Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лідэры краінаў Паўночна-Атлянтычнага альянсу на сваім саміце ў Бухарэсьце падтрымалі пляны амэрыканскай адміністрацыі, якая зьбіраецца разьмясьціць у Эўропе элемэнты сыстэмы супрацьракетнай абароны. Пра гэта гаворыцца ў супольнай заяве ўдзельнікаў саміту. Якія наступствы гэта можа мець для Беларусі?


Старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня Мечыслаў Грыб упэўнены: амэрыканскія захады не закранаюць дзяржаўнай бясьпекі Беларусі. Яны накіраваныя не на напад, а на абарону, падкрэсьлівае генэрал Грыб:

“Беларусь, калі так ужо казаць, можна дастаць і зь іншых канцоў сьвету, больш далёкіх. І для гэтага непатрэбна ставіць ракеты на мяжы зь Беларусьсю.

Мне здаецца, тут няма пэўных пытаньняў. Але з пункту гледжаньня цяперашняга палітычнага становішча ў Беларусі можна меркаваць, што будзе лямант, пагрозы ў бок Захаду”.

Старшыня камісіі Савету Рэспублікі ў міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Мікалай Чаргінец лічыць, што Беларусі нельга страчваць пільнасьць. Ён спасылаецца на тое, што пасьля аб’яднаньня дзьвюх частак Нямеччыны Захад запэўніваў: больш на Ўсход прасоўваньня НАТО ня будзе. Але насамрэч сталася інакш, падкрэсьлівае генэрал Чаргінец:

“Асабіста я ўпэўнены — дастаткова разьмясьціць элемэнты супрацьракетнай абароны ў Эўропе, як узьнікне агромністае жаданьне разгарнуць там і зброю наступальнага характару. Нам ня трэба саромецца пра гэта казаць, выказваць сваю заклапочанасьць, патрабаваць яснасьці”.

Палітоляг Вячаслаў Пазьняк лічыць: да рашэньня, якое прынялі ў Бухарэсьце, трэба ставіцца спакойна:

“Я думаю, непасрэдных пагроз Беларусі гэтае рашэньне не нясе. Перадусім таму, што сыстэмы, якія будуць разгорнутыя, не наступальныя, а абаронныя.

Калі ж беларускія ўлады так моцна занепакоеныя нейкімі пагрозамі з боку НАТО, дык, фігуральна кажучы, найбольшая пагроза ў гэтым сэнсе для Беларусі — вельмі нэгатыўны стан дачыненьняў краіны з Паўночна-Атлянтычным альянсам. Гэта, бадай, самае вялікае пытаньне, якое выходзіць на першы плян, калі абмяркоўваць нюансы трэцяга пазыцыйнага раёну супрацьпаветранай абароны ў Эўропе побач зь Беларусьсю”.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG