Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня стала Аляксандра Салжаніцына


Васіль Быкаў і Аляксандар Салжаніцын, 1967 год.
Васіль Быкаў і Аляксандар Салжаніцын, 1967 год.

У ноч на 4 жніўня ў Маскве на 90-ым годзе жыцьця памёр пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі Аляксандар Салжаніцын.

У ЗША пра сьмерць Салжаніцына адразу паведамілі ўсе вядучыя тэлевізійныя каналы, адзначыўшы, што пісьменьнік адкрыў сьвету жахі савецкага рэжыму. Можна меркававць, што ў бліжэйшыя дні ўсясьветная прэса будзе аналізаваць ролю Салжаніцына ў развале камуністычнай сыстэмы, і наўрад ці абыйдзе супярэчнасьці гэтай гістарычнай фігуры.

Біяграфія Салжаніцына, сапраўды, увабрала рэчы ўзаемавыключныя. Жадаючы ў юнацкія гады абараняць “сьветлыя ідэі ленінізму” і заклікаючы “любіць рэвалюцыю” – Салжаніцын, у выніку, паставіў крыж на будучыні гэтага самага ленінізму. Першая публікацыя Салжаніцына (“Адзін дзень Івана Дзянісавіча”, “Новый мир”, 1962 год) – адбылася паводле распараджэньня першага сакратара ЦК Мікіты Хрушчова. Празь некалькі гадоў Палітбюро таго ж самага ЦК абмяркоўвала дзейнасьць Салжаніцына як свайго галоўнага апанэнта. Публікацыя ў 1973 годзе першага тому кнігі “Архіпелаг ГУЛаг” была ня толькі літаратурнай, але і палітычнай падзеяй – пасьля гэтага стала немагчымым казаць пра гуманнасьць камуністычнай ідэі; сотні тысяч людзей у Эўропе выйшлі з камуністычных арганізацый. У лютым 1974 году Салжаніцын быў высланы з СССР.

З гэтага моманту імя Салжаніцына практычна зьнікае са старонак савецкага друку і нават у рэзка адмоўным кантэксьце прыгадваецца вельмі рэдка. Да прыкладу, выдадзеная ў 1978 годзе кніга чэскага журналіста Ржэзача “Сьпіраль здрады Салжаніцына” (загаловак гаворыць сам за сябе) распаўсюджвалася па адмысловых сьпісах і трапіла ў “спэцсховішчы”. Тым, каго “лавілі” за чытаньнем выдадзеных на Захадзе кніг Салжаніцына, пагражала да васьмі гадоў зьняволеньня.

Салжаніцын жыў у Швэйцарыі, потым у ЗША. У 1994 годзе вярнуўся ў Расею.

Гарбачоўская “перабудова” паступова вярнула творы Салжаніцына – аднак сам пісьменьнік ставіўся і да Гарбачова, і да ягоных ініцыятыў насьцярожана. Як ніхто паспрыяўшы краху камуністычнай сыстэмы, Салжаніцын не прыняў распаду СССР і, фактычна, выступаў за аднаўленьне імпэрыі, ва ўсялякім разе на эўрапэйскай частцы былога Савецкага Саюзу. Зьяўляючыся для мільёнаў людзей сымбалем супраціву таталітарнай сыстэме, атрымаўшы ў свой час магутную падтрымку сваёй барацьбы з рэжымам з боку палітычных лідэраў і выбітных асобаў – Салжаніцын ніводнага слова не сказаў у абарону рэпрэсаваных ахвяраў сучасных постасавецкіх рэжымаў.

Зь Беларусьсю Салжаніцын меў даўнія сувязі – прычым, яшчэ да свайго нараджэньня (ягоныя бацька і маці вянчаліся ў Беларусі). У 1944 годзе камандзір батарэі капітан Салжаніцын ваяваў пад Рагачовым.

У 1967 годзе, пад час 4-га зьезду пісьменьнікаў СССР, Салжаніцын зьвярнуўся з заклікам скасаваць цэнзуру. З усяго складу беларускай дэлегацыі свае подпісы пад гэтым зваротам паставілі толькі Алесь Адамовіч і Васіль Быкаў. У тыя ж дні, у гатэлі “Масква”, і быў зроблены знакаміты цяпер фотаздымак.


Першае выданьне "Архіпелагу ГУЛаг" з аўтографам Салжаніцына

Пасьля выданьня раману “Ў крузе першым” Салжаніцын атрымаў Нобэлеўскую прэмію. Савецкія ўлады паставілі яго ва ўмовы, пры якіх ён ня мог выехаць у Стакгольм для атрыманьня прэміі, і пісьменьнік спрабаваў правесьці цэрымонію ў Маскве, ва ўласнай кватэры. Сярод запрошаных быў і Васіль Быкаў.

Мне давялося быць у ліку тых, каму Васіль Уладзімеравіч распавёў гісторыю зьяўленьня ягонага прозьвішча пад лістом супраць Салжаніцына і Сахарава ў жніўні 1973 году. Быкаў адмовіўся ставіць подпіс, але празь некалькі гадзін дыктар праграмы “Время” зачытаў ягонае прозьвішча сярод іншых “падпісантаў”. Быкаў адразу ж паехаў у Маскву і выказаў пратэст, накіраваўшы ліст у “вышэйшую інстанцыю”, якая і была каардынатарам цкаваньня – у ЦК КПСС.


Адчувалася, што тая гісторыя не пакідала ў спакоі Васіля Ўладзімеравіча. Пасьля сьмерці Быкава я перадаў храналёгію падзеяў Салжаніцыну; у адказ Салжаніцын сказаў, што не трымае зла і ведае, як тады зьбіраліся подпісы.

Камэнтуючы сыход з жыцьця Салжаніцына, Зянон Пазьняк назваў яго “супярэчлівай фігурай, тыповым прыкладам расейскага інтэлігента”. Некаторыя заходнія аглядальнікі называюць Салжаніцына найвялікшым расейскім пісьменьнікам 20-га стагодзьдзя і ставяць яго нароўні з Талстым і Дастаеўскім.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG