Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Родных Янкі Брыля на адкрыцьці мэмарыяльнай дошкі не было <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


27 траўня на доме № 78 па праспэкце Машэрава (былой вуліцы Дразда, 8) адкрылася мэмарыяльная дошка ў гонар славутага беларускага пісьменьніка Янкі Брыля. У гэтым доме Янка Брыль жыў апошнія дванаццаць гадоў.


На ўрачыстай цырымоніі прысутнічалі некалькі сябраў праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі — Міхась Пазьнякоў, Яўген Каршукоў, Павал Саковіч, а таксама прафэсар, дасьледчык творчасьці Янкі Брыля, прафэсар Дзьмітрый Бугаёў, чыноўнікі Менгарвыканкаму.

Літаратуразнаўца, прафэсар Дзьмітрый Бугаёў жыў з клясыкам у адным пад'езьдзе:

“У яго самымі блізкімі сябрамі былі Алесь Адамовіч, Уладзімер Калесьнік, Фёдар Янкоўскі. Брыль зачароўваў сваёй інтэлігентнасьцю, далікатнасьцю, дасьведчанасьцю, дзе б ён ні быў — ён заўсёды быў душой кампаніі, як кажуць, выкшталцоны чалавек. Па майстэртву слова, па любові да беларускага слова, па ўменьні гэтае слова аграніць так, каб яно зіхацела ўсімі сваімі гранямі мала хто можа параўнацца зь Янкам Брылём”.

Васіль Саковіч узгадаў, як Янка Брыль працаваў у часопісе “Вожык”, а ў гады вайны пісаў у газэту-плякат “Раздавім фашысцкую гадзіну”. Саковіч прачытаў сваё прысьвячэньне Янку Брылю да 85-годзьдзя пісьменьніка:

“Нібы маг, з брыля ізноў дастае ён лоўка
Не зайцоў, не галубоў — творчыя абноўкі.
Птушкі з гнёздаў чарадой кружацца над хатай,
У Брыля любой парой шмат задум крылатых.
Ён, відаць, і без брыля найвысокі самы.
Жыць бяз творчасьці Брыля — як душы бяз храму”.

Нікога зь сям'і Янкі Брыля не было. Дачцэ пісьменьніка Галіне Брыль паведамілі пра адкрыцьцё дошкі толькі ўчора, і яна адмовілася; другая дачка, Натальля Семашкевіч, зараз на бацькавым лецішчы ў пасёлку Крынічным Карэліцкага раёну; сын пісьменьніка, кандыдат фізыка-матэматычных навук Андрэй Брыль зараз у Японіі і прыедзе толькі 30 траўня. На адкрыцьцё мэмарыяльнай дошкі не запрасілі ніводнага сябра Саюза беларускіх пісьменьнікаў, у якім да канца сваіх дзён заставаўся Янка Брыль.

Гісторык, літаратуразнаўца Анатоль Сідарэвіч сябраваў зь Янкам Брылём 41 год:

“Калі чалавек пісаў: “У сьцягах нашых многа сьвятла...” — гэта цытата зь Янкі Брыля. А чалавек, які адкрывае дошку, — супраць гэтых сьцягоў, супраць гэтага сьвятла. Што там рабіць тым, хто падзяляў погляды, густы Івана Антонавіча? Гэта, прабачайце, спэктакль”.

І яшчэ адна цікавая акалічнасьць: ад Менгарвыканкаму і праўладнага Саюзу пісьменьнікаў пад мэмарыяльнай дошкай паставілі кошык зь белымі і чырвонымі гвазьдзікамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG