Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Х.Мінгарэлі абмяркоўваў у Менску “пэрспэктывы інтэнсыфікацыі дыялёгу паміж Беларусьсю і Эўрапейскай камісіяй”.

Сёньня ў Менску намесьнік генэральнага дырэктара Генэральнага дырэктарату Эўракамісіі па міжнародных сувязях Х’юга Мінгарэлі сустрэўся з прадстаўнікамі дэмакратычнай апазыцыі.

Прадстаўнік Эўракамісіі правёў сустрэчы ў адміністрацыі прэзыдэнта і міністэрстве замежных справаў. Як паведамляе прэсавая служба беларускага МЗС, “бакі абмеркавалі пэрспэктывы інтэнсыфікацыі дыялёгу паміж Беларусьсю і Эўрапейскай камісіяй”.

Якія ж крокі будуць зроблены з эўрапейскага боку ў справе “інтэнсыфікацыі дыялёгу”? На гэта прадстаўнік офісу Эўракамісіі ў Менску Яніс Айзсалніекс сказаў:

“Гэта цяжка сказаць. Такое абмеркаваньне толькі пачынаецца ў Эўразьвязе. І цяжка сказаць, якія крокі будуць зроблены. Усе сустрэчы адбыліся, і ён едзе з гэтай інфармацыяй у Брусэль, каб перадаць яе свайму кіраўніцтву”.

Сёньня Х’юга Мінгарэлі сустрэўся з прадстаўнікамі дэмакратычнай апазыцыі. Абмяркоўваліся дзьве галоўныя тэмы: вызваленьне палітвязьняў і выбарчая кампанія ў Беларусі. Таксама спадар Мінгарэлі адзначыў, што эўрапейцы і надалей будуць працягваць кантакты з дэмакратычнымі сіламі. Паводле ўдзельніка сустрэчы, каардынатара кампаніі “За свабодныя і справядлівыя выбары” Віктара Карняенкі, інтэнсыфікацыя дыялёгу паміж афіцыйным Менскам і Брусэлем будзе залежаць ад наступных крокаў уладаў:

“Адна ўмова з 12-ці выканана. Засталося яшчэ 11. Магчыма, тут трэба ісьці на нейкія кампрамісы, у тым ліку Эўразьвязу. Мы гатовы таксама выказацца адносна гэтых 11-ці прапаноў. Магчыма, гэта павінна быць пакрокавая стратэгія. Але залежыць гэта ўсё, канечне ж, ад беларускіх уладаў. Зараз мяч на іх баку. У тым ліку, мы адзначылі, і па выбарах”.

Віктар Карняенка сказаў, што ўсе ўдзельнікі сустрэчы віталі вызваленьне палітвязьняў:

“Мы таксама лічым гэта важным фактам. Але ні ў якім выпадку нельга зьвязваць вынікі выбараў з вызваленьнем палітвязьняў. Гэта розныя тэмы. Безумоўна, ускосна гэта ўплывае, зьніжаецца пачуцьцё страху ў грамадзтве. Але па першае, гэта вельмі позна адбылося. А па другое, толькі ўскосна зьвязана. А што тычыцца выбарчай кампаніі, то тут няма заўважаных, сур’ёзных пераменаў, якія маглі б сьведчыць пра пазытыўныя зрухі”.

Паводле намесьніка старшыні АГП Яраслава Раманчука, спадар Мінгарэлі паабяцаў перадаць Эўракамісіі пазыцыю прадстаўнікоў дэмсілаў:

“Патрэбны сыстэмны падыход да дэмакратызацыі краіны, а ня проста нейкія касмэтычныя меры, якія могуць стварыць уражаньне, што Беларусь ужо стала нейкай дэмакратычнай краінай. Я казаў, што папярэднія выбары мы праводзілі па савецкай мадэлі, сёньня мы накіроўваемся да расейскай, казахскай мадэлі, але яшчэ да іх не дайшлі”.

У сустрэчы з Х’юга Мінгарэлі ўзялі ўдзел таксама былыя палітвязьні Сяргей Парсюкевіч і Андрэй Кім. Спадар Кім заявіў:

“Улада пайшла на нейкія касмэтычныя зьмены. Быў адзін такі дастаткова важны крок – вызваленьне палітзьняволеных. Але прынцыповых зьменаў улада не рабіла. І пакуль мы ня бачым жаданьня гэта рабіць”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG