Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можна сказаць, што сёлетняя выбарчая кампаніі праходзіць больш дэмакратычна, чым парлямэнцкія выбары ў 2004 годзе?

Да якой ступені ўлада будзе гатовая ісьці на некаторыя паслабленьні? Якая роля апазыцыі на гэтых выбарах?

Гэтыя ды іншыя пытаньні абмяркоўваюць рэдактар аналітычнага бюлетэня “Беларускі тыдзень” Аляксандар Класкоўскі і палітоляг Юры Чавусаў.

Цыганкоў: “Акруговыя выбарчыя камісіі зарэгістравалі 422 ініцыятыўныя групы з 454 пададзеных заявак. У акруговыя камісіі ўвайшлі 42 апазыцыянэры. Аналітыкі кажуць пра пэўныя паслабленьні, якія робіць улада падчас гэтай кампаніі ў параўнаньні зь мінулымі парлямэнцкімі выбарамі 2004 году. Чаму ўлада дазваляе сабе гэтыя паслабленьні?”

Ланцуг падоўжылі, але міску адсунулі

Класкоўскі
: “Мне міжволі ў сувязі з гэтымі размовамі ўзгадваецца стары савецкі анэкдот пра добрага дзядулю Леніна, які заканчваецца словамі: “А мог бы і брытвай паласнуць”. Разам з тым, усё пазнаецца ў параўнаньні, і, безумоўна, прагрэс, – хай сабе і невялічкі, адносны, “у гомеапатычных дозах”, – але ёсьць.

І тут варта казаць найперш пра замежнапалітычны чыньнік. Бо ўжо аглядальнікі канстатуюць, што гэтыя выбары – даволі сумныя, што тычыцца ўнутрыпалітычнага зьместу, і разам з тым яны маюць вонкавую інтрыгу. Бо гэта гульня дзеля таго, каб спадабацца Захаду і каб атрымаць нейкую прымальную адзнаку і грунт для дыялёгу з Захадам, – ці хаця б для гульні ў гэты дыялёг. Трэба гэта, каб ямчэй было процістаяць націску Масквы.

Што да ўнутрыпалітычнага кантэксту, то за апошнія 14 гадоў настолькі вытаптанае палітычнае поле і дзялянка трэцяга сэктару, што вялікай небясьпекі ўлада не адчувае. Калі гэтай паўздушанай апазыцыі даць троху больш свабоды, яна тут ніякіх каляровых рэвалюцыяў, зразумела, за 2 месяцы не падрыхтуе”.

Чавусаў
: “Я б таксама пачаў з анэкдоту пра ланцуг, які падоўжылі, але міску адсунулі. Тут таксама – адбываюцца нейкія зьмены ў адміністратыўным фармаце правядзеньня выбарчага працэсу, але яны не мяняюць якасна характару выбарчай кампаніі для яе ўдзельнікаў.

Казаць, што выбары адбываюцца больш дэмакратычна, будзе няслушна. Але ёсьць пасланьне, арыентаванае навонкі – пра тое, што гэтыя выбары будуць больш дэмакратычныя, чым раней.

А ўнутры краіны працуе звычайная адміністрацыйная машына, і якасна яе праца не зьмянілася. Дзеля гэтага ёй трэба зьмяніць праграму, але гэтага рэжым дазволіць сабе ня можа.

Тым ня менш, поле свабоды дзеяньняў для апазыцыі зараз трошкі павялічылася, і наколькі яна гэтым здолее скарыстацца – ад гэтага залежыць посьпех апазыцыі на выбарах”.

“Лібэралізм на кароткім павадку”

Цыганкоў: “Да якой ступені ўлада будзе не баяцца ісьці на нейкія паслабленьні? Ці ёсьць такая рыса, пасьля якой наверсе скажуць – бадай, хопіць “лібэралізму”?

Класкоўскі: “Безумоўна, гэта “лібэралізм” у двукосьсі і на кароткім павадку. Звышзадача ўлады – цалкам трымаць электаральны працэс пад сваім кантролем. За 14 гадоў створаная надзейная сыстэма, і выбары – гэта айсбэрг. Няўзброеным вокам можна бачыць толькі невялікую надводную яго частку.

Дарэчы, тэстам будзе тое, наколькі масава будуць улучаныя прадстаўнікі апазыцыі ва ўчастковыя камісіі. Вельмі сумнеўна, што туды прапусьцяць шмат апазыцыянэраў”.

Цыганкоў: “Іншае пытаньне, што гэтых камісіяў усяго каля 6 тысячаў па ўсёй краіне. Ці хопіць на кожную зь іх па апазыцыянэру?”

Класкоўскі: “Так, апазыцыя ўжо заявіла, што ахопіць каля паўтары тысячы ўчастковых камісіяў, і гэта яскравае сьведчаньне яе сёньняшняга патэнцыялу. Я яшчэ раз паўтару, што ўлада таму яшчэ трошкі пашырае межы дазволенага падчас гэтай кампаніі, бо яна разумее, што апазыцыя зьнясіленая пасьля столькіх гадоў яе выцісканьня ў андэграўнд, – і яна ня можа згуляць так, каб паказаць трыюмфальны вынік”.

Чавусаў: “Адносна зьнясіленасьці апазыцыі.. Гэтыя выбары – не гульня з нулявой сумай. І ў гэтых выбарах могуць выйграць і ўлада, і апазыцыя. Улада – празь міжнароднае прызнаньне выбараў, апазыцыя – праз наяўнасьць сваёй групы дэпутатаў у парлямэнце. Таму апазыцыя зараз вельмі моцная, бо ў яе ў руках той элемэнт, якія ўяўляе цікавасьць для беларускіх уладаў – гэта прызнаньне выбараў.

Заўважце – калі пачаліся арышты падазраваных у выбуху, пасьледавала заява АДС аб магчымасьці байкоту выбараў і поўнага зьняцьця кандыдатаў АДС з выбараў – і арышты спыніліся. Так што казаць пра тое, што апазыцыя выключна суб’ект, якім працуюць улады – я б так не казаў”.

Улада ўжо ня можа ўжываць найбольш брутальныя сродкі

Класкоўскі: “Я не лічу апазыцыю толькі нейкім аб’ектам палітычных маніпуляцыяў з боку ўлады. У такой жорстка аўтарытарнай краіне яна ня можа быць моцнай паводле вызначэньня. Трэба аддаць належнае, што ў межах сваіх сьціплых магчымасьцяў яна часам гуляе даволі ўдала. Напрыклад, інфармацыйны двубой пасьля выбуху, я лічу, апазыцыя выйграла. Яна ўзьняла такі шум, што ўлада ўжо і ня рада была, што хапала гэтых апазыцыянэраў.

Таму тактыка, абраная зараз – не зважаць на чырвоныя сьцяжкі, ісьці напралом і ўздымаць міжнародны скандал (“глядзіце, абяцалі дэмакратычныя выбары, а атрымліваецца зусім іншае”) – гэта правільная тактыка пры сёньняшніх сьціплых магчымасьцях. Таму нават некалькі мандатаў можна будзе разглядаць як дасягненьне, бо нават маленькая зьмена сытуацыі – гэта пэўная дынаміка, і магчымыя перамены ў Беларусі коштам такой мікрадынамікі і будуць адбывацца”.

Цыганкоў: “Ня гледзячы на пэўнае адрозьненьне гэтых выбараў ад папярэдніх, штодня па ўсёй краіне прыходзяць паведамленьні пра розныя формы ўціску на апазыцыйных актывістаў і патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты. Што можна чакаць у гэтым сэнсе падчас выбарчай кампаніі?”

Чавусаў: “Зараз ужо прыяжджаюць замежныя назіральнікі – місія АБСЭ, якая зьяўляецца для ўладаў стратэгічна важным элемэнтам выбарчай кампаніі. Тут ужо найбольш брутальныя сродкі на вачах у замежных назіральнікаў ужываць будзе немагчыма. Зрабіць тое, што яны зрабілі з унутранымі назіральнікамі на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году, калі былі пасаджаныя за краты актывісты “Партнэрства” – у іх магчымасьцяў няма. Нейкія дробныя гадасьці – выклікаць у фінансавую міліцыю, забраць кампутар – гэта яны могуць. Але любы гвалт у дачыненьні да ўнутраных назіральнікаў, да праваабарончай ініцыятывы, якая займаецца маніторынгам выбараў, будзе мець такое наступства – назіральнікі АБСЭ зьбіраюць рэчы і зьяжджаюць”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG