Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Караткевіч - кумір 80-х


Сяргей Дубавец, Вільня Лета з Караткевічам. Упершыню гэтая перадача прагучала 20 лютага 2005 году.

Напачатку 80-х у Беларусі багомілі Караткевіча. Ягонае імя аб’ядноўвала і старых патрыётаў, і нэафітаў беларушчыны, і людзей незаангажаваных людзей гэтаксама, як сёньня аб’ядноўвае імя Быкава. Быкава тады шанавалі як аўтара-адзіночку, які пісаў па-эўрапейску, шырэй за межы нашага плоскага правінцыйна-савецкага быту. Гэта сёньня Быкаў стаў сьцягам і паролем усіх беларусаў, а тады, напачатку 80-х такім быў Караткевіч. Моладзь яго ня толькі чытала, але й сьпявала ягоныя вершы, называла ягоным імем свае клюбы, бясконца цытавала яго ў сваіх размовах і, натуральна, імкнулася да яго дастацца – ці то ў перапоўненую на ягоныя 50-я ўгодкі залю Дому літаратараў, ці нават проста дадому. Ведаю шмат выпадкаў, калі да Караткевіча спрабавалі схадзіць. Менавіта спрабавалі, бо ўсе тыя выпадкі сканчаліся як правіла неўразуменьнем. Быццам мы хацелі дастацца да куміра, а ён усімі сіламі ўцякаў ад нас, ці нават ад самога часу, у якім нас рабілася шмат, ад той новай эпохі, якую ў немалой ступені ён сам сваімі творамі і наклікаў.

Тады, напачатку 80-х, калі мы не маглі адэкватна па-чалавечы ацэньваць свайго куміра, мы не маглі і адэкватна ўспрымаць тлумныя чуткі пра яго, асабліва пра ягонае п’янства, бо чаго толькі ні кажуць пра куміраў, а калі ты крыху асьлеплены ягонымі творамі, дык на такія нізка-бытавыя дэталі папросту не зьвяртаеш увагі. І трэба каб пасьля сьмерці героя мінула добрых дваццаць гадоў, каб ты і зразумеў і адчуў, што гэта зусім ня быт быў, а вялікая трагедыя ўцёкаў таленту ад сябе самога, якую Мілан Кундэра трапна назваў невыноснай лёгкасьцю быцьця. П’янства Караткевіча – таго самага парадку, што і п’янства Моцарта – зусім ня шкодная звычка ці загана, а толькі форма, абраная для сыходу ў нікуды.

Каб зразумець, адкуль бярэцца такое імкненьне, трэба ўявіць сабе, што разумовая праца паэта або кампазытара ніяк не лягчэйшая за фізычную працу хлебароба ці там забойшчыка. Толькі ў двух другіх ёсьць ліміт іхных фізычных сілаў і калі ён сканчаецца, яны падаюць ад зьнямогі. Таму фізычная праца і нармуецца. У двух першых таксама ёсьць ліміт сілаў, але іхная праца не нармуецца. І калі яны падаюць ад зьнямогі, гэтага ніхто не заўважае. І нават калі яны паміраюць, людзі вакол пачынаюць шукаць тлумачэньне іхнага сыходу ў п’янстве, у хваробах ды ў няправільным ладзе жыцьця. Усе толькі дзівяцца іхнаму таленту. Як бы раптам даведаліся, што набожчык-хлебароб замест аднаго поля ўзараў сто. Хто б тады наракаў на героя.

Тым ня менш, сёньня мы перагорнем і гэтую старонку біяграфіі вялікага пісьменьніка.

Бартосік: “Усе прыстойныя людзі ў маім узросьце даўно сьпіліся, а я ледзь курыць ня кінуў”. Гэтую сэнтэнцыю расейскага пісьменьніка Сяргея Даўлатава можна чытаць як дэвіз творчай інтэлігенцыі 70-х гадоў. Сьпіваліся, сапраўды, многія. І найпрыстойнейшыя. Не абмінула гэтая горкая чаша і Ўладзімера Караткевіча. Ягоныя сябры-пісьменьнікі ў размовах са мной стараліся ня тое што хаваць гэтую тэму, а неяк асьцярожна яе абыходзіць, хіба на хвілю закранаючы яе ў трохі анэкдатычным антуражы. Быццам гэтая тэма можа кінуць непажаданы цень на сьветлы вобраз клясыка. Упэўнены, што не. Ня кіне. Бо бяз гэтай тэмы вобраз Караткевіча няпоўны і непраўдзівы. І нізкага тут я ня бачу нічога. Адно трагічнае.

Валянцін Кравец, школьны таварыш пісьменьніка і найстарэйшы сябра, на гэтую тэму гаворыць адкрыта, не пазьбягаючы ніякіх падрабязнасьцяў. Гаворыць зь яшчэ жывым болем. Бо сябра ён страціў не ў 1984-м. А значна раней. І разрыў паміж старымі сябрамі ўтварыла якраз п’янства Ўладзімера Караткевіча.

У аўтабіяграфічным нарысе “Дарога, якую прайшоў” Уладзімер Караткевіч паведамляе наступнае:

"Напісаў я за дзевяць год -- горы. Нават трагедыю белым вершам, жахліва тр-рагічную. Але друкавацца і ня думаў. У канцы першага году маёй настаўніцкай работы адбылося, аднак, нечаканае. Менскі сябра папрасіў мяне даслаць яму вершы, пачытаць. Я даслаў, як бывала і раней. А ён панёс іх у часопіс "Полымя". І раптам улетку 1955 году я атрымаў нумар часопіса са сваім вершам "Машэка". Гэта пераламіла мой лёс”.

А зараз слова “менскаму сябру”, які пераламіў лёс нікому невядомага на той час настаўніка з-пад Кіева.

Кравец: “Гэта аднёс я. Я аднёс у “ЛІМ”, наколькі памятаю. Сшытак гэты. І першы верш, на які зьвярнулі ўвагу, “Заяц варыць піва”. І выскачыла з галавы, хто зь пісьменьнікаў… Вялюгін! Вялюгін сыграў нейкую ролю. І калі Воўка трапіў у Менск, яго падабрала кампанія. Быў такі Бялевіч Антон. Ён чалавек без адукацыі, але божы дар у яго быў паэтычны. Простыя рэчы пісаў. І каля яго групавалася невялікая кучка. Туды часам патрапляў Макаёнак, Брыль туды не заходзіў. Гэта была каста вышэй і непітушчая. А там зьбіраліся пітушчыя. А Воўка, пакуль ён не патрапіў у Маскву, на літаратурныя курсы, ён мог выпіць, але ня піў. Усё пачалося з вышэйшых літаратурных курсаў. Я туды прыяжджаў у Зялёны дом у Маскву. Гэта была багема. Калі сёньня я атрымаў ганарар, дык павінен зь сябрамі яго прапіць. Заўтра ты атрымаў ганарар… І так гэта вялося і вялося ў Менску. П’янкі працякалі ў Бялевіча. Быў традыцыйны індык, якога жонка гатавала. Зьбіраліся, чыталі адзін адному, што яны напісалі. Часьцей за ўсё яны адзін аднаго хвалілі. Прычым, не заўжды патрапляючы. Потым прыходзіў п’яны ў дым Астрэйка і чытаў такія рэчы, якія нават сказаць нельга. Мат-перамат, чорт ведае што там было. Гэта была багема. Пасьля ён ад гэтай кампаніі адыйшоў. А пазьней зьявіўся Грышка Барадулін”.

Бартосік: “Тэма, якая патрабуе асобнага дасьледаваньня -- паэт і ягоныя жанчыны”.

Кравец: “Руан Ахматава. Гэта пісьменьніца ці то з Дагестану. Аднекуль з таго боку. Ён доўга зь ёй падтрымліваў сувязь, але так і не ажаніўся зь ёю. А калі ён патрапіў на вышэйшыя літаратурныя курсы, ён вельмі сур’ёзна закахаўся ў Молеву. Гэта “Нельга забыць”. Ён апрануты быў не па модзе і на адзеньне менш за ўсё глядзеў. Штаны вечна былі непрасаваныя. Прасавала яму штаны мама, а часам яны проста пад матрацам ляжалі. Трэба сказаць, што ён ніколі ня быў франтам. А тут прыехаў з Масквы, калі ён закахаўся ў Молеву. Зьявіўся ў клятчастым модным паліто, у бэрэце. Карацей, Воўку было не пазнаць. Але Молева была замужам і там, я дакладна ведаю, узаемнасьці не было ніякай. Я адзін раз яе бачыў у тэлевізары сёлета. Ужо вельмі пажылая жанчына. Справа ў тым, што яны кантактавалі, як выкладчык і вучань. Яна выкладала мастацтва ў яго на вышэйшых сцэнарных курсах. Ён пачаў захапляцца Нерлю, гэтымі цэрквамі. Яго і раней цягнула да гэтага. А тут асабліва прарэзаўся такі смак да гэтага. Уплыў Молевай быў вялікі. Молева была была старэйшая за яго. І, ўласна кажучы, што Воўка для яе – нейкі беларускі пісьменьнік, невядомы ды яшчэ з усімі такімі недахопамі. Таму, я думаю, тут не магло нічога, што называецца, быць”.

Бартосік: “Давайце зірнем на жыцьцяпіс Караткевіча, складзены дасьледчыкам Анатолем Вераб’ём. Зірнем на апошнія гады жыцьця. Прычым, зьвернем увагу не на выдадзеныя кнігі. Карціна атрымліваецца наступная.

1975 год. Лячыўся ў санаторыі імя 40-годзьдзя Кастрычніка ў Еўпаторыі. 1977-мы -- лячыўся ў Рэспубліканскай бальніцы 4-га Галоўнага ўпраўленьня Міністэрства аховы здароўя БССР. 1978-мы, студзень -- ляжаў у нэўралягічным аддзяленьні Рэспубліканскай бальніцы 4-га Галоўнага ўпраўленьня Міністэрства аховы здароўя БССР. Дыягназ: параксізм, страта сьвядомасьці, г.зн. часовае парушэньне мазгавога кравазвароту. 1978-мы, красавік-травень -- ляжаў у 9-й бальніцы г. Менску ў гепаталягічным аддзяленьні. Дыягназ: хранічны халецыстыт, бескаменны хранічны гепатыт. Травень таго ж году – “Паехаў у Планерскае, спрабаваў па старой звычцы ўзысьці на Карадаг, але ўпаў, аступіўшыся… зьбіў галаву". “Знаходзіўся на стацыянарным лячэньні ў 6-й бальніцы г. Сімферопаля ў траўматалягічным аддзяленьні. Дыягназ: закрытая чэрапна-мазгавая траўма і субарахнаідальнае кравазьліцьцё.” Жнівень таго ж году. Знаходзіўся на стацыянарным лячэньні ў хірургічным аддзяленьні Рэспубліканскай бальніцы 4-га галоўнага ўпраўленьня Міністэрства аховы здароўя БССР. Дыягназ: абвастрэньне хранічнага халецыстыту і гепатыту. 1979-ты -- лячыўся ў санаторыі "Беларусь" у Друскеніках. Студзень 1980-га -- ляжаў у нэўралягічным аддзяленьні Рэспубліканскай бальніцы 4-га Галоўнага ўпраўленьня Міністэрства аховы здароўя БССР. Дыягназ: атэрасклероз мазгавых артэрый з цэрабральнымі параксізмамі. Сакавік -- знаходзіўся ў бальнічна-клінічным аддзяленьні санаторыя "Аксакаўшчына". Ліпень -- лячыўся ў санаторыі "Беларусь" у Друскеніках”.

Кравец: “Ён піў рэгулярна. Масква яго ўгробіла. Гэтая Масква, гэтае жыцьцё. Я прыходзіў да яго на Веры Харужай, адчыняюцца дзьверы. Мама. “Валік прыйшоў!” Ён зрываецца зь месца. Апраўданьне ёсьць. Бяжыць, побач крама, прыносіць дзьве бутэлькі гарэлкі. Сядаем. Адну бутэльку ён адразу -- за кнігі. Выпівае 150-200 грам. “Прабач”. І пайшоў лёг спаць. Усё. Валік, як дурань, сядзіць. Раз. Два. Тры. Пяць. Дзесяць. І я перастаў хадзіць.

Я працаваў у Палітэхнічным Інстытуце. Нас цягнула адзін да аднаго. І вось у мяне нейкія заняткі. Воўка звоніць. “Валька, я ўжо заняў столік у “Беларусі”. Я сяджу адзін. Тут ужо ўсё прынесьлі.” Я кажу: “Я заняты”. “Замяніся. Замяніся і ўсё”. Прыходзілася замяняцца і вось так увесь час. Я бы рана ці позна стаў такім самым алкаголікам. Як Воўка.

Бліжэй за ўсіх да яго быў Грышка. Мальдзіс таксама абітаў і піў таксама, дарэчы, як і Воўка. Роўненька. Але ён быў разумнейшы, Мальдзіс. Піў, але ведаў меру. Барадулін калі б ня даў па тармазах, яму быў бы дакладна такі ж самы канец. Грышка рэзка рубануў. Сярод непітушчых, якія прыходзілі туды, я ведаў толькі аднога. Брыль. Усе астатнія пілі.”

Бартосік: “А зараз давайце працягнем той сумны шэраг датаў.

1983-ці, сакавік -- Знаходзіўся ў Доме адпачынку "Сосны" на Нарачы. Чэрвень -- Паехаў у Воршу. Жыў у сям''і пляменьніцы, у хаце бацькоў. 1984-ты, 25-га лютага шпіталізаваны ў рэанімацыю Рэспубліканскай бальніцы 4-га Галоўнага ўпраўленьня Міністэрства аховы здароўя БССР. Дыягназ: цыроз печані, пячоначная кома. 29 сакавіка -- пераведзены з рэанімацыі ў агульную палату. 3 красавіка -- выпісаўся з бальніцы. Знаходзіўся на стацыянарным лячэньні ў Рэспубліканскай бальніцы 4-га Галоўнага ўпраўленьня Міністэрства аховы здароўя БССР. 12 ліпеня. Разам з фотакарэспандэнтам В.Ждановічам і мастаком П.Драчовым накіраваўся ў падарожжа на плыце па Прыпяці. Там яму стала дрэнна, 20 ліпеня вярнуўся ў Менск. Прапаноўвалася бальніца, ад чаго катэгарычна адмовіўся. 23 ліпеня раніцай разьвілася страўнікавае крывацячэньне. Па неадкладнай мэдычнай дапамозе ў цяжкім стане шпіталізаваны ў хірургічнае аддзяленьне Рэспубліканскай бальніцы 4-га Галоўнага ўпраўленьня Міністэрства аховы здароўя БССР. 25 ліпеня -- беларуская, уся шматнацыянальная савецкая літаратура панесла вялікую страту. На 54-м годзе жыцьця пасьля цяжкай і працяглай хваробы памёр выдатны беларускі паэт, празаік, драматург і публіцыст, член праўленьня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Уладзімер Сямёнавіч Караткевіч”.

Кравец: “Я зьяжджаю ў Маскву, стаю каля касаў на Карла Маркса. І ён зьверху ідзе ад свайго дому. Ад тэатру. Раніца. Я стаю каля гэтых касаў, мне патрэбны квіток на самалёт. Бачу, выходзіць Воўка з-за павароту. Бярэ папку паміж ног. Закурвае. А курыў ён толькі “Беламор”. Закурвае, ідзе насустрач мне. “Валік, пойдзем зараз у “Патсдам”. А час дзевяць раніцы. “Які “Патсдам”! Я лячу зараз у Маскву”. “Ды кінь ты гэта ўсё!”… Шкада яго. Колькі яго ні спрабавалі… Алькаголіка спыніць немагчыма.”

Бартосік: “Што Ўладзімера Караткевіча штурхала да заўчаснай сьмерці? Ці толькі ўсемагутная хвароба? Бо піў ён, заўважым, не дзеля таго, каб “працягваць сьвята”, актыўнічаць, ператвараць п’янку ў вар’яцкі пэрформанс. Ён піў, каб адразу адключыцца. Прымаў максымальную дозу. Не кілішак, а поўную двухсотграмовую шклянку. Ці не пра гэта пісаў горача любімы ім Высоцкі?

“И нас хотя расстрелы не косили, Но жили мы поднять не смея глаз, Мы тоже дети страшных лет России, безвременье вливало водку в нас”.

Кравец: “Я калі на яго паглядзеў здалёку, калі ён выступаў на сваім 50-годзьдзі… Аплыўшы твар п’яны, вырачаныя вочы, я Воўку не пазнаў. За год да яго сьмерці памерла яго Валя. Памерла ад раку. І трэба ж, я сядзеў у некага ў гасьцях. Думаю: “Ай, даўно не званіў Воўку”. Набіраю тэлефон. Чужы голас. “Мне Валодзю”. “Ён ня можа. У яго Валя памерла”. Вось прыляцелі мы туды. Там жонка Быкава, некалькі чалавек. Воўка п’яны, у сьлязах. Абняў мяне. “Гора!” “Ну што ж, -- кажу. Ты ж ведаў, што яна памрэ. Гэта ж рак. І вось так патроху ўсё гэта скацілася. Талент, які загублены гарэлкаю. Мог бы яшчэ пісаць. І зараз бы пісаў. Я памятаю ягоныя ідэі. Ён малады быў. Кажа: “Мая мара. Я хачу напісаць сем раманаў па гісторыі Беларусі”. І фактычна ён напісаў ня сем, а адзін. “Каласы пад сярпом тваім”. А ён бы напісаў, калі б яго не спыніла гэтая праклятая гарэлка. А спыніць яго ніхто ня мог. Ні мама, ні я, ні блізкія сябры”.

Бартосік: “За год да сваёй сьмерці Караткевіч кінуўся на радзіму, у бацькоўскую хату. У надзеі, што родныя сьцены дапамогуць акрыяць? Але не атрымалася”.

Кравец: “Воршу ён вельмі любіў. Тую Воршу, калі ён там жыў. Калі былі прыватныя дамкі на беразе Дняпра. Калі гэта была дарэвалюцыйная школа, калі быў калярытны дарэвалюцыйны піўзавод, гэтыя старадаўнія будынкі, Дняпро... Гэта ня тая Ворша, якая цяпер”.

Дубавец: А вось я ня веру, што Караткевіч хацеў акрыяць. Як ня веру, што хацеў акрыяць, прынамсі ад п’янства Моцарт альбо Янка Купала. Бо ніколі не скажу, што мне нечага бракуе ў іхнай творчасьці. Якога-небудзь дзявятага тому да васьмітомніка. Я ня веру, што Караткевіч напісаў ня ўсё, што мог. Верагодна, мог і болей, але ня так, каб мы яго чыталі на адным дыханьні і каб для некалькіх пакаленьняў сваіх суайчыньнікаў стаць неаспрэчным выхавальнікам пачуцьцяў. Бо калі пад лінарку расьпісваеш свае жыцьцёвыя высілкі, тады пачынаеш урэшце жыць толькі для сябе самога. Для іншых жывуць безаглядныя. Гэта не правіла для ўсіх, але для тых, хто літаральна згарае дзеля іншых, цалкам забываючыся на сябе, гэта правіла. На маю думку, даробак Караткевіча – вялізны, пасіянарнасьці ў ім хапіла б на сотню шараговых літаратараў. Праўда, тады б не было такой яркай зоркі. А зоркі маюць асаблівасьць згараць, падаць зьнічкамі і тады ўсе навокал загадваюць самыя патаемныя жаданьні.

Сьмерць Караткевіча запомнілася як такі вось выбух сьвятла, ад якога на вочы навярнуліся сьлёзы, а кожны, для каго Караткевіч быў кумірам, адчуў ня столькі горыч страты, бо гэта было б якраз неадпаведна пабытова, а спрычыненасьць да бясконцага космасу і невыносную лёгкасьць быцьця.

Сябры Ўладзімера Караткевіча бачылі, што зь ім адбываецца, нехта наракаў, нехта спрабаваў штосьці ў гэтым усім пераламіць, але самыя празарлівыя разумелі, што гэта зусім ня той выпадак, калі трэба клікаць нарколяга, бо дапамагчы ў гэтай сытуацыі азначала хіба што стаць побач з Сызыфам, каб разам зь ім каціць ягоны валун. А паколькі гэта нерэальна, заставалася аддаць даніну павагі чалавеку, які сваім талентам скалануў раску таталітарнага балота і абудзіў заснулыя пачуцьці некалькіх пакаленьняў суайчыньнікаў. У 1980 годзе, да 50-х угодкаў Караткевіча ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” выходзіць ягоны двухтомнік. Прадмову да выданьня піша Васіль Быкаў. Перачытваючы сёньня ягоныя словы пра зусім яшчэ маладога, як для раманіста, чалавека, дзіўлюся, што піша Быкаў нібы пра творцу, які ўжо адбыўся, які ўжо ўвайшоў у скарбніцу беларускай літаратуры і незваротна запячатаны ў ёй сургучом. З аднаго боку, разумею, што Быкаў пры ўсёй тагачаснай цэнзуршчыне мусіў напісаць пра Караткевіча праўду. Зь іншага, не дае спакою, што гэта словы старэйшага пра малодшага, якому яшчэ толькі споўніцца 50. Вось гэтыя словы:

“Нямала стварыў Уладзімер Караткевіч за чвэрць стагодзьдзя літаратурнай працы, і зараз ён знаходзіцца ў поўным росквіце творчых магчымасьцяў. – Быкаў тут нічога не авансуе, ён разумее, што гаворка ідзе пра поўны заняпад. Тут хіба спрацоўвае іншае правіла – пра нябожчыка, дарма што Караткевічу жыць яшчэ чатыры гады – толькі добрае. Што пацьвярджаюць і наступныя словы. Зусім ужо ў некраложным стылі. Цытую. -- Лепшыя зь яго твораў безумоўна надоўга застануцца ў скарбніцы роднай літаратуры, бо на ягоныя тэмы можна, напэўна, напісаць горш, а магчыма і лепш, але напісаць так, як гэта зрабіў ён, ня зможа ніхто. Мастакі з такім выразна адметным талентам, з такім своеасаблівым бачаньнем сьвету нараджаюцца ня часта”.
XS
SM
MD
LG