Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гамафобія: розныя погляды на адну праблему


У Беларусі распачаўся месячнік барацьбы з гамафобіяй.


На сёньня прадстаўнікі беларускіх сэксуальных меншасьцяў ня маюць сваёй зарэгістраванай арганізацыі, таму ініцыятарам месячніка выступіў шэраг прыватных асобаў.

Паводле ўладальніка сайту GayBy.org Сяргея Андросенкі, падчас месячніку барацьбы з гамафобіяй адбудзецца шэраг акцыяў, каб прыцягнуць увагу да праблемаў сэксуальных меншасьцяў у Беларусі.

Андросенка: “Гэта арганізуецца ня прайд, гэта арганізуецца не парад культуры ЛГБТ [ЛГБТ расшыфроўваецца як лесьбіянкі, геі, бісэксуалы, транссэксуалы]. Гэта менавіта месячнік. Мэта была – папросту прыцягнуць увагу да праблемы дыскрымінацыі сэксуальных меншасьцяў і паказаць наяўнасьць у Беларусі менавіта геяў і лесьбіек, тое, што яны ёсьць”.

Да канца траўня ў Менску ды ў іншых гарадох Беларусі пройдуць літаратурныя імпрэзы, інтэрнэт-канфэрэнцыі, інфармацыйныя вулічныя акцыі, вечар памяці ахвяраў СНІДу.

17 траўня, калі ва ўсім сьвеце адзначаецца Дзень супрацьдзеяньня гамафобіі, актывісты руху зьбіраюцца ўскласьці кветкі каля мэмарыялу “Трасьцянец” у Менску і каля помніку расейскаму кампазытару Пятру Чайкоўскаму ў Гомелі.

З правядзеньнем вулічных акцыяў, у тым ліку скіраваных на звычайнае інфармаваньне пра праблемы геяў і лесьбіек, пакуль ня ўсё вырашана – няма адказу ад мясцовых уладаў. Зрэшты, ЛГБТ-актывісты ўжо вызначылі, што дакладна пойдуць на “Чарнобыльскі шлях”.

Андросенка: “ЛГБТ-актывісты засьведчылі свой удзел у “Чарнобыльскім шляху” 26 красавіка не таму, што вырашылі пазыцыянаваць сябе такім чынам альбо рэклямаваць. Мы ўсе добра ўсьведамляем, што адбылося ў 1986 годзе, добра разумеем вынікі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Мы хочам паказаць сваю салідарнасьць з ахвярамі чалавечай безадказнасьці й папросту іх маральна падтрымаць”.

Месячнік барацьбы з гамафобіяй – ініцыятыва некаторых прыватных асобаў. На сёньня прадстаўнікі беларускіх сэксуальных меншасьцяў ня маюць сваёй зарэгістраванай арганізацыі. Ліга “Лямбда” ўжо колькі год існуе без рэгістрацыі, але гэтая арганізацыя ад месячніка адмяжоўваецца.

Актывістка лігі “Лямбда”, вядомая пад псэўданімам Шырлі, называе гэтую ініцыятыву малаэфэктыўнай і некрэатыўнай. На ейную думку, з гамафобіяй трэба змагацца 365 дзён на год, рабіць пэўныя рэгулярныя захады, а ня ладзіць дзеля гэтага месячнікі. Так, Шырлі адзначае нядаўняе выданьне “Лямбдай” брашуры “Геі ды лесьбійкі: шлях да разуменьня”.

Шырлі: “Вельмі добра павінны быць прадуманы ўсе хады, каб ня выклікаць супрацьлеглы эфэкт, як гэта можа атрымацца. У гэтых моладзевых ініцыятывах адштурхоўвае нейкі вельмі слабы крэатыў. Бяруцца ўзоры мэтадаў дзеяньня NGO, якія практыкуюцца на Захадзе, і проста зь іх калька. Гэта сумна, нудотна і неэфэктыўна найперш, таму мы займаем крыху абстрагаваную пазыцыю”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG