Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Бел-чырвона-белы сьцяг лунаў на “Эўра-прайдзе”

  • Тацяна Поклад

Плякат фэстывалю

Плякат фэстывалю

Сёньня ў Стакгольме завяршыўся “Эўра-прайд” – фэстываль прадстаўнікоў нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі.

Сёньня – кульмінацыя фэстывалю, “Прайд-парад”. Сярод сьцягоў іншых краінаў, якія луналі ў Стакгольме, быў і бел-чырвона-белы сьцяг, прывезены беларускімі ўдзельнікамі фэстывалю.

Тэма сёлетняга Эўра-прайду: “Швэдзкі грэх: пераадольваючы межы”. Акцэнт і фэстывалю, і параду – гэта правы сэксуальных меншасьцяў у сьвеце.

Паўсюль у Стакгольме лунаюць вясёлкавыя сьцягі, сабралося вельмі шмат людзей. Дружалюбна, вельмі свабодна трымаюцца і ўдзельнікі параду, і гледачы. Большасьць удзельнікаў – гэта людзі традыцыйнай сэксуальнай арыентацыі, якія падтрымліваюць ідэю свабоды і роўных правоў для сэксуальных меншасьцяў. У знак падтрымкі правоў сэксуальных меншасьцяў у калёне праходзілі пажарныя, паліцыянты – іх вельмі хораша віталі.

Сёлетні фэстываль агульнаэўрапейскі, на яго прыехалі ўдзельнікі з розных краінаў. Прайшла досыць вялікая калёна ўдзельнікаў “Прайду”, якія прадстаўляюць тых, хто па нейкіх прычынах ня можа прыехаць і ўзяць у ім удзел. У гэтай калёне былі тыя, хто прадстаўлялі сэксуальныя меншасьці Беларусі, Літвы, іншых краінаў, дзе людзі баяцца паказаць, што яны ёсьць і дзе ёсьць праблемы з правамі сэксуальных меншасьцяў.

У часе канфэрэнцыі, арганізаванай міжнароднай праваабарончай арганізацыяй “Amnesty International”, каардынатар гэтай арганізацыі ў Беларусі Вячаслаў Бортнік распавёў пра сытуацыю з правамі прадстаўнікоў нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі ў Беларусі.

Ён падкрэсьліў, што беларусам варта прыяжджаць на такія фэстывалі, таму што важна паказаць, што Беларусь – гэта частка Эўропы, і што ўсе беларусы незалежна ад сэксуальнай арыентацыі мусяць разам будаваць талерантную эўрапейскую краіну.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG