Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЗ прыняў плян урэгуляваньня канфлікту


Грузінскія ўцекачы на шляху з Горы ў Тбілісі, 13 жніўня

Грузінскія ўцекачы на шляху з Горы ў Тбілісі, 13 жніўня

Міністры замежных спраў краін Эўразьвязу разглядалі ў сераду плян урэгуляваньня канфлікту, прапанаваны Францыяй і ўзгоднены з Расеяй і Грузіяй.

Насуперак патрабаваньням Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі прыняць жорсткую заяву з асуджэньнем дзеяньняў Расеі, выніковы дакумэнт вытрыманы ў прымірэнчым тоне, на якім настойвалі Францыя і Нямеччына.

Прынятая на паседжаньні кіраўнікоў МЗС пастанова пацьвярджае падтрымку прынцыпаў сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Грузіі. У дакумэнце няма ніякай крытыкі Расеі, на якой настойвалі кіраўнікі МЗС Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі, а таксама Вялікай Брытаніі.

Брытанскі міністар замежных спраў Дэйвід Мілібэнд выступіў з рэзкай крытыкай Расеі. “Гэта абуральная агрэсія Расеі, расейскага войска за межамі Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, агрэсія супраць самой Грузіі... Гэта ня проста палітыка халоднай вайны, гэта той кшталт палітыкі, які быў характэрны для 19-га стагодзьдзя. Вельмі важна даць зразумець... што мы ўсё згодныя з тым, што такія дзеяньні ня могуць быць спосабам рэалізацыі зьнешняй палітыкі ў 21-м стагодзьдзі”, сказаў міністар.

Ён таксама заклікаў Расею даць доказы яе заяваў пра ваенныя злачынствы, якія грузінскія сілы нібыта ўчынілі ў Паўдзённай Асэтыі. Паводле міністра, гэтыя заявы выкарыстоўваліся для апраўданьня ўварваньня расейскіх войскаў, і таму іх трэба даказаць.

Было прынятае рашэньне накіраваць у зону канфлікту ў Грузіі міжнародных назіральнікаў. “Я думаю, расейскі бок прыме нашы прапановы. І верагодна, што ў ствараемай групе будзе магчымай і прысутнасьць расейскіх прадстаўнікоў”, сказаў міністар замежных спраў Францыі Бэрнар Кушнэр.

На нарадзе прысутнічала кіраўнічка зьнешнепалітычнага ведамства Грузіі Эка Ткешэлашвілі. Яна заклікала спыніць перамовы аб супрацы з Масквой, таму што расейскія войскі па-ранейшаму застаюцца на грузінскай тэрыторыі, аднак фармальнага адказу ЭЗ на яе выступ не прагучала.

Тым часам ЗША выступілі з патрабаваньнем правесьці сустрэчу міністраў замежных спраў краін НАТО для абмеркаваньня сытуацыі ў Грузіі. Чакаецца, што нарада адбудзецца на пачатку наступнага тыдня.

Дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс заявіла, што інтэграцыя Расеі ў міжнародныя арганізацыі пастаўленая пад пагрозу расейскімі дзеяньнямі ў Грузіі. Райс не удакладніла, якія арганізацыі яна мела на ўвазе, але варта нагадаць, што Расея вядзе перамовы аб уступленьні ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю.

Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш заявіў, што дзяржсакратарка Райс накіруецца ў Францыю, а потым у Грузію, каб выказаць падтрымку дэмакратычна абранаму грузінскаму ўраду. Таксама ён сказаў, што ЗША выкарыстаюць ваенныя самалёты і караблі для дастаўкі гуманітарнай дапамогі Грузіі, якая пацярпела ад ўзброенага канфлікту з Расеяй. Адзін ваенна-транспартны самалёт С-17 ужо знаходзіцца ў паветры, сказаў Джордж Буш журналістам, паведамляе ВВС.

Прэзыдэнт Ўкраіны Віктар Юшчанка падпісаў указ, паводле якога камандаваньне расейскага Чарнаморскага флёту павінна атрымліваць у міністэрстве абароны Ўкраіны дазвол на любыя перасоўваньні па-за зонай дысьлякацыі за 10 дзён да іх пачатку. Нагадаем, што караблі Чарнаморскага флёту Расеі бралі ўдзел у баявых апэрацыях супраць Грузіі. У расейскім МЗС указ Юшчанкі расцанілі як “несур’ёзны” і “палітычна матываваны”.

Грузія падала у Міжнародны суд у Гаазе зыск супраць Расеі, абвінаваціўшы яе ў “этнічных чыстках” у Абхазіі і Паўдзённай Асэтыі ў пэрыяд з 1993 па 2003 год.

Паводле апошніх дадзеных Тбілісі, у канфлікце з грузінскага боку загінула 175 чалавек, тысячы сталі ўцекачамі. Паводле расейскіх вайскоўцаў, у канфлікце загінула 74 расейскія салдаты, 19 зьніклі бяз вестак. Расея сьцьвярджае, што ў Паўдзённай Асэтыі загінулі паўтары тысячы мірных жыхароў.
XS
SM
MD
LG