Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Напружаныя баі ў Грузіі і Паўдзённай Асэтыі зьмяніліся неспакойным замірэньнем пасьля таго, як Расея і Грузія сёньня раніцай прынялі запрапанаваны Эўразьвязам плян мірнага ўрэгуляваньня канфлікту. Аднак працягваюць паступаць паведамленьні пра рух расейскіх войскаў у ваколіцах гораду Горы, што грузінскі бок называе парушэньнем пагадненьня, і пра ўзаемныя абвінавачваньні бакоў у злачынствах супраць цывільнага жыхарства.


Грузія і Расея сёньня раніцай пагадзіліся на спыненьне агню, аднак на працягу дня не спыняліся паведамленьні аб руху расейскіх танкаў у ваколіцах Горы. Разам з тым Тбілісі і Масква працягвалі ўзаемныя абвінавачаньні ў грубым парушэньні міжнароднага права і ў зьверствах супраць цывільнага жыхарства.

Празь некалькі гадзін пасьля дасягненьня згоды аб спыненьні агню Грузія абвясьціла аб тым, што Расея парушае гэтае пагадненьне.

Міністар замежных справаў Грузіі Эка Ткешэлашвілі заявіла сёньня журналістам у Брусэлі:

“Я магу вас з поўнай упэўненасьцю паінфармаваць, што ўжо цяпер у Грузіі ад самай раніцы адбываюцца жахлівыя рэчы. Ніякая пагадненьне аб спыненьні агню ня дзейнічае. Дык як мы можам давяраць расейскаму боку? Яны працягваюць бамбаваць Горы, яны працягваюць рабаваць цэлыя грузінскія вёскі ў зоне канфлікту і вакол яе. У нас ёсьць маса пацьверджанай інфармацыі пра тое, што людзей выводзяць з дамоў і расстрэльваюць”.

Намесьнік міністра ўнутраных справаў Грузіі Эка Згуладзэ абвергла паведамленьні аб тым, што расейскія танкі рухаюцца з боку Горы ў кірунку Тбілісі. “Я хачу вас усіх супакоіць. Расейскія войскі не набліжаюцца да сталіцы”, - заявіла яна на прэсавай канфэрэнцыі.

Пагадненьне аб спыненьні агню было прынятае пасьля таго, як зь яго быў выкрасьлены пункт наконт перамоваў аб далейшым статусе Абхазіі і Паўдзённай Асэтыі.

Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў, пацьвердзіўшы згоду Масквы на гэткае ўдакладненьне тэксту пагадненьня, паўтарыў абвінавачаньні на адрас грузінскага боку ў зьверствах у Асэтыі:

“Грузінскае кіраўніцтва аддало загады, якія прывялі да актаў генацыду, якія выліліся ў ваенныя злачынствы, у этнічныя чысткі і гэта, вядома, ня можа застацца без адказу. Сотні нашых грамадзянаў, якія пацярпелі ў Паўдзённай Асэтыі, рыхтуюць адпаведныя скаргі ў міжнародныя судовыя інстанцыі, і расейская дзяржава будзе актыўна іх у гэтым падтрымліваць, каб перамагла справядлівасьць.”.

Прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі абвясьціў пра згоду прыняць пагадненьне ў ранішнім тэлевыступе. Празь некалькі гадзінаў ён выступіў на мітынгу разам зь лідэрамі Латвіі, Літвы, Эстоніі і Ўкраіны і паўтарыў абвінавачаньні на адрас Расеі:

“Тое, што мы бачым на месцах, гэта сапраўдныя этнічныя чысткі ў стылі балканскага тыпу або часоў другой сусьветнай вайны. Увесь сьвет гаворыць аб мірных перамовах, спыненьні агню, пагадненьнях, тым часам самыя страшныя злачынствы чыняцца ў гэты самы момант у маёй краіне супраць майго народу ўсіх нацыянальнасьцяў”.

Сёньня ў Брусэлі міністры замежных справаў краінаў Эўразьвязу на надзвычайным паседжаньні слухалі справаздачу Бэрнара Кушнэра аб яго місіі. Насуперак настойлівым патрабаваньням прадстаўнікоў Польшчы і краінаў Балтыі, нарада заняла асьцярожную кампрамісную пазыцыю і ўстрымалася ад абвінавачаньняў на адрас Расеі. У заяве, прынятай па выніках паседжаньня ні словам ня згадваецца магчымая пасылка ў зону канфлікту эўрапейскіх міратворцаў. Паводле Кушнэра, супраць гэтага рашуча выступае Масква і адпаведнае рашэньне не прайшло б у Радзе Бясьпекі ААН, дзе Расея мае права вэта.
XS
SM
MD
LG