Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель спаткалася з расейскім прэзыдэнтам Дзьмітрыем Мядзьведзевым у Сочы, а дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс знаходзіцца ў Тбілісі.

Сёньня — дзень важных дыпляматычных захадаў па ўрэгуляваньні расейска-грузінскага канфлікту.

Падчас супольнай прэс-канфэрэнцыі з Мэркель Мядзьведзеў заявіў аб аднаўленьні бясьпекі ў Паўднёвай Асэтыі, дадаючы, што “расейскія міратворцы застаюцца яе гарантам на Каўказе”.

Мядзьведзеў усклаў поўную адказнасьць за нядаўнія падзеі ў Паўднёвай Асэтыі на грузінскае кіраўніцтва.

“Такое адчуваньне, што спадару Саакашвілі абрыдла ўся гэтая дыпляматыя, і ён папросту пастанавіў адным кідком, адным рашэньнем зьняць усе праблемы, ліквідаваць усіх асэтынаў, якія яму перашкаджалі,” — сказаў расейскі прэзыдэнт.

Мядзьведзеў адзначыў, што Масква чакае пісьмовай згоды Тбілісі з прынцыпамі ўрэгуляваньня канфлікту, якія былі папярэдне ўзгодненыя абодвума бакамі пры пасярэдніцтве францускага прэзыдэнта Нікаля Сарказі.

Ён таксама заявіў, што Расея выступіць гарантам любога рашэньня Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі адносна статусу гэтых рэспублік.

“На жаль, пасьля таго, што сталася, наўрад ці асэтыны і абхазцы змогуць жыць у адной дзяржаве з грузінамі,” — сказаў Мядзьведзеў.

Расейскі прэзыдэнт таксама адзначыў, што ён ня супраць міжнародных міратворцаў у рэгіёне канфлікту, але дадаў, што самі асэтыны і абхазцы “нікому, апрача расейскіх міратворцаў, ня вераць.”

Паводле канцлеркі Нямеччыны, якая выступіла з кароткая заявай пасьля Мядзьведзева, рэакцыя Расеі на сытуацыю ў Паўднёвай Асэтыі была “непрапарцыянальнай”. Мэркель заклікала да як мага больш хуткага вываду расейскіх войскаў з тэрыторыі Грузіі.

“Я вельмі ясна дала зразумець, што гэта нармальна — пратэставаць, калі ёсьць ахвяры, а ў гэтым выпадку, на жаль, вельмі-вельмі шмат ахвяраў. Але нават калі б прыняць расейскую вэрсію таго, што грузіны зрабілі ў Паўднёвай Асэтыі, то я мушу сказаць, што лічу некаторыя рэакцыя Расеі непрапарцыянальнымі,” — сказала канцлерка.

У ходзе прэс-канфэрэнцыі Мэркель падкрэсьліла, што ў аснову ўрэгуляваньня канфлікту павінна быць пакладзеная тэрытарыяльная цэласнасьць Грузіі.

“Ня кожны народ на сьвеце, які хоча выйсьці зь якога-небудзь дзяржаўнага аб’яднаньня — Расея таксама знаёмая з гэтай праблемай — у змозе стаць асобнай самастойнай дзяржавай. Калі б гэта было так, у нас на сьвеце было б вельмі шмат праблемаў,” — сказала Мэркель.

А ў Тбілісі дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс вяла перамовы з прэзыдэнтам Грузіі Міхаілам Саакашвілі.

На выніковай прэс-канфэрэнцыі Саакашвілі сказаў, што ён падпісаў пагадненьне аб перамір’і, каб закончыць канфлікт з Расеяй.

Кандаліза Райс заявіла, што пасьля гэтага кроку ўсе расейскія вайсковыя адзінкі павінны неадкладна пакінуць грузінскую тэрыторыю.

„Расейская атака на Грузію мела глыбокія наступствы і будзе мець глыбокія наступствы для адносін Расеі зь яе суседзямі і сьветам. Але нашым найбольш пільным заданьнем сёньня зьяўляецца неадкладны і дысцыплінаваны вывад расейскіх збройных сілаў і вяртаньне гэтых сілаў у Расею”, — сказала Райс.

Тымчасам прэзыдэнт ЗША Джордж Буш сёньня ў Вашынгтоне яшчэ раз запэўніў, што ЗША і іхныя саюзьнікі падтрымоўваць грузінскі народ, дэмакратычна выбраныя ўлады Грузіі ды тэрытарыяльную цэласнасьць гэтай краіны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG