Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Салжаніцын прапанаваў вялікую супярэчнасьць”


Пра ўплыў Аляксандра Салжаніцына на разбурэньне савецкай таталітарнай сыстэмы і пра супярэчлівыя пазыцыі пісьменьніка гаворыць філёзаф Алесь Анціпенка.


“У свой час “Архіпэляг ГУЛаг” і “Адзін дзень Івана Дзянісавіча” Аляксандра Салжаніцына зрабілі на мяне проста выбуховае ўражаньне. Мы ўжо здагадваліся пра страшныя рэпрэсіі, якія панавалі ў Савецкім Саюзе, але што яны былі такімі маштабнымі, што гэта было сапраўднае пекла, у якое траплялі ні ў чым не вінаватыя людзі, даведаліся з твораў Салжаніцына. Нам не хапала фантазіі ўявіць, што камуністычная ўлада можа разбураць асобу з такой жорсткасьцю, мэтадычнасьцю, сыстэмнасьцю. Для нас, якія на той час ужо мелі антыкамуністычныя перакананьні, гэта было вялікім падмацаваньнем.
Пасьля артыкулу “Кам нам обустроить Россию” я зразумеў, што спадар Салжаніцын – звычайны расейскі імпэрыяліст

Але, мушу сказаць, што на гэтым уплыў Салжаніцына на мяне і скончыўся. Пасьля артыкулу “Кам нам обустроить Россию” я зразумеў, што спадар Салжаніцын – звычайны расейскі імпэрыяліст, нягледзячы на тое, што ён з такім імпэтам і такой моцай абрынуўся на таталітарную сыстэму. Мне гэта падалося страшэнным супярэчаньнем, таму што любая імпэрская сыстэма ў той ці іншай ступені таталітарная. Я ўбачыў, якую вялікую супярэчнасьць прапануе ўсім нам Салжаніцын: ён адмаўляе беларусам і ўкраінцам у праве на самавызначэньне. Гэта я ня мог прыняць. І пазьнейшая творчасьць Салжаніцына, якую я ўспрымаў усё зь меншай і меншай цікавасьцю, толькі пацьвердзіла ўмацаваньне імпэрскіх і манархічных пазыцый пісьменьніка і мысьляра. Але ў любым выпадку мы мусім прызнаць ягоную выбітную ролю ў разбурэньні савецкай таталітарнай сыстэмы”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG