Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“...І купілі радыё. Яны надта чакалі тую Расею” <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Янаўшчына, Зэльвенскі раён. Эфір 19 жніўня.

“Ой, Госпадзі Божа
З высокага неба.
Малітву маю ты прымі.
А душу прымі ты
Да себе, да неба.
А цела ў сырую зямлю”.


Старыя кабеты сьпяваюць пра сьмерць. Шматгалосы сьпеў разносіцца на ўсю вёску Янаўшчыну. Купка бабулек сабралася з нагоды сонечнай пагоды, якой так рэдка радуе гэтае лета. Прынесьлі бутэлечку самаробнай наліўкі, расклалі няхітрую закусь. Усе яны ўдовы. Усе пражылі нішчымнае калгаснае жыцьцё. Таму і размовы ўсё болей пра сьветлае “сёньня”. Калі ня трэба зусім працаваць, ды яшчэ і грошай дадуць.

Старая: “Адно стар’ё. Адны калекі, во з кіёчкамі ходзім”.

Карэспандэнт: “А калі жылося лепей?”

Старая: “Цяпер”.

Старая: “Чым нам багаты Лукашэнка? За тое, што стаіць за народ. Няма войнаў. Гэта вельмі вялікая важнасьць. Чаго былі нашы дзеці беларускія пасланыя ў Аўганістан? Колькі пацярпела? За што? За чыю зямлю яны там аддалі свае жыцьці?”

Наліваюць, каб выпіць за сваіх мужыкоў. Якія пайшлі з гэтага сьвету хто 20, хто 10 гадоў таму.

Карэспандэнт: “Дзеля чаго чалавек жыве? Няўжо дзеля таго, каб мучыцца і плакаць?”

Старая: “Бог трымае. Ну, дзе мы дзенемся?”

Старая: “І яшчэ як здолееш жыцьцё пабудаваць для сябе”.

Старая: “Трэба неяк дабівацца да сьмерці. А яна ня хоча ісьці да мяне”.

Старая: “У нас калісьці дома, адкуль я, адна жанчына гаварыла: “Лепш памерці маладою, каб усе пашкадавалі”. А я думаю — Госпадзі, што яна гаворыць? А пасьля я разабралася ў яе словах, і сапраўды. На старога чалавека ўжо кожны сьмерці чакае. А маладога кожны пашкадуе”.

Вёска Янаўшчына дала Беларусі навукоўца-географа, аўтара школьнага падручніка геаграфіі Сяргея Сідора. Спадар Сяргей лічыў сябе пасьлядоўнікам Аркадзя Смоліча, таму папрасіў, каб на надмагільным камені было напісана, што ён грамадзянін БНР. Што і было зроблена. Сястра Сідора Лізавета заўжды падзяляла погляды брата.



Лізавета: “Як хавалі яго, дык прыяжджалі з флагам. Флагам накрылі яго. Мне вось не падабаецца, што... Усе, і Расея, узялі флагі, што тады былі. А нашыя ўжо не. Ужо зьмянілі. Хай бы такі быў, як некалі. Беларускі”.

Карэспандэнт: “А ў вас былі зь ім нейкія спрэчкі?”

Лізавета: “Я за Лукашэнку не галасавала ні разу. Але тут старыя ўсе. Канечне, яны некалі жылі бедна. У калгасе рабілі за “палку”, бясплатна. А цяпер сталі лепей жыць і сталі ўсе за Лукашэнку. “Дае грошы!” А я кажу: “Дае грошы, а маладым работы няма”. Падымае зарплату. А каму ён зарплату падымае? Тым, што на бюджэце сядзяць. А гэтым, што робяць, што падымае? Нічога”.

У госьці да Лізаветы прыйшла суседка, старая Гэля. Зь якой спадарыня Лізавета заўжды спрачаецца на палітычныя тэмы. Калісьці, за палякамі, у хаце бабы Гэлі зьбіраўся своеасаблівы палітычны клюб.


Гэля: “Пры паляках усе склаліся, мужчыны, і купілі радыё. Яны надта чакалі тую Расею. У нашай хаце паставілі тое радыё. І ўсе мужчыны ўвечары зьбіраліся слухаць. А як навіны, то на двор выпраўлялі чалавека, каб пільнаваў. Каб паліцыянт. О, калі б падслухаў, ім па ж*** далі б”.

Карэспандэнт: “І што? Радасьць ад таго, што прыйшла Расея, прайшла хутка? Ці яшчэ радаваліся доўга?”

Гэля: “Не, хутка. Прайшла тая радасьць хутка. Мала нарадаваліся. Зрабілі калгас, а пасьля вайна пачалася. Пры немцах было ня так страшна, як прыйшлі бальшавікі і ўсё ў нас пазабіралі. І гумны, і кароўкі, і плугі. А нас у калгас. Серпікам жалі мы, малацілі лён. Ой, вам расказаць”.

Карэспандэнт: “А вы ведаеце, што ў нас увосень выбары будуць парлямэнцкія?”

Гэля: “Ведаем”.

Карэспандэнт: “А што б вы ім сказалі, што яны павінны зрабіць у першую чаргу?”

Гэля: “А нам пакуль добра і так. Што мы скажам? Як мы пражылі жыцьцё, дык нам рай цяпер. Ліза, на пэнсію ня будзем крыўдаваць. 400 тысяч мы атрымліваем, нічога ня робім. Яшчэ і дзецям дапамагаем”.

Карэспандэнт: “А хіба ж гэта правільна, што вы дапамагаеце дзецям? Можа, трэба, каб дзеці дапамагалі?”

Гэля: “Я кажу, што нам добра. А тым маладым нельга сказаць. На фэрме пастух 150—200 тысяч атрымае. На сям’ю. За месяц. А што зрабіць?А тыя дэпутаты па многу атрымліваюць”.

Лізавета: “Нічога ня робяць”.

Гэля: “Не, Ліза. У іх таксама нялёгенькая работа. Ці лёгка?”

Самаю вялікай бядой нашага часу баба Гэля лічыць п’янства.

Гэля: “Нашыя ўжо жонкі п’юць. Хто гэта зрабіў? Хто гэта дазволіў? Ці той Божачка гэтак пакараў? Ён усё можа зрабіць. Ці гэта начальнікі? Але начальнікі таксама п’юць...”



Янаўшчына прыцягвае ўвагу падарожніка сваім ідэальным брукам. Пакладзены ён майстрам на стагодзьдзі. Каменьчык да каменьчыка. Самы стары жыхар вёскі, 85-гадовы дзед Іван, у чыім позірку засталося шмат ад хлапчука, сядзіць на прызьбе разам з жонкай Нінай.



Карэспандэнт: “А гэты брук калі быў пакладзены?”

Іван: “Гэта ў 37 годзе быў пакладзены, пры Польшчы”.

Разгаварыўшы старога Івана, я высьветліў цікавую дэталь пэрыяду нямецкай акупацыі. Справа ў тым, што частка Беларусі, а менавіта Гарадзенская і Ваўкавыская акругі, былі аддадзены ўласна Рэйху. І мяжа паміж Рэйхам і нямецкім Вайсрусьляндам праходзіла якраз па рэчцы Зяльвянцы. І тут, у Янаўшчыне, на той час хадзілі рэйхсмаркі.

Карэспандэнт: “А тое, што вы былі на тэрыторыі Германіі, у Рэйху, а там быў ня Рэйх, гэта на вашым жыцьці неяк адбівалася ці не?”

Іван: “Ну што? Нас забясьпечвалі прадуктамі. Дзесяць кіляграм зерня мае права атрымаць. Калі сям’я вялікая. Кабана калі выгадаваў, вязі, здавай на бойню. Табе на сям’ю даюць, колькі табе паложана”.

Мяне заўжды цікавяць дробныя дэталькі часоў вайны, зь якіх і складаецца праўдзівая карціна. Вось якую цікавую драбніцу пра савецкіх партызан падаравала мне спадарыня Ніна.



Ніна: “Вечарам гадзіне а 12-й мама кажа: “Ой, ня бойцеся, нейкія ідуць”. Яны зайшлі ў хату. Нашыя. Але надзелі нямецкую шапку, шынэль. Усё паграблі. Гадзіньнік забралі, і шкарпэткі, і кажух, і боты, усё чыста”.

Карэспандэнт: “У нямецкай форме?”

Ніна: “Адзін адзеўся ў нямецкую форму, а астатнія не паказваліся. Тыя ўпоцемках хадзілі”.

Моладзі ў Янаўшчыне няма зусім. Самымі маладымі і дзеяздольнымі можна лічыць сямейную пару Марыі і Пятра Данікаў, якія нядаўна адсьвяткавалі залатое вясельле. Нягледзячы на немаладыя гады, Марыя і Пётар абрабляюць вялікае ўласнае поле. Пётар, колішні каваль, яшчэ можа трымаць вялікі молат. Але замоваў ужо няма.



Марыя: “І кузьня, і кавадла. Ён і вёдры зробіць, ён і бачкі зробіць”.

Пётар: “Плуга, воза. Каня падкую. Што хочаш”.

Карэспандэнт: “Трактар. Гэта вы працуеце на трактары?”

Марыя: “У яго ўся тэхніка асабістая, свая. Вось наша поле ўсё. У нас чацьвёра дзяцей”.

Карэспандэнт: “Гэта вы працуеце на сябе?”

Марыя: “Усё гэта наша. У нас дзевяць унукаў”.

Пётр: “Тры праўнукі. І ў нас няма п’яніцаў”.

Марыя: “У вёсцы весела было, хораша было. А цяпер пуста”.

Карэспандэнт: “І як вёску ратаваць? Вось будуць выбары...”

Марыя: “Каб у калгасе было больш занятасьці для людзей. Каб чалавек пайшоў — зарабіў. Ня плацяць гэтак, як трэба. А маладыя людзі хочуць, каб нешта было. Увогуле моладзь падтапталі пад ногі”.

А над вёскай разносіцца сьпеў пра немінучую сьмерць. Старыя сьпяваюць пра яе, як пра нейкае збаўленьне. Пройдзе ня так шмат часу, калі Янаўшчына абязьлюдзее зусім. І зьнікне з геаграфічных мапаў. Але магіла грамадзяніна Беларускай Народнай Рэспублікі застанецца.



Насыпце на мяне
Высоку магілу.
Травою яна зарасьце.
Пасадзіце вы мне
Чырвону каліну.
Вясною яна зацьвіце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG