Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія дарогі: шлях у няволю


Удзельнічае гісторык Алег Трусаў. Эфір 12 чэрвеня 2008 году.


«Расея зацікаўлена ў захопе «Панамскага калідору» праз тэрыторыю Беларусі. Нам патрэбна шаша, нафтаправод. Астатняе – трава не расьці. Гэта аб’ектыўны, наш інтарэс, расейскі імпэрскі інтарэс”.

Сяргей Дарэнка, “Свободные новости плюс”, красавік 2008 году.”



Вячаслаў Ракіцкі:
“Вось такую заяву на старонках беларускай газэты зрабіў вядомы расейскі журналіст Сяргей Дарэнка, прысутнасьць якога ў палітычных гульнях таксама была заўважаная. Дык што, геаграфічнае становішча Беларусі – цэнтар Эўропы – ня толькі можа быць дабром, але і злом для нацыі?”

Алег Трусаў: “ Так, бо ўсе імпэрскія дарогі вядуць у няволю запалоненыя народы, пачынаючы ад Рыму і канчаючы Расейскай імпэрыяй. Дарогі будаваліся для хуткага перасоўваньня войска, каб падавіць паўстаньні прыгнечаных народаў і вывезьці нарабаваныя каштоўнасьці. Узгадайма, як па новых расейскіх дарогах вывезьлі ў 1812 годзе вывезьлі каштоўнасьці зь Нясьвіскага замку”.

Ракіцкі: “Беларусь мае добра разгалінаваныя дарогі – з усходу на захад і з поўдня на поўнач. Відавочна, што той, хто іх пракладваў, меў на мэце, каб дарогі вялі да дабрабыту, да эканамічнай і палітычнай свабоды. Зрэшты, гэта і ёсьць прызначэньнем дарог. Дык як яны тады становяцца шляхам у няволю?”

Трусаў: “Гледзячы, хто іх пракладваў. Калі тут былі гаспадарамі жыхары Вялікага Княства Літоўскага, дык была адна справа. Калі ж беларускую тэрыторыю акупавалі расейцы, дарогі сталі служыць іншым мэтам. Расейская імпэрыя выйшла на адно зь першых месцаў у Эўропе і сьвеце толькі пасьля падзелу Рэчы Паспалітай і захопу Беларусі. І першае, што зрабілі захопнікі, яны пачалі будаваць ваенныя дарогі з Усходу на Захад”.

Ракіцкі: “Калі ж пачалі будавацца тыя дарогі на беларускай зямлі, якія вялі ў няволю?”


Трусаў: “Ужо пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай Кацярына ІІ загадала будаваць дарогі, на тэрыторыі Ўсходняй Беларусі. Гэта былі шырокія, абсаджаныя дрэвамі дарогі, якія народам былі празваныя кацярынінскімі. Пасьля захопу ўсмёй Беларусі былі збудаваныя дарогі Масква -- Варшава, Санкт-Пецярбург -- Кіеў, Смаленск -- Віцебск-Рыга, а таксама шляхі праз Брэст-Літоўск. Славуты інжынэр і гісторык, які доўгі час жыў на Беларусі, генерал Міхаіл Без-Карніловіч апісаў працэс будаўніцтва такіх дарог: “Землямеры вехамі пазначалі накірунак і шырыню паштовых дарог, мерамі вызначалі іх даўжыню, пазначалі месцы, дзе будуць паштовыя дамы і на кожных 700-х сажнях паставілі верставыя слупы”. У 1805 годзе быў зацьверджаны новы тып верставога слупа – драўляны, вышынёй 4,5 аршына (3,2 мэтра.), квадратны ў сячэньні, пафарбаваны чорна-чырвонымі нахіленымі палоскамі і шыльдачкай, дзе была пазначана адлегласьць ад адной пошты да другой. Пушкін у сваім творы “Зимняя дорога” пісаў так: “Только вёрсты полосатые попадаются одне”. Слупы былі вобразам вывазу зьняволеных народаў у Сыбір. Па гэтых дарогах вывозілі туды і беларускіх паўстанцаў”.

Ракіцкі: “Але вось жа расейцы ня ўлічылі, што неўзабаве выбухне вайна Напалеона супраць Расеі. І па гэтых дарогах на іх пойдуць французы. Вядома, што францускі імпэратар праклямаваў, што ягоны паход на Ўсход ёсьць вызвольнай апэрацыяй зьняволеных Расеяй народаў, улучна зь беларусамі, ці, як тады казалі, ліцьвінамі. Дык дарогі мелі шанец, так бы мовіць, памяняць сваю задачу -- ад запаланеньня да вызваленьня?”

Трусаў: “Мелі. Тым больш, што дзякуючы цудоўным расейскім дарогам Напалеон нават Маскву захапіў. Ён вельмі хутка па гэтых дарогах пракаціўся да Масквы. Іншая справа, што абяцанкі Напалеона аказаліся пустымі. Ніякай волі не атрымала ні шляхта, ні сяляне. А калі французы адступалі, былі жорсткія маразы, і яны ня толькі разьбіралі дарогі і масты, але падпальвалі лес каля дарогі, каб абагрэцца. Вось як, паводле відавочцаў, выглядала тады дарога з Оршы на Барысаў: “Шэрагі бяроз, пасаджаныя ўздоўж дарог, былі цалкам спаленыя: кожнае дрэва ня толькі каля дарогі, але і ў самой глыбіні лесу было падпалена. Здавалася, што французы расклалі вогнішча ля падножжа кожнага дрэва, бо кожнае было напалову спалена, або з глыбокімі ранамі”.

Ракіцкі: “Скончылася вайна, і расейцы зноў сталі дарогі аднаўляць. І ня проста сама палатно шашы выпраўлялі, але і абсаджвалі іх дрэвамі, до браўпарадкоўвалі. Я не прыдумляю, і сёньня, калі выяжджаеў на імпэрскія тракты, любуесься роўнымі лініямі шашы. Праўда стан пакрыцьця ўжо часьцей за ўсё дабіты... Дык чаму так дбалі расейцы пра шашу ў тую пару?”

Трусаў: “Таму што пасьля перамогі над Напалеонам Расейская імпэрыя доўгі час была жандарам Эўропы. Аляксандр І у 1819 годзе выдаў наступны ўказ: “Белорусские дороги оставить в настоящем их виде, стараясь только исправить, где нужно будет, починками и посадкою новых деревьев, дабы аллеи везде находились в порядке.». У 1817 – 1819 гадох была вызначана шырыня дарогі ў сухім і цьвёрдым грунце – 5 сажняў (10,6 мэтраў), а ў мяккім, гліністым ці чарназёме – 10 сажняў (21,3 мэтра).

Ракіцкі: “Які інтарэс перасьледавалі расейскія ўлады, калі на тэрыторыі Беларусі пачалі будаваць шашэйныя дарогі? Як адбілася гэта на лёсе беларусаў?”

Трусаў: “Найперш яны мелі эканамічныя мэты. Гэта -- вываз тавараў зь Беларусі і правоз каляніяльных тавараў праз Беларусь. Але тут нічога не асядала. Наадварот, вывозілася апошняе. І дарогі міжволі прыводзілі беларусаў да жабрацтва. Сотні жабракоў па гэтых жа дарогах ішлі жабраваць у расейскія сталіцы. Другая мэта – дарогі павінны былі быць такімі, каб лёгка можна было па іх падаўляць паўстаньні. Яны былі шырокімі -- 6 сажняў (12,6 мэтра), пакрыцьце дарогі –дробна паколаты камень. Пракладваліся доўгімі, прамымі адрэзкамі па 5 – 10 кілямэтраў, бы пад лінейку. І абсаджваліся двума шэрагамі дрэў. У 1840 – 1850-я гады празь Беларусь пракладаюцца дзьве транзытныя дарогі Расейскай імпэрыі: Масква – Варшава (праз Брэст, Івацэвічы, Слуцак, Доўск, Крычаў) і Санкт-Пецярбург – Кіеў (празь Віцебск, Воршу, Магілёў, Доўск, Гомель). Транзытныя дарогі будаваліся для хуткага перасоўваньня войскаў у Заходнюю Эўропу і Крым. Па гэтых дарогах ішлі царскія войскі падаўляць Вугорскае паўстаньне 1848 году і на ганебную для расейцаў Крымскую вайну. І тут нават добрая якасьць дарог пры дрэннай зброі і дрэнным камандаваньні ня ўратавала расейцаў ад поўнай паразы і згубы Чарнаморскага флёту. Таму не выпадкова вандроўнікі сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя вызначалі нашы дарогі як лепшыя ў Эўропе”.

Ракіцкі: “Як я разумею, на тэрыторыі Беларусі ў сярэдзіне 19 стагодзьдзя здарыўся сапраўдны дарожна-будаўнічны бум. І гэта, напэўна, ж дабро. Узьнікалі працоўныя месцы, а значыць, рос дабрабыт людзей...”

Трусаў: “Гэта і так, і ня так. Бо ў якасьці таннай працоўнай сілы выкарыстоўвалі беларускіх сялян, узброеных звычайнай рыдлёўкай і тачкай. Зьявілася новая прафэсія – грабар, чалавек, які ўмее добра і хутка капаць зямлю. Дарэчы, сярод грабароў было шмат жанчынаў. І тысячы беларускіх сялян склалі свае косьці паабапал расейскіх дарог”.

Ракіцкі: “А ўсё ж, ці можна вось так на сто адсоткаў казаць, што ўсё 19-е стагодзьдзе дарогі вялі Беларусь толькі ў няволю? Народ усё ж супраціўляўся, адбываліся паўстаньні...”

Трусаў: “Па гэтых дарогах прайшлі царскія войскі, каб задушыць абодва беларускія паўстаньні 19-га стагодзьдзя. Асабліва адмоўную ролю яны адыгралі ў часы паўстаньня Каліноўскага. Дарогі былі пабудаваны так, што царская артылерыя змагла хутка расстраляць паўстанцаў, пакуль яны сабраліся ў вялікія атрады. Пакуль паўстанцы блукалі па прасёлачных дарогах паміж сваімі маёнткамі, па трактах ішлі царскія войскі іх падаўляць”.

Ракіцкі: “Які лёс беларускіх дарог у 20-м стагодзьдзі? Куды вялі яны Беларусь?”

Трусаў: “Беларускія дарогі сталі сымбалем змаганьня беларусаў за будучую незалежнасьць. Іх апявалі ў сваіх творах і Якуб Кулос, і Янка Купала, і іншыя паэты. У пачатку 20-га стагодзьдзя Купала пісаў так: “Я шлях, якому век няма спакою...” Купала разумеў, што дарогі вядуць беларусаў у няволю і марыў, каб яны прывялі нацыю да свабоды. Аднак па нашых дарогах у 20 стагодзьдзі пракаціліся дзьве ўсясьветныя вайны. У 1915 годзе па іх гвалтам пагналі ў Расею сотні тысяч беларускіх сялян-уцекачоў. Шмат з іх не вытрымалі гэтага шляху і памерлі па дарозе, асабліва старыя і дзеці. Дарэчы, Янка Купала ў часе той вайны быў дарожным будаўніком і служыў у дарожна-будаўнічым атрадзе Варшаўскай вайсковай акругі”.

Ракіцкі: “Чаму так неахайна ставіліся беларусы да дарог у 20 стагодзьдзі? Чаму яны заўсёды былі разьбітыя? Дарэчы, разьбітыя яны і сёньня...”

Трусаў: “Таму што беларусы доўга не былі гаспадарамі гэтых дарог, і яны ўсьведамлялі, што калі дарогі будуць у добрым стане, дык заваёўнікі да іх хутчэй дабяруцца і абрабуюць. Вось і ў пару другой усясьветнай вайны беларускія партызаны нішчылі любыя дарогі, і так пасьпяхова, што потым гадоў пяць іх не маглі адбудаваць”.

Ракіцкі: “Па адной і той жа дарозе рух адбываецца і з усходу на захад, і з захаду на ўсход. Але ці заўсёды аднолькава ён быў інтэнсіўным у абодва бакі? Ці раўнавартасны ён быў у пару БССР? Ці рабіліся і як рабіліся спробы ўсё ж зрабіць рух больш інтэнсіўным у бок Бэрліну, а не Масквы?”

Трусаў: “Першая такая спроба была зробленая да 1980 году, калі празь Беларусь прайшоў адрэзак гэтак званай алімпійскай дарогі. Трэба было паказаць замежнікам, што СССР – краіна эўрапейская. Шаша пракладвалася не ў ваенных мэтах, а ў мэтах прапагандысцкіх”.

Ракіцкі: “Сёньня Беларусь незалежная. Ці незалежныя дарогі, якія па ёй праходзяць? Ці канчаткова яны згубілі функцыю шляху ў няволю?”

Трусаў: “У савецкую пару ўсе адлікі адлегласьцяў вяліся ад Масквы. А вось у пару незалежнасьці 2 ліпеня 1998 году ў цэнтры Менску быў адкрыты спэцыяльны знак “Пачатак дарог Беларусі”. Дарэчы, аформлены па-беларуску. Гэта -- прыгожы гранітны камень, прывезены з Партугаліі, на бронзавых картушах якога пазначаны адлегласьці ад Менску да сталіцаў суседніх дзяржаў, абласных і раённых цэнтраў нашай краіны, а таксама радкі з верша Якуба Коласа, прысьвечанага дарогам. У 2000 годзе Беларусь займала 15 месца ў сьвеце паводле шчыльнасьці дарог на квадратны кілямэтар і 12 месца ў Эўропе паводле працягласьці дарог на тысячу жыхароў. І цяпер Беларусі варта было б далучыцца да праграмы Эўрапейскага Зьвязу, каб палепшыць стан сваіх дарог. Ёсьць грошы, справа за палітычнай воляй кіраўніцтва краіны”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG