Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

З усіх дзяржаваў СНД Украіна была адзінай, якая выказала Грузіі моцную і недвухсэнсоўную падтрымку падчас расейска-грузінскага збройнага канфлікту вакол Паўднёвай Асэтыі. Ці Кіеў не паплаціцца за гэты палітычны жэст у будучыні?


10 жніўня Міністэрства замежных спраў Украіны перасьцерагло Маскву, што Кіеў можа не ўпусьціць назад у сэвастопальскі порт караблі Чарнаморскага флёту Расеі, калі яны возьмуць удзел у вайсковай апэрацыі супроць Грузіі. У пачатку расейска-грузінскага канфлікту некалькі расейскіх ваенных караблёў рушыла да ўзьбярэжжа Абхазіі.

Прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка 12 жніўня прысутнічаў на мітынгу ў Тбілісі разам зь лідэрамі балтыйскіх краінаў і Польшчы, дзе быў сустрэты авацыяй за свае словы падтрымкі грузінскаму народу.

„Мы прыехалі сюды сёньня сказаць вам такія словы: Грузія — наш сябар. Грузіны — нашы сябры. Сёньня — самы цяжкі час для Грузіі. Мы кажам, што вы маеце права на свабоду і незалежнасьць” — сказаў Юшчанка 150-тысячнаму натоўпу, стоячы каля прэзыдэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі.

А вярнуўшыся ў Кіеў, Юшчанка выдаў указ, у якім запатрабаваў ад Чарнаморскага флёту ў Крыму, каб пра перасячэньне ўкраінскай мяжы яго караблямі, самалётамі і вайскоўцамі паведамлялася Кіеву 72 гадзіны наперад.

Міністэрства замежных спраў Расеі выдала адмысловую заяву, у якой назвала гэты ўказ „новым сур’ёзным антырасейскім крокам”.

Ці Кіеў пойдзе на далейшае абвастрэньне і так нялёгкіх адносін з Масквою? Украінскія палітыкі мяркуюць, што не.

Былы ўкраінскі прэзыдэнт Леанід Краўчук даў зразумець у інтэрвію Радыё Свабода, што папярэджаньні Маскве наконт Чарнаморскага флёту застануцца ўсяго папярэджаньнямі. Не ўпусьціць расейскія караблі у Сэвастопаль, дзе яны, паводле пагадненьня з 1997 г., могуць заставацца да 2017 г., паводле Краўчука абазначала б фактычную вайну Ўкраіны з Расеяй.

Былы міністар абароны Ўкраіны Анатолій Грыцэнка, які цяпер старшынюе ў парлямэнцкай камісіі нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны, лічыць, што расейска-ўкраінскі канфлікт павінен падштурхнуць Украіну перавесьці свае дачыненьні з Расеяй — уключна з праблемай Чарнаморскага флёту — у прагматычную плоскасьць.

Грыцэнка кажа, што паводле пагадненьня аб дыслякацыі Чарнаморскага флёту ў Крыме, пачынаючы з гэтага году Кіеў мае права дамагацца, каб Масква плаціла рынкавую цану за базу ў Сэвастопалі. А рынкавая цана, паводле ацэнак экспэртаў, гэта ня 97 мільёнаў даляраў, якія Расея плаціць цяпер, а 1 мільярд даляраў.

„Дзеля гэтага Ўкраіне трэба зрабіць толькі адзін крок — абнуліць доўг Расеі”, — Грыцэнка сказаў Радыё Свабода. „Ён цяпер складае больш за 1,3 мільярда даляраў. Я запрапанаваў і буду настойваць, каб урад унёс праект зьменаў у бюджэт у верасьні. Прэм’ер Юлія Ўладзіміраўна Тымашэнка кажа, што цяпер ёсьць звыш 20 мільярдаў [у бюджэце]. Аддаць Расеі гэты доўг і неадкладна прымусіць — праз перамовы, згодна з падпісанымі дамовамі — плаціць кожны год па мільярдзе”.

Лёгка кажацца, цяжка вяжацца. Але няцяжка ўявіць, што Масква, прымушаная плаціць такія грошы за базу ў Сэвастопалі, наўрад ці пакінула б нязьменнай цяперашнюю цану за свае пастаўкі газу для Ўкраіны — 180 даляраў за 1000 кубамэтраў.

Дый Масква мае ў руках яшчэ адзін козыр, які можа скарыстаць, калі Кіеў будзе працягваць сваю цьвердую лінію наконт Грузіі і Чарнаморскага флёту.

У сьнежні гэтага году канчаецца тэрмін дзеяньня ўкраінска-расейскай дамовы з 1997 г. аб сяброўстве і супрацоўніцтве. Гэтая дамова прызнае цяперашнія ўкраінскія межы, гэтым самым афармляючы ў сьвятле закону перадачу Крыму Ўкраіне Мікітам Хрушчовым у 1954 г.

Калі Масква не прадоўжыць гэтай дамовы, расейскія палітыкі, як было ўжо ў 1998 г. падчас ратыфікацыі дамовы, зноў могуць узьняць пытаньне аб вяртаньні Крыму ў Расею. А магчымы этнічны канфлікт на паўвостраве і расейская вайсковая апэрацыя ва Ўкраіне ў сувязі з гэтым спарадзілі б такое рэгіянальнае і сусьветнае забурэньне, што цяперашні канфлікт у Грузіі мог бы падацца адно разьмінкай перад мардабоем.
XS
SM
MD
LG