Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША і Чэхія дамовіліся аб проціракетным шчыце


Міністар замежных справаў Чэхіі Карэл Шварцэнбэрг і дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс пасьля падпісаньня дамовы

Міністар замежных справаў Чэхіі Карэл Шварцэнбэрг і дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс пасьля падпісаньня дамовы

Сёньня дзяржаўны сакратар ЗША Кандаліза Райс падпісала ў Празе дамову аб разьмяшчэньня элемэнтаў амэрыканскай сыстэмы супрацьракетнай абароны ў Чэскай Рэспубліцы. Цяпер лёс усяго праекту, як здаецца, залежыць ад Варшавы, якая працягвае весьці перамовы з Вашынгтонам пра цану свайго ўдзелу ў гэтай абароннай сыстэме.

У лютым 2007 году ўрады Чэскай Рэспублікі і Польшчы паведамілі, што яны пагадзіліся з разьмяшчэньнем на сваёй тэрыторыі элемэнтаў амэрыканскай супрацьракетнай абароны (супрацьракетнага шчыта).

Афіцыйна Вашынгтон апраўдвае пабудову сыстэмы пагрозай ракетнай атакі супраць сваёй тэрыторыі або Эўропы з боку такіх недружалюбных дзяржаваў, як Іран. Падобная сыстэма абароны – супроць магчымай ракетнай атакі з Паўночнай Карэі – ужо пабудаваная амэрыканцамі ў Каліфорніі і на Алясцы.

Перамовы, якія Вашынгтон вёў з Варшавай і Прагай, былі ахутаныя аўрай сакрэтнасьці, аднак некаторая інфармацыя была пададзеная да агульнага ведама, паколькі праект выклікаў заўважны грамадзкі рэзананс і супраціў як у Польшчы, так і ў Чэхіі.

Праект прадугледжвае, што ў Чэхіі будзе пабудаваная радыялякацыйная станцыя (радар), а ў Польшчы разьмесьцяцца 10 амэрыканскіх ракет-перахопнікаў. Радар будзе пастаўлены на вайсковым палігоне Брды, за 90 кілямэтраў на паўднёвы захад ад Прагі. Амэрыканскія ракеты будуць зьмешчаныя на тэрыторыі былога вайсковага лётнішча ў Радзікове, што знаходзіцца за 20 кілямэтраў ад Балтыйска мора, больш-менш пасярэдзіне польскага ўзьбярэжжа.

У той час як Чэхія ўзгадніла з ЗША ўсе дэталі абсталяваньня радара, уключна зь фінансавым бокам справы, Варшава працягвае перамовы з Вашынгтонам – як паведамляюць польскія і міжнародныя СМІ, пра цану абсталяваньня амэрыканскіх ракетаў-перахопнікаў на сваёй тэрыторыі.

Паводле прэсавых паведамленьняў, Польшча хоча мець у пагадненьні аб супрацьракетным шчыце запіс аб адмысловых амэрыканскіх гарантыях бясьпекі ды значныя амэрыканскія інвэстыцыі ў мадэрнізацыю сваіх Узброеных сілаў.

У прыватнасьці, паведамляецца, што Польшча запатрабавала, каб амэрыканцы ўстанавілі ў Польшчы на неабмежаваны пэрыяд 15 батарэяў ракетаў “зямля-паветра” тыпу “Patriot”. Масква неаднаразова заяўляла апошнім часам, што ў выпадку ажыцьцяўленьня амэрыканцамі праекту антыракетнага шчыта расейскія ракеты могуць быць нацэленыя на вайсковыя аб’екты ў Польшчы і Чэхіі.

Паводле СМІ, амэрыканцы пагаджаюцца толькі на часовае або пэрыядычнае разьмяшчэньне ракетаў “Patriot” у Польшчы, і то ў значна меншай колькасьці, чым хочуць палякі. Ацэньваецца, што кошт польскіх фінансавых патрабаваньняў у праекце антыракетнага шчыта перасягае 10 мільярдаў даляраў, на што Вашынгтон ня хоча пагадзіцца. Вашынтгон ужо намякнуў, што, калі Польшча ня прыме амэрыканскіх умоваў, ракеты-перахопнікі могуць быць пастаўленыя ў Літве.

А што атрымае Чэхія, акрамя амэрыканскіх зарплатаў для чэскіх работнікаў, якія будуць будаваць радар?

Паводле чэскіх СМІ, Пэнтагон абавязаўся ўкласьці сур’ёзныя грошы (сумы не называюцца) у некаторыя галіны чэскай навукі і тэхналёгіі, улучна з гэтак званымі нанатэхналёгіямі, інфарматыкай, электратэхнікай і кібэрнэтыкай.

Магчыма, Чэхія атрымае яшчэ нешта, што апраўдвала б камэнтар чэскага прэм’ера Мірка Тапалянка да сёньняшняй дамовы з ЗША: прэм’ер параўнаў яе з так званым плянам Маршала – эканамічнай дапамогай, якую Амэрыка аказала Эўропе пасьля II усясьветнай вайны.

Будучыня амэрыканскага антыракетнага шчыта ў Эўропе, аднак, залежыць ня толькі ад дамовы з Чэхіяй і Польшчай, але й ад таго, хто выйграе прэзыдэнцкія выбары ў ЗША ў лістападзе. Калі Джон Маккэйн, дык праект мае шанцы ажыцьцявіцца. Калі Барак Абама, дык лёс праекту няпэўны. У мінулым Абама выказваўся супроць пабудовы амэрыканскага антыракетнага шчыта ў Эўропе.
XS
SM
MD
LG