Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як пачуваюцца ў беларускім грамадзтве прадстаўнікі гей- і лесьбі-руху?


17 траўня 1990 году Ўсясьветная арганізацыя аховы здароўя выключыла гомасэксуальнасьць зь Міжнароднай клясыфікацыі хваробаў. Ідэю аб заснаваньні Дня барацьбы з гамафобіяй падаў францускі пісьменьнік і навукоўца Люі Жорж Тэн, каб міжнародная супольнастьць прызнала лесьбіянак, геяў, бі- і транссэксуалаў, асабліва ў тых краінах, дзе гэтая арыентацыя знаходзіцца яшчэ пад табу.

З 17 красавіка па 17 траўня беларускі інтэрнэт-партал геяў, лесьбіянак, транссэксуалаў і бісэксуалаў gay.by праводзіў месячнік супраць гамафобіі ў Беларусі. Асноўнай мэтай месячніку было прыцягненьне ўвагі да праблемаў гомасэксуалістаў у Беларусі. Распавядае адміністратар парталу gay.by Аляксандар Палуян:

«Амаль усе мерапрыемствы, якія мы плянавалі, прайшлі, толькі дзьве акцыі – у Менску і Гомелі – нам не дазволілі правесьці, хаця мы пісалі лісты ў гарвыканкамы. У Гомелі нам адмовілі, а ад Менскага гарвыканкаму наагул мы не атрымалі адказу, дазваляюць нам правесьці пікет каля помніка Міцкевічу ці не.

А канфэрэнцыі, якія мы плянавалі ў інтэрнэце, і сэмінар у Гомелі прайшлі, і мы лічым, што вынікі вельмі добрыя. Каля 50 сродкаў масавай інфармацыі напісалі пра месячнік, абмяркоўвалі нашы праблемы, рабілі апытаньні грамадзкасьці. І мы лічым, што вынік ёсьць, бо людзі пачалі пра гэта гаварыць.

Калі раней людзі адмоўчваліся па гэтым пытаньні, то цяпер (я не кажу, што ўсе), але тыя, хто цікавіцца гэтай праблематыкай, пачалі абмяркоўваць са сваімі сябрамі. Пачалі абмяркоўваць некаторыя грамадзкія арганізацыі, з трэцяга сктару, як яны могуць супрацоўнічаць з арганізацыямі геяў, бі- і транссэксуалаў, як яны могуць дапамагчы».

У 1993 годзе зь беларускага Крымінальнага кодэксу выключылі артыкулы, зьвязаныя зь перасьледам за гомасэксуалізм. Але беларускія сэксуальныя меншасьці заўсёды дзейнічалі ва ўмовах падпольля. У сярэдзіне 1990-х гадоў было некалькі безвыніковых спробаў зарэгістраваць у Міністэрстве юстыцыі Беларускую лігу сэксуальнага раўнапраўя “Лямбда”. Праводзіліся пікеты, сустрэчы, вечарыны ў менскім клюбе «Бабілён», але цяпер актыўных дзеяньняў, гучных мерапрыемстваў сэксуальныя меншасьці ня ладзяць. Выдаецца часопіс «Табу», ёсьць інтэрнэт-партал. На думку актывісткі руху Алены, гамафобія ў беларускім грамадзтве ёсьць, а зьмены нязначныя:

“Якія-небудзь зьмены калі і адбываюцца – дык гэта толькі ў моладзі. Калі размаўляеш зь дзецьмі, якім па 14 гадоў – яны, магчыма, ставяцца больш талерантна. Я працую зараз з падлеткамі, у падлеткам зусім іншае стаўленьне, калі ты гей – ну, гей і гей. А наконт дарослых, сталых людзей – ніякіх зьменаў няма, як было стаўленьне да геяў і лесьбіянак не зусім добрае, так і засталося. І я ня ведаю, што можа зьмяніць гэта.

Праблемы самой па сабе няма ў грамадзтве для людзей: калі ты не такі, як усе – то ты дрэнны. А само стаўленьне – калі наб’юць гею морду, то ня скажуць, чаму набілі. Ніхто не патлумачыць, што, магчыма, не падабаюцца яго погляды на жыцьцё, ці яшчэ нешта. Не, проста таму, што ты гей, і ўсё”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG