Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Карняенка: “У аснове стратэгіі – усё ж вялікія гарады”


Кампанія па абраньню дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў: агляд падзеяў тыдня.

Адбылася рэгістрацыя ініцыятыўных груп патэнцыйных кандыдатаў у парлямэнтары, пачаліся збор подпісаў у іх падтрымку і вылучэньне кандыдатаў у склад участковых выбарчых камісіяў. І ўсё гэта адбываецца на тле ціску на апазыцыйных удзельнікаў выбарчай кампаніі.

З 454 ініцыятыўных групаў зарэгістравалі 423. Адсеў параўнальна з папярэднімі выбарамі — удвая меншы. Страты апазыцыйных палітыкаў таксама невялікія. Сустаршыня Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Анатоль Ляўковіч гаворыць, што гэтым вынікам ён задаволены:

“Усё ж такі мы маем 100 ініцыятыўных групаў. Мы маем больш за 3000 сябраў гэтых групаў. То бок гэта дастаткова добрая колькасьць. І ёсьць каму працаваць з электаратам, з выбаршчыкамі”.

Каб зарэгістравацца праз збор подпісаў, кожны патэнцыйны кандыдат мусіць сабраць сама менш тысячу подпісаў выбарнікаў. На 1-га жніўня апазыцыйныя кандыдаты мелі разам 50 тысячаў. Сталі вядомыя і лідэры. Шэсьць чалавек — Сяргей Калякін і Павал Станеўскі з Партыі камуністаў Беларускай, Аляксандар Ваўчанін і Віктар Гарбачоў з Аб’яднанай грамадзянскай партыі, а таксама Пётра Кухлей і Дзяніс Садоўскі са стваранай Беларускай хрысьціянска-дэмакратычнай партыі — сабралі больш за тысячу подпісаў кожны. Каб зарэгістравацца кандыдатам у дэпутаты праз збор подпісаў, трэба сабраць прынамсі тысячу.

Палітоляг Уладзімер Роўда лічыць, што ня трэба гэтыя вынікі перабольшваць. Ініцыятыва па-ранейшаму знаходзіцца ў руках уладаў:

“Яны кантралююць самы галоўны працэс — працэс правядзеньня выбараў і іх фальсыфікацыі. Але паколькі наша ўлада зацікаўленая ў вядзеньні гульні з Захадам, ёй трэба паказаць, што працэс вылучэньня кандыдатаў, канкурэнтнай барацьбы адбываецца быццам дэмакратычнымі мэтадамі. І гэта выглядае зьнешне значна лепш, чым было раней.

На фінальнай стадыі, я ўпэўнены, пройдуць людзі толькі са сьпісу Лукашэнкі. І ў гэтым сьпісе будуць некалькі апазыцыянэраў. Але гэтая апазыцыя будзе разьяднаная — з розных рэгіёнаў, з розных партыяў. І гэта будзе падкантрольная апазыцыя, а ня тая апазыцыя, пра якую мараць дэмакратычныя сілы”.

Падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў будуць працаваць 6500 участковых камісіяў. Менавіта яны будуць лічыць галасы выбарцаў.

Каардынатар кампаніі “За свабодныя і справядлівыя выбары” Віктар Карняенка кажа, што арыенціроўка будзе на паўтары тысячы магчымых вылучэнцаў ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў ва ўчастковыя камісіі:

“У аснову сваёй стратэгіі мы ўсё ж узялі вялікія гарады. І гэта зразумела. І другое – трэба памятаць, што ініцыятыва належыць самаму кандыдату, які самы матываваны ў гэтай справе. І мы толькі будзем аказваць яму дапамогу.

Мы зробім адзіны сьпіс кандыдатаў ва ўчастковыя камісіі. І ён будзе абавязкова публічным, каб гэта таксама дысцыплінавала ўладу. І, такім чынам, гэта будзе апошні тэст у рамках кампаніі “За свабодныя і справядлівыя выбары” на дэмакратызацыю гэтага выбарчага працэсу”.

Сустаршыня АДС Сяргей Калякін згадвае: першым тэстам для ўладаў стала ўключэньне апазыцыйных вылучэнцаў у склад акруговых выбарчых камісіяў. Улады выканалі яго нездавальняюча, паколькі толькі траціна прэтэндэнтаў атрымала статус сябраў камісіяў.

Ініцыятыўныя групы патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты ад АДС зарэгістраваныя “лібэральна”, лічыць Сяргей Калякін, Але гэта выключна прамежкавы этап. І канчатковую ацэнку можна будзе даваць толькі пасьля рэгістрацыі непасрэдных кандыдатаў у дэпутаты, а не іхных ініцыятыўных групаў.

Лідэр партыі камуністаў Беларускай адзначае важнасьць свабоднай агітацыі, празрыстага падліку галасоў, адсутнасьць прымусу да датэрміновага галасаваньня. А самым галоўным пытаньнем, на ягоную думку, застаецца наступнае:

“Гэта спыненьне палітычных рэпрэсіяў і вызваленьне палітычных вязьняў. На жаль, тут ня толькі “двойку”, а “кол” патрэбна паставіць уладам. Яна пагоршыла сытуацыю, якая была да пачатку выбарчай кампаніі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG