Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень памяці Уладзімера Караткевіча і Янкі Брыля


Янка Брыль

Янка Брыль

Гэтыя два волаты нацыянальнае літаратуры стварылі кожны сваю адметную старонку беларускага прыгожага пісьменства. Доўгі час яны былі суседзямі ў знакамітым пісьменьніцкім доме № 36 на сталічнай вуліцы Маркса і памерлі ў адзін дзень. Толькі маладзейшы на 13 гадоў Караткевіч пакінуў гэты сьвет у 1984-м, на 22 гады раней за Брыля.



Уладзімер Караткевіч
Дзень памяці Ўладзімера Караткевіча і Янкі Брыля ўшаноўваюць сёньня іхныя сваякі, сябры, чытачы і творчыя наступнікі.

Аднаго з найбліжэйшых сяброў Уладзімера Караткевіча, народнага паэта Рыгора Барадуліна гэты дзень засьпеў на Ўшаччыне ў роднай матчынай хаце, дзе яны неаднойчы разам гасьцявалі.

“Многа мясьцін ушацкіх зьвязана з Уладзімерам, дзе мы хадзілі па азёрах, хадзілі ў лес. Караткевіч для мяне дужа многа значыць. Ёсьць дзьве асобы, каторыя для мяне апостальскія. Гэта Васіль Быкаў і Ўладзімер Караткевіч. Я заўсёды яго памятаю, і ён заўсёды са мной. Пакуль я жывы — ён для мяне жывы”.

Рыгор Барадулін пасябраваў з Уладзімерам Караткевічам ад першае сустрэчы ў сярэдзіне 50-х на нарадзе маладых пісьменьнікаў у Доме творчасьці ў Каралішчавічах.

“Мы, хто першакурсьнік, хто другакурсьнік прыехалі такія зялёныя, а Караткевіч прыехаў ужо выпускніком Кіеўскага ўнівэрсытэту, з унівэрсытэцкім значком на пінжаку. Ён страшэнна вылучаўся сярод нас усіх сваімі ведамі. І калі абмяркоўвалі нашу творчасьць, то Караткевіча абмяркоўвалі як ужо сталага літаратара. Памятаю, хадзілі мы зь ім па лесе і ён такім быў рамантыкам, многае, як мне здавалася, перабольшваў у сваіх расповедах, асабліва на гістарычныя тэмы”.

Аб’ядналі тады на ўсё жыцьцё двух непадобных творцаў агульныя прынцыпы.

“У душы кожны прысягаў беларушчыне, і мы аставаліся ёй верныя”.

Гэтыя прынцыпы зьвязвалі чатыры дзесяцігодзьдзі і народнага пісьменьніка Янку Брыля з намнога маладзейшым літаратуразнаўцам Анатолем Сідарэвічам, які сёньня цэніць ня толькі літаратурны талент свайго старэйшага сябра, але і чалавечы, які праявіўся ў асаблівай увазе Брыля да творчых наступнікаў.

“Незалежна ад таго, будуць пісаць успаміны пра Брыля ці ня будуць, гісторыкі літаратуры толькі на архіўных матэрыялах змогуць вызначыць адзін неаспрэчны факт: Іван Антонавіч за сваё працяглае жыцьцё ў літаратуры дапамог, блаславіў, падтрымаў не аднаго маладога літаратара, заступіўся не за аднаго маладога пісьменьніка. Успамінаю размову зь ім пра тое, як Броўка рыхтаваў на нейкі пленум даклад, і такі ўжо разбойны даклад — Наўроцкаму павінна было ўляцець, іншым... І вось Брыль падыходзіць і так асьцярожненька кажа: Пётар Усьцінавіч, разумны бацька ня б’е дзяцей па галаве. Пётар Усьцінавіч паглядзеў на Брыля моўчкі... Праз колькі дзён пленум Саюзу пісьменьнікаў — і даклад Пятра Ўсьцінавіча памяркоўны, крытыка добразычлівая. Адным словам — прыслухаўся да Брыля. Гэта адзін маленькі аспэкт у жыцьці і творчасьці Івана Антонавіча Брыля, які я хацеў бы закрануць сёньня, у другую гадавіну яго сьмерці”.
XS
SM
MD
LG