадвыбарчая агітацыя за кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў доўжыцца другі дзень.

Кандыдаты ад апазыцыя яшчэ рыхтуюцца ўключыцца ў гэтую працу. Адначасна лідэры аб’яднаных дэмакратычных сіл плянуюць прыняць супольнае рашэньне адносна магчымага байкоту выбараў.

Сябра партыі БНФ, кандыдатка ў дэпутаты Валянціна Сьвяцкая кажа, што ўжо распачала перадвыбарчую працу:

“Што тычыцца ўдзелу ў кампаніі, то я ўжо ўключылася ў кампанію. Бо сёньня акруговая камісія папрасіла, каб я даслала пашпартныя зьвесткі , бо ўжо рыхтуюцца бюлетэні для галасаваньня. А таксама я павінна надрукаваць на беларускай мове і таксама даслаць у акруговую камісію сваю пасаду і арганізацыю, дзе я працую”.

Кандыдат у дэпутаты ў Кобрыне Аляксандар Мех яшчэ не распачаў вулічную агітацыю, але рыхтуе выступ для запісу на радыё:

“Абавязкова будзем закранаць тэму правядзеньня “Дажынак” у Кобрынскім раёне, як гэтыя сродкі сапраўды рэалізоўваюцца. Абавязкова будзем закранаць кантрактную сыстэму, што яна прынесла людзям, тэму вяртаньня льгот і многія іншыя”.

Адначасна лідэры аб’яднаных дэмакратычных сіл рыхтуюцца прыняць канчатковае рашэньне адносна магчымага байкоту выбараў. Паседжаньне палітрады АДС адбудзецца ў нядзелю, кажа старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

“Паседжаньне будзе пашыраным, з удзелам людзей, якія былі ў адзіным сьпісе АДС. Галоўнае пытаньне – вызначыцца з фарматам далейшага ўдзелу. Відаць, рашэньне будзе”.

У сваю чаргу лідэры Маладога фронту кампанію байкоту выбараў абвясьцілі яшчэ вясной, кажа намесьнік старшыні Артур Фінькевіч:

“На гэты момант праводзім актыўную кампанію па байкоту выбараў з заклікам людзей прыйсьці на плошчу 28 верасьня а 20.00”.

Разнастайнасьць падыходу да ўдзелу ў выбарчай кампаніі сярод прадстаўнікоў апазыцыі камэнтуе палітоляг Аляксандар Класкоўскі:

“Апазыцыя нашая слабая і ў яе няма стратэгіі ды ўпэўненасьці, што можна дамагчыся, скажам, цягам гэтай кампаніі нейкага рэальнага выніку, таму і ідзе такі разнабой. Практыка паказвае, што беларуская апазыцыя ў гэтым сэнсе не ўнікальная. І ў Грузіі, і ў Сэрбіі апазыцыя да пары, да часу была такой расьцярушанай і слабой, было шмат сварак і звадак. Але ў вызначальны момант, калі адчувалася, што адзін удар – і ўсё можа зьмяніцца, тады яна хутка ядналася і вылучала адзінага лідэра”.

У выніку выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, дэпутацкія мандаты павінны атрымаць 110 чалавек. Кандыдатамі ў дэпутаты зарэгістравана 276 чалавек. Сярод іх прадстаўнікоў апазыцыі – 76 чалавек. 20 чалавек са сьпісу Аб’яднаных дэмакратычных сіл зарэгістраванымі не былі. Сярод іншых Вінцук Вячорка, Віктар Івашкевіч, Мікола Статкевіч, Аляксандр Макаеў і іншыя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG