Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня ў латвійскай Юрмале пачынае працу канфэрэнцыя сьпікераў скандынаўскіх і балтыйскіх краінаў. Сярод галоўных тэмаў, вынесеных на абмеркаваньне, — расейска-грузінскі канфлікт, лёс Лісабонскай дамовы, энэргетычныя пытаньні.


Увагу журналістаў, аднак, прыцягнула да сябе і гэтак званая незаплянаваная тэма. Размова ідзе пра прапанову аб зьмякчэньні адносінаў зь Беларусьсю. Яе зьбіраецца агучыць у Юрмале старшыня Сойму Літвы Чэславас Юршэнас.

Напярэдадні ў часе онлайн-канфэрэнцыі на найбуйнейшым балтыйскім інфармацыйным партале DELFI Юршэнас зазначыў, што “знак міру, які падае Беларусь”, варты ўвагі, а таму “пазыцыі ў дачыненьні да Беларусі сапраўды могуць зьмяніцца”. “Мы пабачылі выразныя новыя факты — напрыклад, вызваленьне палітвязьняў і асабліва нашага сябра Аляксандра Казуліна. Гэта ня простая рэч, гэта сапраўдная падзея. Я думаю, што гэта можа падштурхнуць нас да таго, каб падумаць, ці патрэбная і надалей “жорсткая” палітыка” ізаляцыі Беларусі. Магчыма, варта трохі паслабіць гайкі”, — зазначыў Юршэнас.

Такая пазыцыя была ўспрынятая неадназначна, у тым ліку і ў Беларусі. Спадар Юршэнас кажа, што ён ведае пра гэтую рэакцыю ў суседняй краіне.

“Вы ведаеце, пры перакладзе адно слова можа быць пададзена мацней, а другое слабей. Аднак гэта ня мае прынцыповага значэньня. Я падкрэсьліваю, мы рады, што тых людзей, якія, з нашага гледзішча, былі незаслужана пакараныя, вызвалілі. Гэта сыгнал, які нельга ігнараваць і не заўважыць. Я вітаю яго і лічу, што гэта добрая падстава для таго, каб выставіць на абмеркаваньне і ўдакладніць зь іншымі наш погляд на сытуацыю ў Беларусі і рэжым у Беларусі”.

Паводле Юршэнаса, палітыкаў, якія прытрымліваюцца падобных думак, “у Літве дастаткова”. Гэта тычыцца, у прыватнасьці, і міністра замежных справаў Літвы, былога яе амбасадара ў Беларусі Пятраса Вайцякунаса, зь якім Юршэнас напярэдадні Юрмалы абмяркоўваў сваю пазыцыю. Як заявіў журналістам сам Вайцякунас, настаў час, каб і Літва, і іншыя дзяржавы адрэагавалі на сыгналы Менску.

Літоўскі сьпікер не бярэцца прагназаваць, як сустрэнуць на саміце яго прапанову. Магчыма, у выніку будзе прынятая нейкая адмысловая рэзалюцыя па Беларусі, а магчыма, усё абмяжуецца звычайным абмеркаваньнем.

Прадстаўнікі літоўскай парлямэнцкай групы “За дэмакратычную Беларусь” заклікаюць кіраўніцтва краіны не падзяляць падобнага аптымізму.

“Ня думаю, што ў беларускай палітыцы адбыліся сур’ёзныя зьмены толькі ад таго, што ўлады вызвалілі некалькі чалавек”, — сказаў Delfi.lt кансэрватар Саўлюс Печалюнас. — “Ёсьць палітыка ў дачыненьні да жыхароў Беларусі, а ёсьць палітыка ў дачыненьні да рэжыму і парлямэнту. Літва можа мець некаторыя свае погляды, аднак яна ўсё роўна мусіць узгадняць усё з ЭЗ. Тут могуць быць нейкія нюансы”.

Тым часам агенцтва ELTA паведаміла, што ў панядзелак прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус сустрэўся зь нядаўна вызваленым з турмы былым кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі Аляксандрам Казуліным. Прэсавая сакратарка прэзыдэнта Літвы паведаміла, што гэта была працоўная сустрэча і не агучыла яе зьмест. У аўторак адміністрацыя прэзыдэнта Літвы распаўсюдзіла паведамленьне, дзе гаворыцца, што пра вынікі гэтай сустрэчы будзе праінфармаваная канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель, якая прыбывае зь візытам у Літву.
XS
SM
MD
LG